Все новости

Аляксандр Апейкін: «Не існуе іншых варыянтаў вызвалення Беларусі, акрамя сілавога»

3 сентября 2022, 20:24
1

Выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін распавёў аб магчымасці стварэння альтэрнатыўнага войска і сваім стаўленні да Вадзіма Пракоп’ева.

– Вы за сілавы варыянт вызвалення Беларусі?

– Тут няма пытання «за» ці «супраць». Тут проста не існуе іншых варыянтаў, акрамя сілавога. Я гляджу на гэта з пункту гледжання менеджара. Я перш за ўсё менеджар.

– Добра. Тады скажыце мне як менеджар, які разважаў на тэму стварэння альтэрнатыўнага НАКа, альтэрнатыўнае войска можна стварыць?

– Так, можна. Можна, гэта ўсё робіцца. Гэта ўсё залежыць ад свабоднай волі людзей. Тут няма нейкага дэтэрмінізму. Усё можна рабіць. Гэта ўсё залежыць канкрэтна ад людзей, якія гэтым займаюцца, ад абставін, шансаў у гэтых абставінах. Усё гэта можна рабіць. Гэта рэальныя рэчы. Ну, гэта мой уласны погляд. Я кажу зноў, я падыходжу як менеджар.

– Пракоп’еў – адпаведны гэтай функцыі менеджар?

– Справа ў тым, што там вельмі шмат кірункаў, канкрэтна ў адным ён вельмі здатны. Вельмі здольны чалавек, адзін з самых годных беларусаў, якіх я ўвогуле ведаю. Гэта сапраўды вельмі разумны чалавек, актыўны, шчыры. Таму, магчыма, у яго і атрымаецца. Мы ж не ведаем.

– А не думаеце, што гэта прывядзе да грамадзянскай вайны?

– Цяжка сказаць. Магчыма. Гэта можа прывесці да грамадзянскай вайны, а можа і не. Справа ў тым, што калі такой структуры альтэрнатыўнай не будзе створана, то шансаў не будзе ўвогуле ні на што. Гэта не значыць, што гэта армія, ці гэта войска – яно павінна ўваходзіць і вызваляць Беларусь нейкім вайсковым узброеным чынам. Гэта значыць, што ў дэмакратычных сіл будзе перамоўны патэнцыял. Бо зараз перамоўнага патэнцыялу фактычна няма. Ну ёсць санкцыі, ёсць міжнародная ізаляцыя, але гэта ўсё роўна не стварае супрацьвагу. Гэта [альтэрнатыўнае войска] можа стварыць супрацьвагу і надаць сур’ёзнага перамоўнага патэнцыялу. Тут, з гэтага пункту гледжання, трэба глядзець, і каштуе гэта не так ужо і шмат. Гэта перавялічана, што гэта каштуе сур’ёзных сродкаў. Не, не каштуе гэта шмат.

– Колькі каштуе адзін «хаймарс»?

– Чатыры мільёны.

– А вы гаворыце, што не так ужо і шмат.

– Вы ведаеце, колькі каштуе Палац спорту ва Уруччы? 35 мільёнаў долараў каштавала будаўніцтва. Вось гэтых грошай хапіла бы на ўтрыманне войска на тысячу чалавек на год. Трэба зразумець, што як бы ты з дзяржавай ні ваяваў, у дзяржавы заўжды на адзін патрон болей. Гэта таксама трэба мець на ўвазе. Але я кажу, што гэта не дае, канешне, ніякіх стоадсоткавых варыянтаў. Гэта ўсяго толькі павышэнне нейкага патэнцыялу, гэта павышэнне шансаў на нешта, вось і ўсё. Бо гэта ўсё гульня шансаў, – сказаў Апейкін.