Все новости

Аляксандр Апейкін: «Для мяне не было сюрпрызам, што шмат хто падпісаў ліст спартоўцаў супраць гвалту. Мяне здзівіла, што знайшліся людзі ў спорце, якія паказалі свой нечалавечы твар»

15 июля 2022, 10:56

Кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін расказаў пра тое як на фоне пратэстаў пасля выбараў 2020 года быў распрацаваны ліст спартоўцаў супраць гвалту і за сумленныя выбары, а таксама, што яго ўразіла больш за ўсё, калі ліст з’явіўся.

«Мы з клубам будавалі планы на восень, у нас з’явіліся новыя партнёры. Мы стартавалі з «Віцязем» у вышэйшай лізе Беларусі. Увесь час быў прысвечаны клубу. Абмяркоўвалі, што адбываецца [у грамадстве перад выбарамі], але адчуванне было такое, што ўсё будзе як заўжды — 10 жніўня ўсе спакойна пойдуць на працу, а Лукашэнка ціха сыйдзе ў 2025 годзе

Я бачыў чэргі ля месцаў, дзе збіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, ведаў пра затрыманьні. Але мой сцэнар быў такі, што ўлада не прыменіць гвалт — праігнаруе мітынгоўцаў, і яны за некалькі дзён разыдуцца. Але адбылося тое, што адбылося. Дзяржава зрабіла з людзьмі нешта неверагоднае. І людзі выйшлі не таму, што была фальсіфікацыя выбараў. Яны выйшлі менавіта праз той гвалт, які ўчыніла дзяржава.

[Я] выходзіў у асноўным у сваім раёне, на Прытыцкага. Удзельнічаў у блакаваннях руху. Бачыў увесь «трэшняк», які адбываўся на Кунцаўшчыне, на Каменнай Горцы. І ў гэты ж тыдзень мы пачалі сустракацца са спартоўцамі. Вырашалі, што мы можам зрабіць са свайго боку як частка грамадства. Мы пачалі пісаць адкрыты ліст спартоўцаў супраць гвалту. І ў той момант для мяне не было сюрпрызам, што так шмат людзей адгукнулася. Мяне здзівіла, што знайшліся людзі ў спорце, якія паказалі свой нечалавечы твар. І гэта былі мае знаёмыя ў тым ліку (Апейкін мае на ўвазе Барбашынскага, Рутэнка, Багдановіч, Баскава – заўв. Tribuna.com).

Для мяне гэта быў разрыў шаблона. Гэта ж людзі, якія пабывалі ў Еўропе, папрацавалі там. Павінны былі б мець уяўленне аб цывілізаваных правах. Але яны такія рэчы падтрымліваюць... Для мяне гэта было шокам. Больш здзівіла гэта, чым тое, што спартоўцы падпісвалі ліст супраць гвалту», – расказаў Апейкін.