Все новости

Вайцяховіч пра магчымасць выступу за зборную Беларусі: «Не жадаю гуляць за краіну, з якой ляцяць ракеты і дзе саджаюць на роўным месцы сваіх грамадзян»

29 мая 2022, 10:51
1

Брамнік шведскага «Вернаму» Філіп Вайцяховіч у інтэрв’ю «Нашай Ніве» выказаўся на тэму таго, ці жадае ён згуляць за зборную Беларусі ў тых умовах, якія склаліся ў краіне пасля 2020-га года.

– Вы некалі казалі пра тое, што пайшлі б гуляць у беларускую зборную, калі б былі ўпэўненыя, што здолееце потым бяспечна выехаць з Беларусі. Ваша меркаванне застаецца тым жа?

– Калі глядзець па тэхніцы, я пакуль не надта шмат гуляў на найвышэйшым узроўні, у беларускай зборнай ёсць больш вопытныя галкіперы і наўрад ці я здолеў бы нечым ім дапамагчы. Але ж ёсць і маральны бок. Ёсць адчуванне, што не жадаю гуляць за краіну, з якой ляцяць ракеты і дзе саджаюць на роўным месцы сваіх грамадзян.

– А калі б вас паклікалі гуляць у беларускі клуб, таксама б не пайшлі?

– Канечне, хочацца, але ніякія грошы і ніякі клуб гэтага не вартыя. Спадзяюся, што пакуль у Беларусі такое адбываецца, я туды не вярнуся.

– У беларускім футболе ажно тры лігі людзей, якім не перашкаджае тое, што вы назвалі.

– У іх іншыя жыццёвыя сітуацыі. Калі б я ўсё жыццё пражыў у Беларусі і не меў іншага выбару, можа, і мне б гэта ўсё не перашкаджала. Знаходжуся ў адноснай бяспецы і ў спакойнай краіне, мне лягчэй разважаць, чым ім. Не хацелася б, каб былі нейкія расколы, бо ў такім выпадку не будзе руху наперад.