Tribuna/Футбол/Блоги/Д3 страціў Януша ды Рудзіка, у Гомельскай вобласці ўжо пачалі – і там родны мілы трэш, які мы так любім

Д3 страціў Януша ды Рудзіка, у Гомельскай вобласці ўжо пачалі – і там родны мілы трэш, які мы так любім

Што адбываецца на самым дне беларускага футболу.

Автор — Alex Zagorski
2

У мінулым годзе паміж АБФФ і так званым міністэрствам спорту выбухнуў гучны канфлікт: дзве структуры не маглі падзяліць трэці па моцы футбольны дывізіён Беларусі. Але пасля ўмяшальніцтва адміністрацыі дыктатара «праблема» была вырашаная даволі хутка: перамагло так званае міністэрства. Пра поспехі яго менеджменту мы распавядалі ў мінулым годзе. Там і адсутнасць цэнтралізаванага асвятлення, і цяжкаўяўляльныя разгромы.

Малаверагодна, што над памылкамі нехта працаваў. Пра Д3 сёння амаль нічога не чуваць – між іншым, у адной вобласці турнір ўжо стартаваў: разгромы на месцы, двухзначны лік таксама зафіксаваны.

Вось што цікавага мы змаглі адшукаць.

Турнір пройдзе па знаёмым фармаце

У гэтым сезоне, як і ў папярэднім, другая ліга адбудзецца ў два этапы: спачатку каманды разаб'юць на групы ў сваіх абласцях, пасля найлепшыя выйдуць у фінальны турнір на ўзроўні краіны. Яшчэ ў межах Д3 у асобным ад усіх дывізіёне згуляюць дублі каманд вышэйшай лігі – акрамя рэзервістаў БАТЭ, сталічнага «Дынама», «Гомеля» і «Мінска», якія выступаюць у Д2.

Старт турніра рэзервістаў запланаваны на гэтым тыдні. У Брэсцкай вобласці распачнуць 26-27 красавіка, у Мінскай першыя матчы пройдуць 26-28 красавіка. Калі будуць пачынаць у Мінскім дывізіёне, Магілёўскай і Віцебскай абласцях, пакуль невядома. А вось першынства Гомельскай вобласці ўжо распачалося.

7 з 8 матчаў скончыліся разгромамі

Чэмпіянат у гомельскім рэгіёне стартаваў 12 красавіка. У васьмі матчах гледачы пабачылі ажно 45 забітых мячоў! Для параўнання, у васьмі гульнях 4-га тура вышэйшай лігі было на 20 галоў менш.

7 з 8 сустрэч скончыліся разгромам. «Буда-Кашалёва» у гасцях засмуціў «Іпуць (4:0), гэтак жа «Рэчыца» разабралася са «Светлагорскам». «Хойнікі» былі мацнейшыя за «Ельск» (6:0), «Петрыкаў» і «Жыткавічы» з лікам 5:1 абгулялі «Лельчыцы» і «Кастрычніцкі» адпаведна, гомельскі «Алмаз» не зазнаў праблем з «Веткай-ДзЮСШ» (6:2). Адзіны матч мінулых выходных у Гомельскім чэмпіянаце, што скончыўся з прыстойным лікам, – 0:2 у супрацьстаянні «Жлобіна» і рагачоўскага «Дняпра».

Найбольш жа пазабавіліся футбалісты гомельскага «Лясгаса» – 10:0 у выяздным матчы супраць «Вертыкалі». У калінкавіцкім выданні артыкул пра гульню апублікавалі пад назвай «Прыцягненне ўласных варот». Адтуль жа можна даведацца, што неназваны гвінейскі легіянер «Вертыкалі» настолькі не ўвайшоў у гульню, што быў заменены да перапынку.

У Рагачове карыстаюцца штучным інтэлектам і абураюцца календаром

Наступнага матча рагачоўскаму «Дняпру» давядзецца чакаць ажно тры тыдні, бо ў групе няцотная колькасць удзельнікаў – 7. У клубе паўзай відавочна незадаволеныя: напісалі пра «фантастычна прафесійна складзены календар». Што яшчэ больш цікава, рагачоўцы не ведаюць, калі пройдзе гульня – ці то 3-га, ці то 4-га траўня. З дакумента ніжэй можна меркаваць, што супернікі вызначаюць «матчдэй» самастойна.

Яшчэ ў «Дняпры» спрабуюць нетыпова весці сацсеткі. З прычыны таго, што грошай на SMM-менеджара і дызайнера няма, вырашылі выкарыстоўваць здольнасці штучнага інтэлекту – «памылак будзе шмат, але хоць бы так». Вось такую афішу да першага матча сезону згенерыраваў ШІ.

А вось такую візуалізацыю віртуальны памочнік зрабіў да публікацыі са скаргай на календар, якая завяршалася допісам пра трэнінг у начным клубе Рагачова.

Заўзятараў «Дняпра» шчыра папярэдзілі пра немагчымасць вядзення відэатрансляцый і падрыхтоўкі фотасправаздач з матчаў. І яшчэ пра тое, што публікацыі ў афіцыйных суполках будуць рэдкімі («у рэжыме галубінай пошты»). Гэта, як лічаць у рагачоўскім клубе, «цалкам адпавядае антымедыйнаму духу турніра».

Януша ў салігорскім новатворы не будзе

Адна з галоўных эпапей белфутбола апошніх месяцаў: банкруцтва салігорскага «Шахцёра», якое мусіць неўзабаве адбыцца. Калісьці чэмпіён Беларусі яшчэ не сканаў, а ў горадзе ўжо створаная новая каманда з немудрагельнай назвай «Салігорск», якая распачне выступ у другой лізе ўжо ў гэтым сезоне. Пра кіраўніцтва, трэнерскі штаб, склад і задачу на Д3-2025 Tribuna.com пісала ў мінулым месяцы.

Новаствораны «Салігорск» згуляе ў чэмпіянаце Мінскай вобласці ў групе «А», у суперніках – копыльская «Бабоўня», стаўбцоўскі «Кронан», жодзінская «Ракета», чэрвеньскі «Колас», барысаўская «Гайна-1997», «Клецк» і ФСК «Слуцк».

Па звестках Telegram-канала «Беларускі мінор l Другая», апроч выхаванцаў «Шахцёра» 2007 года нараджэння, за салігорцаў будуць гуляць 13 футбалістаў «Партызана», які нядаўна спыніў існаванне. У мінулым годзе клуб заваяваў срэбныя медалі Д3 пад кіраўніцтвам Мікалая Януша, праз што атрымаў права на падвышэнне ў класе – але ад Д2 адмовіўся, як і пазней ад удзелу у другой лізе.

Паводле «БМ», самога Януша ў новым клубе не будзе. Тым часам экс-форвардд заняты іншымі справамі – смажыць мяса ў мерчы «Барселоны» і гуляе ў НХЛ – аматарскай «Начной хакейнай лізе» – у форме «Шахцёра».

Януш – №19

Тая ж крыніца паведамляе, што спонсарам «Салігорска» будзе «Беларуськалій», які раней выдаткваў буйныя сумы на «Шахцёр». Але, па інфармацыі Tribuna.com, асноўныя выдаткі на новаствораны клуб збіраліся на сябе браць мясцовыя рэжымныя ўлады.

«Гарадзею» адрадзілі, у Смалявічах – дзіўны навічок

Яшчэ адным навічком чэмпіянату Мінскай вобласці ў другой лізе стане «Гарадзея». Назва знаёмая – такую ж насіў клуб вышэйшай лігі, які загнуўся ў 2021 годзе. Але новы «цукровы» праект да папярэдняга дачынення не мае. «Трыбуна» пра гэта дэталёва распавядала, як і пра планы выйсці ў Д2.

Ёсць навіны і са Смалявічаў. У 2020 годзе аднайменны клуб выступаў у вышэйшай лізе, але праз два гады знік з футбольнай мапы. Горад з двума стадыёнамі застаўся без футбола.

У 2024-м на ўзроўні Д3 Смалявічы былі прадстаўленыя камандай Цэнтра фізічнай культуры, спорту і турызму мясцовага рэжымнага гарвыканкаму («ЦФКСіТ-Смалявічы») – атрымалася так сабе: апошняе месца ў сваёй групе з 1 балам за 14 гульняў і розніцай мячоў 14:98.

У цяперашнім сезоне ад горада будзе выступаць новая каманда – «Спадарожнік». Што цікава, гуляюць хлопцы ў форме і з лагатыпам сканаўшых «Смалявічаў» узору 2020 года, хоць на фота профілю клуба ў Instagram змешчана іншае лога.

Назва новастворанага клуба таксама мае сумнае адценне – падчас сезона-2021 у вышэйшай лізе разваліўся «Спадарожнік» з Рэчыцы. Як карабель назавеце, так ён і паплыве?

З «Мёраў» сышла зорка Д3. У астатнім на Віцебшчыне «рэжым цішыні»

Не атрымалася знайсці ніякай інфармацыі ні пра склад удзельнікаў чэмпіяната Віцебскай вобласці, ні пра тэрміны старту турніра. У ВК-суполцы, прысвечанай футболу ў рэгіёне, апублікаваны дакумент, паводле якога клубы павінны былі пацвердзіць удзел у розыгрышу да 11 красавіка. Вось такія апошнія навіны.

Звяртае на сябе ўвагу пункт пра заявачны ўнёсак: яго збіраюцца вызначыць толькі пасля таго, як даведаюцца пра колькасць пацверджаных удзельнікаў. А што, напрыклад, рабіць, калі ўдзел пацвердзяць, але не пацягнуць названы пазней унёсак? Такая вось беларуская футбольная рулетка.

Ад мінорных клубаў Віцебшчыны навін вобмаль. Напрыклад, 8 красавіка ў Полацку згулялі турнір, прысвечаны 12-годдзю мясцовага клуба. У ім бралі ўдзел каманда-імянінніца, дубль суседняга «Нафтана» і «Паставы». Першае месца занялі рэзервісты навапалачан, «Полацк» стаўся другім, пастаўчане – з бронзай. Гледачоў на трыбунах полацкага стадыёна «Спартак» сабралося няшмат.

Гэтак жа сціпла выглядалі лавы запасных.

А яшчэ прыляцела сумная навіна для аматараў футбола з «Мёраў». Клуб пасля двух сезонаў выступу пакінуў, бадай, самы вядомы футбаліст усёй лігі – 38-гадовы Філіп Рудзік. Падобна, што з футболам экс-гулец зборнай Беларусі (4 матчы) скончыў: узімку паведамлялася, што Рудзік таксама развітаўся з пацешным клубам DMedia.

ivan4ik
Все это напоминает мне старую добрую схему: у нас все «по плану», как всегда. Потешный турнир это Д2
Ответить
0
Вітаўт
Усё як заўжды — трэш, пыха і паказуха замест працы. Трэці дывізіён нібыта патрэбны, але толькі каб справаздачы пісаць і бліжэйшых набліжаных прыладкаваць. Янушы і Рудзікі страчаныя? Ды яны ніколі і не былі знайдзеныя. Футбол на месцах трымаецца на фанатах і настаўніках фізкультуры, а не на гэтых “міністэрскіх” і “абфэшных”. Колькі яшчэ гадоў будуць катаваць аматарскі футбол у Беларусі?
Ответить
0

Другие посты пользователя

У дзюдо нібыта дазволілі беларусам выступаць пад рэжымнай сімволікай. Вось якім бокам тут сябар Пуціна
19 мая, 19:00
Гэтыя беларусы з футбола і хакея муцяць з мадэлямі – у тых бывае праца на спорце і шмат тысяч падпісчыкаў
19 мая, 11:00
«Трактар» вярнуўся праз 2,5 года: «горачка» на месцы, трыбуны моцна паменелі, але ўсё роўна выглядалі вельмі пуста
11 мая, 06:00
4
Віцебск прымаў два запар паўфіналы Кубка – і «МЛ» меў гледачоў у 8 разоў больш! Гэта не баг, а тэндэнцыя – вось чаму так адбываецца
10 мая, 12:30
5
Вось хто ў Беларусі змог, як Хары Кейн: (анты)легенда кубкавых фіналаў, абаронца-форвард, капітаны зборнай
7 мая, 06:23
2
Яшчэ нядаўна быў не гатовы трэнаваць, а цяпер яго каманда – лідар ЧБ: крыўдна звальнялі, вылетаў у Д3, хоча максімум
6 мая, 11:39
4
Туміловіч ужо месяц у Ізраілі: цешыцца пашпартным багаццем, рыхтаваўся да бойкі на стадыёне, нібыта вяртаецца ў пляжку
6 мая, 05:57
4
Маладая зорка пяцібор'я з Беларусі жорстка траўмавалася ў дысцыпліне, якая замяніла скандальную верхавую язду
5 мая, 14:29
3
На пляжным ЧС на Сейшэлах зборная Беларусі гуляе на той жа арэне, што і год таму ў Дубаі. Вось як яна адолела 3 тысячы км
5 мая, 06:29
2
У веласпорце Беларусі адкрылі мастацкую галерэю – уцягнулі іншыя віды ў выставы, прапануюць набыць працы за тысячы долараў
30 апреля, 16:00
Зорная банда «Узды», пераможца Кубку на афішы са Сталіным, касяк з блогерам пад алкаша – такая во весялуха ў Д3
30 апреля, 06:00
«Мяшкоў» не прайграе СКА два гады, хаця можа саступаць і 6 мячоў – цяпер забраў сёмы трафей, асадзiўшы сына Барбашынскага
29 апреля, 12:40
Ён – магістрант, яна – былая сцюардэса. Цікавае пра аднаго з самых закрытых беларусаў НХЛ і яго сям'ю
29 апреля, 06:34
Беларус прэтэндуе на 2 асабістыя ўзнагароды ў галоўнай юніёрскай лізе ЗША. З ім клуб узяў першы за 20 гадоў трафей і рушыць да іншага
28 апреля, 11:00
3
У Д2 ёсць клуб з фантастычнай серыяй няўдач – пайшоў працягваць яе, хоць неспартыўна і не ўсе рэжымнікі ўхвалілі
26 апреля, 06:00
1
Унікальная з'ява ў Д2 Беларусі: людзей на трыбунах быццам бы вобмаль – затое лічбы ў пратаколах ого-го якія!
25 апреля, 14:00
3
Колькі ж адставак у белхакеі! Без працы засталіся ажно два сябручкі Баскава, але не праз іх засмуціўся Захараў
23 апреля, 06:31
Шаранговіч лічыць, што ў гэтым сезоне зрабіў крок назад – а ў апошнім матчы яшчэ і зламаў нагу (але спакойна можа хадзіць)
22 апреля, 15:00
4
У суботу ў ЧБ адбыліся два вельмі падобных эпізоды, але з розным вынікам: выдаленне на карысць «Нёмана» і дуля БАТЭ ў класіка
21 апреля, 16:19
Верагодна, менавіта гэтая жанчына распавяла вашым бацькам пра фітнес, як і сотням тысяч іншых беларусаў. Вось што з ёй цяпер
21 апреля, 12:03
2
Все посты