Все новости

Пунтус пра тое, чаму ўзначаліў аматарскі «Колас»: «Я ўжо роўна год без трэнерскай працы. Тут не ідзе гаворка пра грошы, проста ёсць вялікае жаданне даказваць, што яшчэ на штосьці здольны ў прафесіі»

15 июня 2022, 15:35

Экс-трэнер «Тарпеда-БелАЗ» Юрый Пунтус распавёў, чаму ўзначаліў  аматарскі клуб «Колас» з Чэрвеня для ўдзелу ў Кубку Рэгіёнаў УЕФА.

– Юрый Іосіфавіч, найперш, канешне ж, многіх цікавіць пытанне, чаму Вы, прафесійны трэнер з імем і багатай біяграфіяй, вырашылі прыняць прапанову ўзначаліць каманду аматараў…

– Таму што люблю футбол. Так сталася, што я ўжо роўна год без трэнерскай працы. І тут не ідзе ніякай гаворкі пра грошы. Проста ёсць вялікае жаданне працаваць і даказваць, што яшчэ на штосьці здольны ў гэтай прафесіі.

Наконт аматарскай каманды… Мне цікавы такі вопыт. Тым больш, што, як ні парадаксальна, і я даўно гэта заўважыў, ігракі-аматары – вельмі адданыя футболу людзі. Такая адданасць ёсць нават не ва ўсіх прафесійных футбалістаў. Я сёння правёў з імі дзень і сыходжу са стадыёна з жаданнем заўтра раніцай хутчэй прачнуцца, каб зноў ісці на трэніроўку.

– Мабыць, залішне пытацца, па які вынік каманда ляціць у Азербайджан?

– Канешне, настройваемся толькі на перамогу. Усё хлопцы мараць пра выхад у наступны раўнд. А асабіста мне Азербайджан цікавы яшчэ і тым, што, аб’ездзіўшы за жыццё мноства краін, ні разу там не быў, – адказаў Пунтус.

З 13 па 17 чэрвеня каманда праводзіць вучэбна-трэніровачны збор, а 24 і 26 чэрвеня згуляе у Азербайджане супраць мясцовага «Джабраіля».