Туміловіч ужо месяц у Ізраілі: цешыцца пашпартным багаццем, рыхтаваўся да бойкі на стадыёне, нібыта вяртаецца ў пляжку
Сам не «ўкурыў», як апынуўся там на цвярозаю.
Пасля завяршэння футбольнай кар'еры Генадзь Туміловіч, адзін з найлепшых брамнікаў у гісторыі белфутбола і ў той жа час самы эпатажны яго прадстаўнік, атабарыўся ў Расіі. Там пераключыўся з вялікага футбола на пляжны – з 2017 года працаваў у найлепшым клубе краіны «Крыштале» і трэнерам брамнікаў, і нават галоўным, паспеўшы сабраць багата тытулаў.
У студзені Туміловіч пакінуў расійскі клуб і з таго часу не мае працы. Але цяпер, падобна, рэжымны статус «тунеядца» больш не страшыць спартсмена – ён пераехаў на Сярэдні Усход і атрымаў новае грамадзянства.
12 красавіка ў сваім Telegram-канале Туміловіч распавёў, што знаходзіцца ў Ізраілі і што там атрымаў мясцовы пашпарт. Цікава тут тое, што гэта другі дакумент беларуса за год. Дзесьці пад так званыя «выбары» ў студзені 2025-га аматар прыгодаў прыехаў на Радзіму па новы беларускі пашпарт, бо дзеянне старога скончылася. І той візіт атрымаўся вельмі хуткаплынным – было запланавана шмат спраў, але іх, падобна давялося скасаваць:
– Патэлефанавалі, намякнулі, што дакументы зрабіў, і ###### (з'язджай – заўв.) ##### (прэч – заўв.) адсюль, – сказаў Туміловіч, які не лезе па слова кішэню ў тым ліку наконт таго, што тычыцца палітыкі.
Звычайна падобныя «намёкі» сведчаць пра небяспеку, і не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі – рэжымы двух краін шчыльна сябруюць. Але на хуткі ад'езд з РФ нішто не намякала. Напрыканцы сакавіка Туміловіч вучыў расійскага брамніка «Зеніта» беларускім словам перад таварняком з БАТЭ. На пачатку красавіка былы футбаліст быў у Сочы, дзе наведаў базу мясцовага футбольнага клуба. Прыкладна тады ж на расійскім YouTube-канале «СБГ.Шоу» выйшла відэа з Туміловічам. І тут раптам здарыўся пераезд і новае грамадзянства, пра што экс-брамнік распавёў ва ўласцівай яму манеры:
– Народ, усім прывітанне. Як справы? У мяне хе... добра. Ужо ў Ізраілі. Як гэта атрымалася на цвярозаю, дагэтуль не магу зразумець, сіджу, тыдзень туплю, разважаю на гэту тэму. Пакуль не ўкурыў, як гэта атрымалася. У мінулым годзе аніводнага пашпарту, у гэтым – ужо два. Дакументы атрымаў, што буду рабіць, пакуль не ведаю. Адпачываю, кайфую.
Пакуль што пра прычыны змены краіны беларус не распавядаў, як і пра тое, як надоўга з'ехаў. У сацсетках з'яўляўся звычайны кантэнт: прагнозы на розныя матчы, настальгічныя жартачкі – напрыклад, пра ўгон аўтобуса ізраільскім жыхаром, каб паспець на святы дадому (у бытнасць гульцом Туміловіч сам уганяў аўтобус і тралейбус). А як вам падобнае параўнанне Сяргея Кавальчука і яго наглядчыка за «Дынама» Пятра Качуры з героямі фільма «Тупы ды яшчэ тупейшы»?
На новым месцы Туміловіч пачаў знаёміцца з беларускай футбольнай дыяспарай. На матч свайго клуба, «Хапаэля» з Хайфы, экс-брамніка запрасіў Дзмітрый Анцілеўскі. 26 красавіка ў вышэйшай лізе была сустрэча з грандам мясцовага футбола – «Макабі» з Тэль-Авіва.
