Павел Кляннё: «Для мяне персона №1 у беларускай гісторыі – гэта вялікі князь Вітаўт. Бо ён зрабіў нашу краіну найбуйнейшай у той час у Еўропе»

Паўабаронца мінскага «Тарпеда» Павел Кляннё распавёў пра тое, як ставіцца да беларускай мовы.

–  Павел, адкуль так добра ведаеце беларускую мову?

– Мае бацькі карыстаюцца беларускай мовай, не саромеюцца яе. А дзяцінства праходзіла ў бабулі ў вёсцы, дзе таксама ўсе гаварылі па-беларуску. Я з дзяцінства быў прывучаны да нашай мовы.

Са школьнай праграмы добра памятаю «Мой родны кут» Якуба Коласа, «Пагоню» Багдановіча. З літаратуры люблю яшчэ Васіля Быкава, ягоны «Жураўліны крык» уразіў у свой час. Школу я скончыў звычайную рускамоўную, потым яе зрабілі гімназіяй.

– Адкуль родам вашыя бацькі?

–  Мама з Валожынскага раёна з вёскі Зарэчнае, гэта ўжо мяжа з Гродзенскай вобласцю. А бацька з вёскі Еляшоўка Чашніцкага раёна. Бацька працуе кіроўцам на МТЗ, а мама там жа аператарам. Можна сказаць, што я з такой рабочай сям’і. Дзяцінства прайшло ў Дражні, мы там жылі ў інтэрнаце ад завода. А цяпер жыву ў Лошыцы.

– Такое рэдкае прозвішча ад каго вам засталося?

– Цікавае пытанне. Бацька казаў, што, магчыма, яно засталося пасля вайны з Напалеонам. Нехта з французаў асеў на Віцебшчыне, так яно і дайшло да нашага часу. Пасля нашай гульні з БАТЭ мне напісаў хлопец з Жодзіна, які мае такое самае прозвішча.

– А ёсць з кім паразмаўляць па-беларуску?

– Вядома. Ёсць вельмі добры сябра, які, на жаль, цяпер жыве ў Польшчы. Ён мне тэлефануе, я яму тэлефаную. І мы вельмі спакойна і добра размаўляем па-беларуску. Мне вельмі лёгка размаўляць па-беларуску. Калі стаіць пытанне, беларуская мова ці не, я абяру беларускую.

– А ў «Тарпеда» ёсць з кім паразмаўляць па-беларуску?

– Ёсць трэнер брамнікаў Валерый Макарэвіч, які вольна размаўляе па-беларуску, а таксама супрацоўнік прэс-службы Аляксей Янушэўскі. Паступова спрабуем беларусізаваць клуб.

– Гісторыяй Беларусі цікавіцеся?

– Ну так. Скажам так, я ведаю, што за дата 25 Сакавіка, а таксама хто такія слуцкія паўстанцы. І гістарычныя даты ведаю, і рэлігійныя.

– А з гістарычных асобаў хто вам найбольш імпануе?

– Для мяне персона №1 у беларускай гісторыі – гэта вялікі князь Вітаўт. Бо ён зрабіў нашу краіну найбуйнейшай у той час у Еўропе. Канечне, захапляюся паўстаннем Кастуся Каліноўскага.

–  Як вы апынуліся ў «Тарпеда»?

–  Доўгая гісторыя. Калі коратка, то мяне парэкамендавалі ў «Тарпеда». Я два тыдні хадзіў на трэніроўкі, быў на праглядзе, потым мне сказалі, што я падыходжу. Вось так і абжыўся.

– Дзе вы вучыцеся?

– Ва ўніверсітэце фізічнай культуры. Была думка паступіць у БНТУ на эканамічны факультэт, але спорт бярэ сваё. Я вырашыў звязаць жыццё з футболам. Цяпер вельмі рады, што навучаўся менавіта ў БДУФК. Не шкадую зусім, – сказаў Кляннё.

Комментарии

  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья