Вакол зборнай Японіі на ЧС знаходзяць шмат адсылак да анімэ – нават там, дзе іх няма. Вось самыя цікавыя
Форма ад аўтара папулярнай мангі, прагляд падчас турніру.
Сусвет анімэ мае мільёны прыхільнікаў у розных кутках планеты. Але калі, напрыклад, у Беларусі заўзятары футбола і фанаты анімэ часцей за ўсё – розныя людзі, то ў Японіі, на радзiме жанру, гэта натуральна сумяшчаецца, пра што сведчыць вялікая колькасць якасных і папулярных мультыплікацыйных серыялаў пра спорт.
У футбольным кам'юніці анімэ стала сустракацца часцей з удзелам зборнай Японіі на чэмпіянаце свету ў Катары, а іх перамога над Германіяй, як аказалася, мае шмат адсылак да японскай мультыплікацыі.
Найбольш агульнага знаходзяць у анімэ «Блакітная турма». І не проста так
«Блакітная турма» (часцей выкарыстоўваецца англамоўная назва Blue Lock) – анімэ, створанае на аснове аднайменнай мангі Канесіры Мунеюкі і Намуры Юске. У аснове ляжыць гісторыя пра нетрадыцыйную для футбола школу бамбардзіраў, куды трапілі 300 таленавітых маладых японскіх нападаючых. Рашэнне стварыць школу было прынята пасля паражэння зборнай Японіі на ЧС-2018 (у рэальнасцi там была 1/8 фiнала), а галоўнай мэтай «Блакітнай турмы» стала выхаванне найлепшага і, адначасова, найбольш эгаістычнага форварда. З усіх 300 хлопцаў застанецца толькі адзін. Прэм'ера адбылася сёлета ў пачатку кастрычніка, серыі выходзіць штотыднёва.
Гэта вокладка аднаго з апошніх на сёння выдадзеных тамоў мангі. Знаёмая форма, праўда?
На сёлетнім чэмпіянаце свету Японія выступае ў аналагічным камплекце, бо Adidas, які апранае японцаў і яшчэ шмат зборных-удзельніц гэтага ЧС, зрабіў калабарацыю з аўтарамі Blue Lock і выпусціў іх асноўны камплект формы для мужчынскай і жаночай нацыянальных каманд.
Пераможны мяч у гульні з Германіяй вельмі нагадвае ключавы эпізод мангі. І не толькі візуальна
Форма – не адзіная адсылка. Пасля перамогі Японіі над Германіяй актыўна загаварылі пераможныы гол. Такума Асана, які вывеў японцаў наперад на 83-й хвіліне сустрэчы, зрабіў гэта з дапамогай удара па варотах пад нязручным вострым вуглом. Японскія заўзятары перакананыя, што Такума Асана чытаў мангу Blue Lock, таму і адважыўся на ўдар – аналагiчны аднойчы прыгожа візуалізавалi ў творы. Хаця сувязь можа быць толькі фантазіяй.
Падабенства знайшлі і паміж трэнерамі сапраўднай зборнай Японіі і з Blue Lock. Цалкам верагодна, што знешнасць Хадзімэ Марыясу была змалявана з рэальнасцi.
Як бы нi было, апошнія спробы японскіх мастакоў зацікавіць суайчыннікаў рэальным спортам ужо маюць пэўны поспех. Перамогп Японіі над Германіяй абудзіла інтарэс гледачоў «Блакітнай турмы» да ЧС. Пад допісамі пра японцаў у сацсетках часта можна ўбачыць каментар «Blue Lock is real». Гэта адсылка да культавай фразы з папулярнага анімэ «Ван Піс». А на матчы Даніі з Тунісам заўзятары вывесілі сцяг пірацкай каманды галоўнага героя «Ван Піс» – Луфі «Саламянага Капялюша».
Па інфармацыі NHK World News, увечары перад матчам з Германіяй Марыясу арганізаваў для гульцоў паказ новага фільма пра піратаў «Саламянага капялюша» пад назвай One Piece Film: Red. У Японіі стужка пабіла ўсе касавыя рэкорды.
Цікава і тое, што ў пачатку стагоддзя з нагоды сумеснага з Паўднёвай Карэяй правядзення Японіяй ЧС-2002 перад кінатэатральнымі паказамі аднаго з фiльмаў сусвету «Ван Піса» таксама паказвалі і кароткі метр Dream Soccer King. У ім пірацкая каманда галоўных герояў удзельнічала ў мясцовым Кубке свету, дзе супрацьстаяла зборнай злодзеяў у серыі пенальці.
Яшчэ адна папулярная гісторыя – параўнанне варатара «сініх самураяў» Сюіці Гондзі з галкіперам у анімэ «Капітан Цубаса». Тут галоўнай агульнай рысай стаў кураж галкiпераў падчас матчу пасля памылкі, якая прывяла да гола ў іхнія ж вароты. Але ж у другiм матчы на ЧС не спрацавала – Гондзi не змог спынiць мяч, хаця задзеў яго, пасля удару Кейшэра Фулера, а больш Коста-Рыцы было i не патрэбна, i японцы проста прайгралi 0:1.
Фота: JFA, FB Mohamed Amine, Blue Lock manga, Naoki Morita/AFLO/Globallookpress.com