Все новости

Мікалай Золатаў: «Раней заўзятары маглі дараваць нацкамандзе паразу, але сваімі дзеяннямі пасля выбараў футбалісты адвярнулі іх ад сябе»

16 октября 2022, 12:58

Беларускі абаронец украінскага «Коласа» Мікалай Золатаў выказаўся наконт становішча зборнай Беларусі і таго, чаму, на ягоную думку, заўзятары ставяцца да яе негатыўна.

– Беларусы цяпер часцей заўзеюць супраць гэтай каманды, чым за яе.

– Гэта пачалося яшчэ пасля выбараў 2020 года, але цяпер людзі ставяцца да каманды яшчэ больш негатыўна – магчыма, гэта звязана з апошнімі вынікамі зборнай. Я гэта адчуваю, і гэта бачна, але зноў жа, гэта пачалося не зараз. Шмат спартсменаў ніяк не патрымалі народ і не асудзілі злачынствы супраць яго, шмат хто падпісаў праўладны ліст.

Пасля гэтага людзі яшчэ больш раззлаваліся. Раней звычайныя аматары маглі дараваць паразу, нават у чымсьці падтрымаць, але сваімі дзеяннямі пасля выбараў футбалісты адвярнулі аматараў ад сябе. У людзей няма жадання перажываць за беларускую зборную на міжнароднай арэне. Дададзім яшчэ і дрэнныя вынікі, бо ў зборнай вельмі доўгая серыя без перамог.

– Што павінна здарыцца, каб да каманды вярнуліся фанаты?

– Думаю, павінна хаця б змяніцца ўлада ў беларускім футболе. Трэба, каб скончыўся ў футболе пераслед па палітычных момантах, каб не было такога цырку, калі клуб павінен ухваляць кандыдатуру трэнера ці футбаліста ў тых ці іншых інстанцыях. Такое ў беларускім футболе не павінна існаваць, і тады, магчыма, пачнуць выклікаць [у зборную] футбалістаў, якія асудзілі ў 2020 годзе гвалт з баку сілавікоў ці фальсіфікацыю выбараў. Тады і зборная наша будзе мацнейшая, і гледачы вернуцца на стадыёны – магчыма, іх будзе нават больш, чым было да таго.

– А пакуль што беларускі футбол чакае дэградацыя?

– Так. Яна ўжо даўно ідзе, напэўна, не першы год, проста пасля выбараў яна набрала хуткасць. Ёсць шмат якасных футбалістаў, якім забаранілі гуляць у Беларусі, такая ж сітуацыя з трэнерамі, яшчэ і пачалі ўводзіць ліміты па заробках, па колькасці легіянераў і моладзі на полі.

Мне здаецца, узровень беларускага футбола пачаў падаць яшчэ гадоў пяць таму. Калі ўзяць зборную, якая была ў нас у той час, і тую, якая цяпер, – гэта неба і зямля. Пяць гадоў таму ў камандзе гулялі ўсе лепшыя футбалісты, якія толькі былі ў Беларусі, а цяпер нехта не хоча ў зборную, нехта не можа, кагосьці не хочуць бачыць. І таму мы знаходзімся там, дзе знаходзімся. Кожны раз мы кажам, што наш футбол на дне, але потым апускаемся яшчэ ніжэй. Спадзяюся, што гэта сапраўды дно, ад якога можна адштурхнуцца, – распавёў Золатаў.