Все новости

Маці Шчэрбы: «Лукашэнкам я задаволеная. Малюся, каб яго не прымусілі ўлезці ў вайну. Ён жа на кручку ў Расіі»

9 июня 2022, 20:00
1

Маці экс-гiмнаста зборнай Беларусi Віталя Шчэрбы Валянціна пракаментавала словы свайго сына, што яна змяніла сваю пазіцыю наконт Аляксандра Лукашэнкі, а таксама выказваецца супраць вайны, якую вядзе Расія супраць Украіны з 24 лютага з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi.

Валянціна Шчэрба, якая ў 2020 годзе падпiсала прарэжымны лiст, нарадзiлася i вырасла ва Украіне, ейны брат жыве непадалёк ад Чарнобыля, а пляменніца ў Кіеве.

«Стаўленне да Пуціна ў мяне 25 гадоў такое ж, як і цяпер. Мне ён ніколі не падабаўся, ніколі. Я выхаваная на тым, што людзей нельга абражаць, што нават да ворага трэба ставіцца з павагай, з гонарам, а тут такога няма і блізка. Расiя нападае на Украіну гэтаксама, як Нямеччына напала на СССР у 1941-м, без абвяшчэння вайны. Як так? 

Гэта не спецаперацыя, а вайна. А ў Расіі за слова «вайна» могуць узяць за белыя ручанькі і тэрмін даць. Фэйкавыя навіны паўсюль у Расіі. Але я ўпэўненая, што зло будзе пакаранае. У мяне ёсць сяброўка-расіянка, з якой часта разыходзімся. Я ёй кажу: дабро ўсё адно пераможа зло, і мы ўбачым потым, адкуль гэтае зло паходзіць. 

Калі шчыра, то раней заўсёды рвалася дадому [падчас наведвання сына ў ЗША], а апошні раз [пасля пачатку вайны] нават не хацелася вяртацца. Я прымушала сябе ехаць. Я не «пераабувалася», як цяпер кажуць, у мяне няма нянавісці, няма адрынання радзімы, але вось не ведаю, што з сабой рабіць.

У мяне не змянілася стаўленне да Лукашэнкі. Лукашэнкам я задаволеная. Правільна, што ён утрымліваецца. Я малюся, каб яго не прымусілі ўлезці туды [у вайну]. Ён вельмі мудра паступае. Але ж як цяжка яму трымацца, ён жа на кручку ў Расіі. Трэба, каб нешта ці нехта змянілася ў Расеі. Я веру, што Лукашэнка сваю краіну не аддасць», – сказала маці шасціразовага алімпійскага чэмпіёна.