Все новости

Украінскі каментатар Бебех: «Пра тое, што адбываецца ў нашай краіне, даведаліся нават у далёкіх кутках планеты, дзякуючы зоркам футбола кшталту Зінчанкі, Ярмоленкі ці Шаўчэнкі»

19 апреля 2022, 17:01

Вядомы украінскі журналіст, блогер і тэлекаментатар Раман Бебех распавёў «Нашай Ніве» пра тое, як украінскі спорт адрэагаваў на расійскае ўварванне.

«Калі адказваць адным словам, то ўзорна. Жахлівая сітуацыя, з якой сутыкнулася краіна, яскрава прадэманстравала, хто ёсць хто. І мне прыемна адзначыць, што 99 адсоткаў людзей, звязаных са спортам, павялі сябе максімальна адэкватна. Так, камусьці трэба было перажыць такі жудасны ўдар як вайна, каб стаць сапраўдным украінцам ды пачаць называць рэчы сваімі імёнамі. Аднак цяпер відавочна, што фармуецца нацыя патрыётаў — і гэта самае вялікае адрозненне ад падзей 2014 года. Тады грамадства дзялілася і еднасці не было.

Цяпер жа, калі пайшлі прамыя удары па Кіеве ды іншых гарадах, уголас загаварылі ўсе спартсмены. Яны сталі спраўднымі сусветнымі амбасадарамі Украіны, бо прамаўлялі гучней за палітыкаў! Пра тое, што тут насамрэч адбываецца, даведаліся нават у далёкіх кутках планеты, дзякуючы нашым зоркам футбола кшталту Зінчанкі, Ярмоленкі ці Шаўчэнкі, альбо топам бокса ўзроўню Усіка ды Ламачэнкі. І гэта быў сапраўдны інфармацыйны прарыў, без якога наўрад ці б Украіна атрымала тую падтрымку, што дазволіла не скарыцца ворагу цягам двух месяцаў.

Чаму часцей за ўсё згадваю прозвішчы футбалістаў? Бадай таму, што гэты спорт ў нас на першым плане. Аднак хапала зорак і таго ж тэніса, што падтрымалі Украіну — Сяргей Стахоўскі, напрыклад, наўпрост пайшоў у тэрытарыяльную абарону. Туды ж накіраваліся баксёры, пра якіх ужо згадваў. Лёгкаатлеты, плыўцы, баскетбалісты — шмат хто альбо далучыўся да ваенных фармаванняў, альбо дапамагаў УСУ грашыма, гуманітаркай. Збольшага не было такога, каб чалавек, які дамогся чагосьці значнага, заявіў «спорт па-за палітыкай» — і дэманстратыўна схаваўся ў кусты», – сказаў Бебех.