Tribuna/Футбол/Блоги/Кантракт Драгуна (і не толькі яго) падвіс праз так званага міністра спорту – Капскі баіцца чорнага спісу, «Шахцёр» сочыць за сітуацыяй

Кантракт Драгуна (і не толькі яго) падвіс праз так званага міністра спорту – Капскі баіцца чорнага спісу, «Шахцёр» сочыць за сітуацыяй

Кавальчук у адпачынку, БАТЭ не можа прыняць рашэнне.

Автор — bytribuna com
9 января 2023, 11:24
1
Кантракт Драгуна (і не толькі яго) падвіс праз так званага міністра спорту – Капскі баіцца чорнага спісу, «Шахцёр» сочыць за сітуацыяй

Пасля скандальнага пераходу ў БАТЭ ўлетку 2017 года Станіслаў Драгун стаў сапраўднай легендай клуба. За пяць з паловай гадоў паўабаронца заваяваў з Барысавам два чэмпіёнскія тытулы, два Кубкі Беларусі, Суперкубак, згуляў за «жоўта-сініх» у групе і плей-оф Лігі Еўропы, некалькі разоў уключаўся ў сімвалічную зборную чэмпіянату.

136 матчаў у вышэйшай лізе - 42 галы і 26 перадач. Фантастычныя лічбы. І толькі за БАТЭ.

Мінулы сезон увогуле атрымаўся другім сярод самых рэзультатыўных для гульца на «Барысаў-Арэне» - пасля кампаніі-2019.

Не сакрэт, што Драгун задумваўся пра завяршэнне кар'еры, але прыняў рашэнне застацца ў БАТЭ, каб дапамагчы маладой камандзе і Кірылу Альшэўскаму вярнуць золата.

Аднак далёка не факт, што Драгун застанецца ў БАТЭ, нягледзячы на жаданне футбаліста. Клуб паставіў на паўзу працэс падпісання новага кантракта. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале ў нядзелю паведаміў беларускі журналіст Уладзіслаў Татур.

"Трыбуна" даведалася падрабязнасці.

Драгун даўно ў няміласці ў так званага міністра спорту, але гэта не перашкаджала яму гуляць за БАТЭ

З'яўленне экс-гульца зборнай у «чорным спісе» Кавальчука нікога не здзівіла - Драгун не першы год у няласцы ў былога супрацоўніка Службы бяспекі Лукашэнкі.

Зрэшты, пасля падзей жніўня 2020-га Драгун застаўся ў камандзе, дзе з таго часу правёў яшчэ два сезоны. Здавалася, цяжкасці мінулі, але з абноўленага спісу непажаданых ад Кавальчука прозвішча Драгуна нікуды не знікла.

У падобнай сітуацыі і іншыя важныя футбалісты клуба - Максім Бардачоў, Дзмітрый Бяссмертны і Даніла Нячаеў.

БАТЭ, як і іншыя прадстаўнікі вышэйшай лігі, пасля рассылання спісу - на паўзе. Чакаюць, што сітуацыя неяк вырашыцца на іх карысць, і актывы ўсё ж такі ўдасца захаваць. Сімвалічна, што чаканне суправаджаецца адпачынкам Кавальчука. Пакуль так званы міністр не вернецца да спраў (як правіла - рэпрэсій), сітуацыя наўрад ці зменіцца.

Бардачоў, як і Драгун, чакае, а маладых Бяссмертнага і Нячаева кіраўнікам БАТЭ раяць выставіць на продаж. Праўда, не факт, што ў Барысаў па іх прыйдуць цікавыя і сур'ёзныя прапановы.

Альшэўскі спадзяецца, што Драгун застанецца, але Капскі-малодшы цягне - іншыя клубы назіраюць за сітуацыяй

Андрэй Капскі зрабіў шмат, каб атрымаць недатыкальнасць ад рэжыму Лукашэнкі, аднак поўнай самастойнасці ў маладога кіраўніка няма - абараніць Драгуна ў кабінетах псеўдаспартыўнага кіравання Лукашэнкі няма ні рэсурсу, ні смеласці.

І гэта нягледзячы на вялікае жаданне гульца і трэнера прадоўжыць сумесную працу пасля камбэка Альшэўскага ўвосені. Альшэўскі бачыць у Драгуне не толькі важнага гульца, але і лідара, які здольны ўзяць на сябе сувязь паміж трэнерам/кіраўніцтвам і групай футбалістаў.

Дарэчы, кандыдатуру Кірылы таксама трэба было ўзгадніць - гэта заняло час, было выдаткавана шмат сіл, але Альшэўскі на месцы. Выходзіць, усё магчыма пры вялікім жаданні.

Але па Драгуне сітуацыя застыла - за ёй уважліва назіраюць у Салігорску, дзе ўсе пытанні з АБФФ і міністэрствам спорту вырашаюць куды хутчэй, эфектыўней і спакайней.

Аляксей Бага, які зноў ачоліў «Шахцёр», працаваў з Драгуном у БАТЭ – разам яны выйгралі два чэмпіёнскія тытулы і вывелі БАТЭ ў групу Лігі Еўропы, а потым і ў плэй-оф турніру.

Не забываемся, што «Шахцёр» быў сур'ёзным прэтэндэнтам на Драгуна летам-2017, але тады футбаліст, якога пераканаў Анатоль Капскі, абраў шумны пераход у БАТЭ.

Калі Драгун не атрымае новы кантракт ад Барысава, "Шахцёр" можа ўключыцца ў барацьбу за падпісанне футбаліста. Бага паспрабуе пераканаць Івана Галатага і іншых людзей, хто адказвае за селекцыю ў Салігорску, што такі вопытны і знаёмы трэнерскаму штабу гулец дапаможа камандзе ў новым сезоне, нягледзячы на прыстойны ўзрост.

Іншыя прэтэндэнты на Драгуна - клубы з ААЭ і Саудаўскай Аравіі

Пра гэта таксама напісаў Уладзіслаў Татур. Тут мы не можам пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю, але можам нагадаць, што ў момант крызісу ў адносінах Драгуна і Аляксандра Міхайлава, калі той трэніраваў БАТЭ, паўабаронца меў добрую прапанову з Казахстана, але вырашыў застацца ў клубе, нягледзячы на персанальныя цяжкасці.

Напэўна Драгун лічыць, што шмат чаго даў БАТЭ, каб цяпер разлічваць на годны адказ клуба, з якім паўабаронца на словах дамовіўся пра новы кантракт.

Тое, як развіваюцца падзеі, змушае Капскага дзейнічаць, але перш ён не паказаў сябе менеджарам, здольным прымаць хуткія, але ў той жа час абдуманыя і эфектыўныя рашэнні.

Калі Драгун у выніку ўсё ж сыдзе, гэта зноў кіне цень на кіраўніцтва БАТЭ, якое за некалькі апошніх гадоў прымудрылася страціць Ягора Філіпенку, Ігара Стасевіча, Максіма Скавыша і Паўла Няхайчыка - футбалістаў, чые імёны ўжо занялі месца ў гісторыі клуба.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты пользователя

Все посты