Брамнік «Дняпра» Капанцоў правёў урок беларускай мовы і літаратуры для 100 школьнікаў

Прадстаўнікі «Дняпра» сталі настаўнікамі беларускай мовы ў праекце «Чытаем па-беларуску з velcom».

Брамнік «Дняпра» Руслан Капанцоў і прэс-аташэ клуба Андрэй Ільеня разам з пастаяннымі настаўнікамі праекта правялі незвычайны ўрок беларускай мовы і літаратуры ў музеі гісторыі Магілёва. 2 сакавіка ў рамках праекта больш за 100 школьнікаў горада ў гульнявой форме даведаліся пра спорт і культуру на роднай мове. У гэты дзень незвычайныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры таксама прайшлі ў 9 школах Магілёва.

Нагадаем, што «Чытаем па-беларуску з velcom» – гэта сацыяльна-адукацыйная ініцыятыва, мэта якой – развіць цікавасць школьнікаў 2-3 класаў да беларускай мовы і чытанню беларускай літаратуры. Праект існуе з 2015 года, яго рэалізуе кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

«Мы з радасцю адгукнуліся на прапанову прыняць удзел у ініцыятыве «Чытаем па-беларуску з velcom». Наш футбольны клуб не можа застацца ўбаку ад падобных праектаў, мы хочам дапамагчы ў фармаванні беларускай нацыі. Вельмі важна, што падобныя ініцыятывы праходзяць у навучальных установах. Таму што менавіта на гэтым узроўні фарміруецца самасвядомасць чалавека. І чым адукаваней будзе новае пакаленне, тым больш мы зможам казаць пра адраджэнне нацыянальнай ідэнтычнасці», – адзначыў прадстаўнік прэс-службы «Дняпра» Андрэй Ільеня.

Адзначым, у розных гарадах краіны ў якасці настаўнікаў для малодшых школьнікаў у рамках праекта ўжо выступалі такія беларускія спартоўцы, як Аліна Талай, Зміцер Ліхтаровіч, Алег Страхановіч, а таксама прадстаўнікі ФК «Славія», ХК «Металург», БГК ім. А.П. Мяшкова. У сацыяльна-адукацыйнай ініцыятыве таксама прынялі ўдзел гімнастка Меліціна Станюта і футбаліст Віталь Радзівонаў.

Комментарии

  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья