Все новости

Брамнік БАТЭ Чычкан правёў урок праекта «Чытаем па-беларуску з velcom»

19 апреля 2017, 08:51
2

Настаўнікам беларускай мовы і літаратуры стаў сёння брамнік «жоўта-сініх» Антон Чычкан, які ў прэс-цэнтры «Барысаў-Арэны» правёў незвычайны ўрок для малодшых школьнікаў нашага горада. Разам са спартсменам у мерапрыемстве прыняў удзел і вядомы тэлевядучы Юрый Жыгамонт.

Футбаліст БАТЭ пагаварыў з дзецьмі аб тым, як важна ведаць і карыстацца роднай беларускай мовай, а таксама правёў гульню «Перакладчык» на веданне спартыўных тэрмінаў.

Пасля моўнай часткi ўрока пачаўся дадатковы час ад БАТЭ. Антон разам з генеральным сакратаром нашага клуба Андрэем Вашкевічам задавалi вучням пытаннi аб гicторыi «жоўта-сiнiх», а замест адзнак дзеткi атрымлiвалi фiрмовыя шалiкi. Такiя «дзясяткi» прыйшлiся школьнiкам даспадобы.

«Я рады прыняць удзел у гэтым праекце, бо беларуская мова яшчэ ў школе была адным з любiмых прадметаў. Я ганаруся тым, што нарадзiўся ў Беларусi, i лічу, што вывучаць родную мову – гэта задавальненне, а таксама спадзяюся, што наш футбольны занятак натхнiў дзетак на атрыманне толькі дзясятак i па беларускай мове, i па беларускай лiтаратуры», – адзначыў Антон Чычкан.

Па заканчэннi ўрока дзецi накіраваліся на экскурсiю па стадыёне. Хлопчыкi i дзяўчынкi нават выйшлi ў тунэль гульцоў i сталі каля поля як сапраўдная каманда.

«Вывучэнне любой мовы развiвае розум, робiць чалавека лепш. Беларуская мова – абавязковая праграма для кожнага жыхара нашай краiны. Мова – гэта той ланцужок, якi звязвае нас з культурай Беларусi, робiць беларусаў адметным народам, дапамагае даць сабе самавызначэнне. Я ўпэўнены, што гэты ўрок у незвычайным атачэннi лепшага стадыёна краiны – «Барысаў-Арэны» – зацiкавiць дзяцей яшчэ больш звяртаць увагу на вывучэнне роднай мовы», – пракаментаваў Андрэй Вашкевіч.

«Чытаем па-беларуску з velcom» – гэта сацыяльна-адукацыйная ініцыятыва, яе мэта – развіваць цікаўнасць школьнікаў 2-3-х класаў да беларускай мовы і літаратуры. З 2015 года праект рэалізуе кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Да цяперашняга моманту сацыяльны адукацыйны праект «Чытаем па-беларуску з velcom» ахапіў больш за 20 000 малодшых школьнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. На Міншчыне праект праходзіць пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.