Все новости

Украінскі каментатар Бебех: «Два барчукі, Пуцін ды Лукашэнка, прагнуць правіць вечнасць. І для гэтага будуць рабіць усё: кідаць за краты людзей кшталту Івуліна альбо Хіжынковай»

19 апреля 2022, 18:30

Вядомы украінскі журналіст, блогер і тэлекаментатар Раман Бебех распавёў «Нашай Ніве» пра тое, што ён думае пра беларусаў ва ўкраінскім футболе ды іх пазіцыю.

«Пачну з таго, што ўсе беларусы, з якімі даводзілася мець стасункі, выявіліся вельмі пазітыўнымі людзьмі. Нават уявіць не магу, каб яны пайшлі на Украіну вайною ці ўхвалялі падобныя дзеянні. Тыя ж Аляксандр Хацкевіч, Леанід Кучук, Арцём Мілеўскі цудоўна разумеюць сітуацыю і маюць досвед з уласнага вопыту, а не з прапагандысцкіх перадач.

Той жа Кучук у 2014-м, калі працаваў у маскоўскім «Лакаматыве», прыязжаў на Майдан, каб зразумець мэту пратэсту. І колькі іх там у Расіі не шпігавалі рыторыкай «у Кіеве бунтуюць нацысты», Леанід Станіслававіч вырашыў на ўласныя вочы пабачыць сітуацыю. Гэта пасля дазволіла трэнеру сцвярджаць: гэта не набытыя за грошы галасы людзей, а сапраўдны бунт супраць бандыцкай улады. Цяпер, упэўнены, Кучук таксама мае досвед, што вайна, якую развязала Расія, вядзецца не для нейкай там «дэнацыфікацыі», а толькі для задавальнення амбіцый аднаго чалавека на чале дзяржавы.

Адносна Мілеўскага скажу так. Хай сабе ён не пайшоў у тэрытарыяльную абарону следам за найлепшым сябрам Аляксандрам Аліевым. Але Арцём застаўся ў Кіеве, нікуды не з’ехаў і ўвесь час займаўся валанцёрскай працай. Так, ён не зарабляе цяпер велізарных грошай, з-за чаго яго жыццё змянілася. Аднак тым, чым можа, ён дапамагае простым людзям. Яму цяжка, бо Мілеўскі «чалавек свету». Таму ён шчыра прызнаецца: калі адчыняю стужку навін, проста дах з’язджае.

Хацкевіч увогуле колькі дзён таму даў моцнае інтэрв’ю, дзе ўсё расклаў па паліцах. І ў гэтым кантэксце мяне здзіўляе, што ў Беларусі ды Расіі людзі даюць больш веры тэлебачанню, чым выказванням сваіх суайчыннікаў ці родзічаў. Ну не можа ж ваш блізкі ў адзін момант стаць нацыстам, праўда? Таму хацелася б сказаць беларусам: больш размаўляйце з людзьмі, а не верце тэлебачанню.

Я добра памятаю беларускія падзеі 2020 года і пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Памятаеце, што тады казалі праз вашыя каналы? І ніхто не дэманстраваў у эфіры сапраўдны гвалт, які адбываўся на вуліцах. Чаму ж сітуацыя павінна змяніцца цяпер?

Два барчукі, Пуцін ды Лукашэнка, прагнуць правіць вечнасць. І для гэтага будуць рабіць усё: кідаць за краты людзей кшталту Сашы Івуліна (19 студзеня 2022 года быў асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму – прим. Tribuna.com) альбо Вольгі Хіжынковай (правяла на Акрэсціна 42 дні – прим. Tribuna.com), якія ў жыцці нікога не крыўдзілі, або забіваць мірных жыхароў Бучы ды Ірпеня, а пасля казаць, што гэта інсцэніроўкі амерыканцаў», – распавёў Бебех.