Першае, што ўразіла Туміловіча на гульні ізраільскага Д1, выканананне гімна:
– Тут яго не прымушаюць спяваць, яны проста любяць сваю краіну! – такая вось рэмарка.
Увогуле, для Анцілеўскага гэта быў першы матч са снежня (з той пары ён аднаўляўся пасля траўму сцягна). Супраць «Макабі» беларус правёў 25 хвілін у другім тайме і галявымі дзеяннямі не адзначыўся, а яго Хайфа ў выніку прайграла 1:3.
Пасля фінальнага свістку Анцілеўскі падарыў Туміловічу майку.
Наведаў Туміловіч і наступны матч «Хапаэля» Анцілеўскага – хайфскае дэрбі супраць «Макабі» 3 траўня. Спярша ветэран паказаў атмасферу на трыбунах, якую апісаў лаканічным словам «п######» (канец), а пазней дадаў:
– Вось так, ###, заўзець трэба, беларусы!
Пасля першага тайма, па выніках якога «Хапаэль» перамагаў 3:0, Туміловіч быццам бы быў блізкі да чарговай прыгоды:
– Абстаноўка абвастраецца, як на полі, так і па-за яго межамі. Ужо пайшлі зарубы паміж заўзятарамі. Сектар «Хапаэля», дзе мы месцімся, ачапіла паліцыя. Але адлегласць да заўзятараў «Макабі» вялікая, думаю, нічога не здарыцца. Калі што – у цэнтры падзей: нас трое беларусаў, пойдзем праверым свае сілы, – казаў Туміловіч, але ў выніку абышлося без боек.
Адразу пасля перапынку на поле выйшаў Анцілеўскі. Туміловіч паставіў, што той заб'е, але ў выніку – ні галоў, ні пасоў. Але «Хапаэль» і так атрымаў буйную перамогу 5:1.
Але за футболам Туміловіч не толькі назірае. 4 траўня ў Telegram-канале легенды белфутбола з'явілася відэапаведамленне, у якім ён заявіў, што вяртаецца да пляжнага футбола:
– Рыхтуемся да ўзнаўлення кар'еры. Магчыма, у браме, магчыма на трэнерскім мастку. Не ведаю. Нядоўга адпачываў ад пляжкі – паехалі! Сустрэнемся ў Назарэ, – сказаў Туміловіч.
Таксама ў Instagram спецыяліста з'явілася фота ў футболцы «Рош Ха-Аін» – пляжнага футбольнага клуба, які ў мінулым годзе дайшоў да паўфіналу ізраільскай лігі.
Увогуле, гэта не самы паспяховы клуб краіны, на яго рахунку толькі адно чэмпіёнства, ды і тое ў 2011 годзе. Але ў апошнія сезоны клуб паспяхова выступае на міжнародных турнірах: перамога на Euro Winners Challenge 2022, пляжным аналагу футбольнай Лігі Еўропы, і другое месца на World Winners Cup у мінулым годзе.
Гаворачы пра Назарэ, Туміловіч меў на ўвазе Euro Winners Cup (аналаг Лігі чэмпіёнаў), які праводзіцца штогод у партугальскім горадзе. У гэтым годзе турнір пройдзе 8-15 чэрвеня – і там згуляе «Рош Ха-Аін». Але ці азначае гэта, што там будзе Туміловіч? У сацсетках клуба няма ніякай інфармацыі пра хоць якое прызначэнне. Была толькі адна гісторыя з трэніроўкі, дзе Туміловіч стаяў спінай да камеры. Ці лічыць усё гэта за «Here we go»?
Нагадаем, што Туміловіч ужо двойчы выйграваў пляжны аналаг Лігі чэмпіёнаў – у 2020 і 2021 годзе ў якасці трэнера брамнікаў расійскага «Крышталя». «Рош Ха-Аін» стане толькі другой пляжнай камандай у кар'еры Туміловіча.