Трэнера з дзіцячай школы брэсцкага «Дынама» адправілі ў СІЗА. Яго затрымалі за падзеі 10 жніўня

Брэсцкага трэнера Вадзіма Чапялевіча ўзялі пад варту і будуць судзіць за жнівеньскія падзеі.

Чапялевічу 27 гадоў. Ён родам з вёскі Яромічы, што ў Кобрынскім раёне. Вадзім гуляў у футбол, але праз траўму рана скончыў кар’еру. Апошнія гады жыў у Брэсце – працаваў дзіцячым трэнерам у брэсцкім «Дынама».

«Сёння ўжо 35 сутак, як сын пад вартай. Яго затрымалі ў сакавіку. 17 сакавіка пазванілі з міліцыі, запрасілі зайсці ў РАУС на 5 хвілін. Ён пайшоў – і больш не выйшаў.

Ведаю, што гэта за падзеі 10 жніўня. Сына заўважылі на нейкім відэа – ён там трымаў у руцэ камень. Ці кідаў ён той камень у каго, ці што – больш падрабязнасцяў не ведаю.

Нам сустрэцца з ім не даюць. Што зараз рабіць? Калі гэта ўсё скончыцца? Ён не вінаваты, за што гэта ўсё?», – кажа Лідзія Сцяпанаўна, мама Вадзіма.

Пакуль па справе ідзе следства, Вадзім застаецца пад вартай. Артыкул, па якім абвінавачваюць сына, Лідзія Сцяпанаўна дакладна не памятае. Але, кажа яна, Вадзіму цяпер пагражае ад 3 да 8 гадоў.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные