Все новости

Алег Дулуб: «Рашэнне з’ехаць атрымалася спантанным, бо не планаваў пакідаць Украіну. Дагэтуль шкадую, бо там засталася каманда і там да мяне заўсёды добра ставіліся»

2 апреля 2022, 10:43

Галоўны трэнер «Львова» Алег Дулуб распавёў, як ён з’зджаў з Украіны, дзе з 24 лютага працягваюцца баявыя дзеянні, якія распачала Расія з падтрымкай Беларусі.

— Калі вы з’ехалі з Украіны?

— Праз тыдзень пасля пачатку вайны.

— Цяжка прымалі рашэнне аб ад’ездзе?

— Яно атрымалася спантанным, бо не планаваў пакідаць Украіну. Як звычайна, прыйшоў на базу, і тут нам з Васілём Хамутоўскім [беларускім трэнерам брамнікаў «Львова»] паведамілі, што трэба тэрмінова з’язджаць, бо хутка беларускія войскі ўварвуцца ва Украіну. Калі б гэта здарылася, Еўрасаюз ужо б нас не прыняў на сваю тэрыторыю.

Меліся падставы давяраць гэтаму інсайду. У дадатак, мы ж бачылі, што адбываецца вакол нас. Нашым футбалістам-украінцам, напрыклад, трэба было прыйсці ў штаб тэрытарыяльнай абароны і зарэгістравацца. Мы спыталі: а што рабіць нам, іншаземцам? Людзі з клуба некуды пазванілі, пагутарылі і адказалі нам — тэрмінова з’язджайце. Хаця я дагэтуль шкадую, што пакінуў Украіну, бо там засталася каманда і там да мяне заўсёды добра ставіліся.

— Як з’язджалі?

— Нам дапамог клуб. Мы ехалі на машыне з беларускімі нумарамі, перад намі ішла машына суправаджэння з клуба, і на ўсіх блок-пастах мы ехалі па зялёным калідоры. На мяжы мы стаялі недзе шэсць гадзін ў пяцікіламетровай чарзе і бачылі ўсё тое, што там адбывалася.

— Што пакінула найбольшае ўражанне?

— Перш за ўсё, уразіла колькасць людзей. Мы правяралі загадзя чэргі на памежных пераходах, дык да дзвюх гадзін дня нідзе нікога не было: нуль машын, нуль бежанцаў. Але калі мы прыехалі, пачаўся вялікі паток людзей. У добрым сэнсе ўразіла тое, як быў зроблены сам пераход, як добра працавалі і ўкраінскія, і польскія памежнікі. З адваротнага боку мяжы, польскага, ва Украіну ехала вельмі шмат мужчын, якія хацелі яе абараняць.

Складана перадаць тое, што мы бачылі на падыходзе да мяжы. Пяцікіламетровая калона з жанчын і дзяцей, якіх суправаджалі мужчыны. Яны даводзілі жанчын з дзецьмі да мяжы і ішлі назад у бок Львова, каб абараняць сваю краіну.

Ужо ў Варшаве са мной здарыўся адзін выпадак. Прыехаў у свой гатэль каля аэрапорта, «усё ўключана». У мяне за спінай сеў пажылы мужчына, па ім было бачна, што ў чым быў, у тым і сышоў [з дома]. Той мужчына быў надта разгублены, нібыта ўпершыню трапіў у такі гатэль і не ведаў, што рабіць, знешне ён быў падобны да фермера. Да яго падыходзіць адміністратар, прапануе каву ці гарбату — ён не разумее. Клічуць дзяўчыну, якая ведае рускую мову, тая зноў прапануе яму каву ці гарбату. Той мужчына глядзіць на яе і кажа: «Я есці хачу». То-бок чалавека проста вырвалі з нармальнага для яго асяроддзя і кінулі за мяжу, мяне гэта вельмі ўразіла. Разумею, наколькі для яго гэта стрэс, – падзяліўся ўражаннямі Дулуб.