Гурэнку шчасціла ў кар'еры на пуцінскіх забойц: права аднаго ваяваць ва Украіне паважае, а «добры» чалавек неяк рана загінуў
Прапіў кар'еру, сеў за наркотыкі.
На вайне супраць Украіны загінуў былы гулец зборнай Расіі па футболе Аляксей Бугаеў. Пра смерць 43-гадовага экс-абаронцы стала вядома 29 снежня.
На пачатку нулявых Бугаеў лічыўся перспектыўным футбалістам і нават згуляў за зборную Расіі на Еўра-2004. У розных камандах расійскай прэм'ер-лігі ён перасякаўся з беларускімі топ-футбалістамі. Аднак скончыў са спортам у 29 (у прэсе пісалі, што праз злоўжыванне алкаголем). У лістападзе 2023-га Бугаеў быў затрыманы за набыццё з мэтай збыту наркотыкаў. Атрымаў дзевяць з паловай гадоў турмы, але адправіўся не на зону, а забіваць ва Украіну, дзе загінуў сам. Цікава, што чалавека з такой біяграфіяй Сяргей Гурэнка лічыць «добрым». Але давайце пра ўсё па парадку.
Ад Еўра-2004 да гібелі за Пуціна
Бугаеў выхаванец маскоўскага «Тарпеда». У 2001-м з'ехаў на год у «Томь», дзе яго прызналі найлепшым абаронцам каманды, а затым вярнуўся ў «Тарпеда», з якім у 2004-м змагаўся за золата - пасля першага кола каманда лідаравала ў чэмпіянаце. Малады футбаліст спадабаўся галоўнаму трэнеру зборнай Расіі Георгію Ярцаву, які спачатку выклікаў яго на таварняк з Аўстрыяй (0:0), а затым узяў на Еўра-2004, дзе той згуляў поўныя матчы супраць Партугаліі (0:2) і Грэцыі (2:1).
Як аказалася, гэта быў пік кар’еры Бугаева. У другім коле РПЛ-2004 «Тарпеда» страціла перавагу і фінішавала пятым. У Бугаева ўжо тады былі праблемы з алкаголем. Былы брамнік «Тарпеда» Дзмітрый Барадзін распавядаў: «У нас былі адразу дзве выязныя гульні да «Рубіна» і «Шынніка», якія ішлі адна за адной. Калі мы збіраліся ў гатэлі напярэдадні вылету, то Лёха проста не прыйшоў! Тады ў Маскве быў піўны фэст, і Бугаеў запіў».
Пасля таго сезона Бугаеў сышоў у «Лакаматыў», дзе пагуляў год і не змог замацавацца, а далей на два з паловай гады з’ехаў у «Томь», дзе таксама меў праблемы з рэжымам. Былы галоўны трэнер «Томі» Валерый Петракоў успамінаў: «Лёшка – сапраўдны чорт! На полі ён умеў усё. У яго былі хуткасць, пас, удар, выбар пазіцыі, каардынацыя, скакучасць... Ды яшчэ і фенаменальнае здароўе. Крыўдна, што Бугаёў утапіў талент у алкаголі. Што мы толькі не рабілі! Кадавалі, зашывалі. Тры-чатыры месяцы трымаецца, а потым усё нанова».
У «Томі» Бугаеў паспеў папрацаваць з беларускім трэнерам Міраславам Рамашчанкам. Спецыяліст расказваў, што менавіта ён адмовіўся ад далейшай супрацы з абаронцам:
«Бугаеў не стрымаў слова, што даў асабіста мне... На аўстрыйскім зборы час ад часу ездзілі ў Вену. Да горада было больш за сто кіламетраў, хто не хацеў ехаць, маглі заставацца ў гатэлі. Пасля двухразовых трэнінгаў не ўсім такія падарожжы па сілах. Аднойчы вярнуліся, і тое, што ўбачылі, стала сапраўды апошняй кропляй. Бугаеў не быў у агідным стане, але да заўтрашняга занятку ён быў не гатовы. Галоўнае, гэта бачыла ўся каманда».
Пасля «Томі» Бугаеў з’ездзіў у падмаскоўныя «Хімкі», за якія ні разу не згуляў. Завяршаў кар’еру ўжо ў «Краснадары», які тады выступаў у Д2. З футболам скончыў у 2010-м – у 29 гадоў. Нейкі час пра яго нічога не было чуваць, але ў 2015-м ужо былы футбаліст пагаварыў з «Савецкім спортам». Бугаеў распавёў, што займаецца грузаперавозкамі і макулатурай:
«Мы адкрылі вялікі ангар. Два рублі 50 капеек за кілаграм. Фірма? А нафіг мне фірма? Проста пункт прыёмкі. Людзі прывозяць паперу, каробкі...
Вядома, жыццём задаволены! Нікому і ніколі не быў абавязаны. Жыў сваім жыццём. Цяпер вырашаю пытанні з тымі ж каробкамі... Чаму скончыў кар’еру ў 29? Мне хопіць. Рэжым тут ні пры чым. Рэжым... Нап’емся – і ляжым. Гэта ўсё трызненне. Проста я хацеў быць з сям’ёй, вось і ўсё»
Зноў пра Бугаева загаварылі восенню мінулага года. Былога футбаліста затрымалі з 495 г мефедрона. У паказаннях ён заяўляў, што не планаваў распаўсюджваць наркотыкі, а хацеў дапамагчы паліцыі выкрыць людзей, якія прапанавалі яму гэтым займацца. Аднак падчас суда ўжо заявіў пра намер збыту, цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў тым, што зрабіў. У выніку экс-абаронцу прыгаварылі да 9 гадоў і 6 месяцаў у калоніі строгага рэжыму.
