Все новости

Букін пра прызнанне экстрэмістам у Беларусі: «Беларусы, не варта забывацца, што ў салідарнасці – наша моц. Не забывайцеся, дзеля чаго ўсё гэта пачалося у жніўні 2020-га»

1 мая 2022, 15:50
1

Беларускі гімнаст Сямён Букін адрэагаваў на тое, што ў Беларусі яго прызналі экстрэмістам за ўдзел у праектах Фонда спартыўнай салідарнасці.

«Не паспеў я адчуць новае прызначэнне трэнерам у сваім шоў, як атрымаў яшчэ адно у Беларусі – «экстрэміст». За тое, што ўдзельнічаю у праектах Фонду Спартыўнай Салідарнасці.

Дарэчы, гэта не першае маё абвінавачванне у «экстрэмізме». У сьнежні мінулага года я ўжо атрымліваў такое, бо быў дэлегатам “Схода”.

Я вельмі рады таму, што хоць неяк дапамагаў Фонду ў тых праектах, якія яны ажыцьцяўлялі і працягваюць ажыцьцяўляць. Меў бы выбар зноў – я б рабіў гэта з яшчэ большай моцнасцю.

Для мяне вялікі гонар быць у камандзе з гэтымі людзьмі. Іх якасці гавораць самі за сябе. Канешне, нядаўні сыход Аляксандры Герасімені мяне моцна засмуціў і патрос. Але, як сказала сама Саша, – гэта толькі новы маршрут у нашым агульным шляху. Шляху да перамогі над лукашызмам.

А хто ў рэчаіснасці з’яўляецца тэрарыстам – ўсе вы цудоўна ведаеце. Калі не – я вам пакажу. Карту прынёс, там 4 пазіцыі...

Навешванне ярлыкоў «экстрэмізму» не зменіць імкнення змагацца да пераможнага канца. І не прымусіць спалохацца. Нават наадварот. Мы ў спорце даўно праз гэта прайшлі.

Зараз вельмі часта назіраю за нашым ўсім вядомым «бульбасрачам». Сумна. Ідуць ўзаемныя падазрэнні, абвінавачанні. Увогуле, прапаганда і метады гэбні зноў пачынаюць набываць сваю моц.

Беларусы, не варта забывацца, што ў салідарнасці – наша моц. І што у нас адна вялікая агульная мэта. Не варта забываць, колькі палітвязняў, ахвяр і гвалтаванняў мы атрымалі і працягваем атрымліваць. Фота рэйкавых партызан з прастралянымі каленамі застануцца ў памяці надоўга, калі не назаўжды.

Не забывайцеся, дзеля чаго ўсё гэта пачалося у жніўні 2020-га. Беларус беларусу беларус», – напісаў Букін.