Все новости

Сямён Букін: «Расіі не патрэбны моцныя і незалежныя Беларусь і Украіна, ёй патрэбен толькі плацдарм для сваіх імперскіх мэтаў»

23 марта 2022, 14:37

Беларускі гімнаст Сямён Букін выказаўся на тэму братэрства народаў Беларусі і Расіі.

«Беларусь і Расія – брацкія народы(?)

Ні з кім Расія не ваявала больш, чым з беларусамі. І вядома ж, ва ўзурпаванай краіне пра гэта не пішуць і не гавораць. Войны паміж ВКЛ (Беларуссю) і Масковіяй (Расіяй):

1. 1368 – 1372 гг. 2. 1406 – 1408 гг. 3. 1445 – 1449 гг. 4. 1492 – 1494 гг. 5. 1500 – 1503 гг. 6. 1507 – 1508 гг. 7. 1512 – 1522 гг. 8. 1534 – 1537 гг.: 9. 1563 – 1582 гг: 10. 1609 – 1618 гг. 11. 1632 – 1634 гг. 12. 1654 – 1667 гг.

За 300 каляндарных гадоў адбылося дванаццаць войнаў, якія занялі ў суме 72 гады. За 70 гадоў адбыліся тры антырасійскія паўстанні (1794, 1830 – 1831, 1863 – 1864 гг.). А я, ў дадатак, лічу ў нейкай ступені і падзеі жніўня 2020 г. такім жа паўстаннем супраць маскоўскай дэспатыі, у асобе здрадніка Лукашэнкі.

Усю сваю гісторыю Расія ваявала супраць нас, знішчыла ў гэтых войнах тры чвэрці нашага насельніцтва, знішчыла ў XIX стагоддзі наша дваранства — галоўнага носьбіта нацыянальнай самасвядомасці, а ў XX стагоддзі — нацыянальную інтэлігенцыю.

Увесь час імкнулася пазбавіць нас нацыянальнага аблічча, каб растварыць у сваім этнасе. Плюс раскрадала і рабавала нашу Айчыну — пакуль не зрабіла некалі найбагацейшае ва Ўсходняй Еўропе Вялікае княства Літоўскае жабраком Савецкай Беларуссю.⠀

ЦК КПСС пладзіў міфы кшталту такіх: «Беларусь заўсёды была абярэгам Расіі» і іншае ў тым жа духу. У якасці ідала гэтага міфа абралі Брэсцкую крэпасць — хаваючы той факт, што беларусы яе баранілі разам з палякамі ад нацыстаў яшчэ ў верасні 1939 года, але тых герояў знішчылі органы НКУС.⠀

Ці не дзіўна: адны абаронцы крэпасці ад нацыстаў знішчаюць іншых абаронцаў крэпасці ад нацыстаў? Ды яшчэ ладзяць у 1939 годзе сумесны парад з нацыстамі ў Брэсце. Ну і хто тут фашыст?

Калі б у Беларусі было сапраўды беларускае войска, моцная нацыянальная згуртаванасць, як ва Украіне – то вайна Расіі была б не з Украінай, а з Беларуссю.⠀

Расіі не патрэбны моцныя і незалежныя Беларусь і Украіна, ёй патрэбен толькі плацдарм для сваіх імперскіх мэтаў», – напісаў Букін на сваёй Instagram-старонцы.