Прыгавор агучылі 24 верасня 2024 года. Неўзабаве адвакат Бугаева заявіў, што яго падапечны адправіцца на вайну супраць Украіны: «Аляксей планаваў на СВА (так у Расіі называюць вайну – Tribuna.com). Ён хацеў пасля прысуду адправіцца на СВА. І ў сувязі з гэтым спяшаўся, каб хутчэй прысуд адбыўся». Адзначым, што ў Расіі адпраўка асуджаных на вайну супраць Украіны – распаўсюджаная практыка, якая актыўна ўжываецца ад першых месяцаў уварвання.
Цікава, што падчас судовага працэсу адвакаты Бугаева заяўлялі, што наркотыкі іх падабароннаму падкінулі супрацоўнікі паліцыі, пасля чаго запатрабавалі ад яго тры мільёны расійскіх рублёў (каля 30 тысяч долараў), каб замяць справу. Абарона нават падавала пазоў да міністэрства ўнутраных спраў на 5 мільёнаў рублёў (каля 50 тысяч долараў) і заяўляла пра «атрыманне доказаў невінаватасці Бугаева». Але падрабязнасьцяў так і не было.
У снежні 2023-га пракуратура Краснадарскага краю заявіла, што паліцыя не падкідвала наркотыкі Бугаеву: следства не знайшло гэтаму пацверджанняў. Паведамлялася, што ў тэлефоне абвінавачанага былі фота, якія даказваюць яго намер збываць наркотыкі. Праз год удзельнік Еўра-2004 загінуў ва Украіне.
Не першы салдат Пуціна з кар’еры Гурэнкі
У «Лакаматыве» Бугаеў перасякаўся з беларусамі Сяргеем Гурэнкам і Сяргеем Амельянчуком. Разам яны выйгралі Суперкубак Расіі – адзіны трафей у кар’еры Бугаева. Тады «Лакаматыў» абгуляў «Церак» 1:0. Адметна, што расіянін у тым матчы выйшаў на поле якраз замест Гурэнкі, які на 20-й хвіліне атрымаў траўму.
Калі Бугаеву вынеслі прысуд, Гурэнка сказаў: «Вядома, нічога вясёлага ў гэтай справе няма. Відаць, не можа сябе па жыцці знайсці, раз такой справай заняўся. Закон для ўсіх аднолькавы, ён мусіць разумець, на што ішоў, яму не 12 гадоў. Гульцом быў добрым, пытанняў няма». Пракаментаваў Гурэнка і смерць Бугаева, назваўшы таго добрым чалавекам, які занадта рана пайшоў з жыцця.
Бугаеў – не першы аднаклубнік Гурэнкі, які далучыўся да пуцінскай арміі забойцаў. Былы абаронца зборнай Расіі Андрэй Саламацін зрабіў сабе імя ў другой палове 1990-х у «Лакаматыве», дзе гуляў разам з беларусам. У адрозненне ад Бугаева Саламацін пайшоў на вайну вольным чалавекам. Спачатку ён вазіў «гуманітарную» дапамогу акупантам, а ў жніўні 2023-га ўступіў у «Эспаньёлу» – падраздзяленне, якое ваюе супраць Украіны, і складаецца ў асноўным з былых фанатаў расійскіх клубаў. Паведамлялася, што кантракт Саламаціна з «Эспаньёлай» разлічаны на шэсць месяцаў. Гурэнка тады працаваў галоўным трэнерам у расійскай «Уфе» і пракаментаваў учынак Саламаціна расійскім прапагандыстам, сказаўшы, што «складана нешта гаварыць па гэтай тэме», але, «варта паважаць права і выбар» Саламаціна ісці ў акупанты.
Што сёння адбываецца з Саламаціным – да канца не зразумела. У верасні прэс-служба маскоўскіх ЦСКА і «Лакаматыва» віншавала экс-гульца з днём нараджэння. А яшчэ ў лістападзе 2023-га Саламацін адкрыў футбольную школу ў акупаваным Расіяй Марыупалі. Паведамлялася, што ён збіраўся асабіста трэнаваць дзяцей.
Саламацін злева
Пра тое, што адбываецца з экс-футбалістам на вайне, апошнім часам ніякай інфармацыі не было.
З кім з беларусаў яшчэ перасякаўся Бугаеў?
За сваю непрацяглую кар’еру Бугаеў паспеў пагуляць з многімі беларусамі, большасць з якіх у нашай краіне лічацца топамі. Падчас першага заходу ў «Томь» перасёкся з брамнікам Дзмітрыем Якімавым, абаронцам Уладзімірам Вострыкавым і форвардам Аляксандрам Барысікам. У маскоўскім «Тарпеда» ў аднаклубніках былі абаронцы Аляксандр Лухвіч і Дзмітрый Раўнейка, а яшчэ хаўбек Леанід Лагун. Пра «Лакаматыў» Амельянчука і Гурэнку мы ўжо згадвалі. У другі заход у «Томь» Бугаёў дзяліў распранальню з брамнікам Васілём Хамутоўскім, апорнікам Аляксандрам Кульчыем і форвардам Віталём Булыгай. У «Краснадары» выступаў з абаронцам Аляксандрам Мартынавічам, які дагэтуль працягвае кар’еру.