Все новости

Экс-гімнаст Букін: «На чэмпіянаце Беларусі па спартыўнай гімнастыцы ў мае часы маглі ўдзельнічаць 50-70 чалавек, зараз ледзьве набіраюць 20»

19 октября 2022, 17:02

Экс-гімнаст і былы старшы трэнер зборнай Беларусі, а зараз артыст Cirque du Soleil Сяён Букін у інтэрв’ю «Трыбуне» распавёў, пра тое, як сучаснае пакаленне гімнастаў да трэніровачнага працэсу.

– Некалі ты выступаў у складзе моладзевай зборнай па спартовай гімнастыцы. Якія засталіся ўражанні?

– Сам факт, што ты трапляеш у зборную – гэта проста вау, не можаш у гэта паверыць. Мы трэніраваліся ў Стайках са старшай камандай. Я ўпершыню прыехаў туды яшчэ да Алімпіяды ў Сіднэі і заспеў там легендарных гімнастаў, таго ж Івана Іванкова, Віталя Шостака, Паўлоўскага, быў у захапленні. Хваляваўся кожны раз, калі ў залу заходзіў наш славуты трэнер Віктар Дайлідаў, рабіў лепшае, што мог, і быў на стрэсе.

– Гэты стрэсавы падыход – ён прадуктыўны?

– Для кожнага – па-рознаму. Стрэс у гімнастыцы заўсёды ёсць, проста кожны на яго па-рознаму рэагіруе, і трэнер павінен ведаць свайго вучня, разумець, як з ім лепш працаваць, быць больш жорсткім ці больш мяккім.

– Як зараз з гэтым у беларускай спартовай гімнастыцы?

– Зараз усё зусім не так, як было ў мой час, ужо даўно няма ні той зборнай, ні таго атачэння. Я працаваў пару гадоў таму кіраўніком мужской нацыянальнай каманды, і ўжо тады ў зборнай было зусім не тое: настроі былі больш вольныя, спартсмены ўвогуле маглі адмаўляцца ад збораў. А ў мой час, каб трапіць на збор, трэба было вельмі шмат працаваць і выйграць медаль на чэмпіянаце Беларусі, то-бок не памятаю, каб ад збораў нехта адмаўляўся. Зараз жа стаўленне да зборнай не вельмі сур’ёзнае.

– Тыя, хто зараз у зборнай, не маюць да яе той павагі, як у твае часы?

– Так. У мой час, памятаю, мы ўсе глядзелі на гадзіннік і ледзьве не маліліся, каб толькі не зайшоў Дайлідаў. Але ён прыходзіў ці за хвіліну, ці роўненька ў 11-30, і гэта быў стрэс. Зараз такога няма, гімнасты прыходзяць на трэніроўку расслабленыя, валтузяцца сабе, а ў нас не было раздзяўбайства.

У мае часы было шэсць чалавек у асноўным складзе нацыянальнай каманды, тры-чатыры запасных, моладзевая каманда недзе з васьмі чалавек і некалькі запасных, то-бок на зборы магло быць чалавек 20. Калі я туды прыязджаў пару гадоў таму, пабачыў на зборы чалавек шэсць-восем. На чэмпіянаце ў мае часы маглі ўдзельнічаць 50-70 чалавек, зараз арганізатары ледзьве набіраюць 20 удзельнікаў, і гэта я яшчэ кажу пра катэгорыю дарослых, то-бок і гімнастаў зараз няма, – сказаў Букін.