Все новости

Апейкін аб звальненні топ-менеджаркі «Мяшкоў» Сямёнавай: «Прадказваю крызіс БГК. Нават пасля скасавання санкцый наўрад ці з’явяцца гульцы высокага ўзроўню»

2 ноября 2022, 09:33

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонда спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін пракаментаваў навіну, аб тым, што топ-менеджарка «Мяшкоў Брэст» Лідзія Сямёнава пакінула гандбольны клуб і з’ехала за мяжу.

Акрамя гэтага, паводле інфармацыі «Белсату», спартовы дырэктар Павел Башкін, які цяпер перабывае ў Іспаніі, блізкі да таго, каб развітацца з клубам.

«Стала вядома, што Брэстскі гандбольны клуб «Мяшкоў Брэст» пакінулі знакавыя фігуры – дырэктар па маркетынгу Лідзія Сямёнава і спартыўны дырэктар Павел Башкін. Яны ўвогуле пакінулі Беларусь.

Для разумення: Лідзія Сямёнава і Павел Башкін не былі нейкімі шараговымі мэнэджарамі. Яны фактычна і стварылі той БГК, якім мы прызвычаіліся бачыць яго ўсе гэтыя гады. Башкін працяглы час цалкам закрываў усю спартыўную частку клуба, займаўся селекцыяй і запрашэннем топавых гульцоў у клуб. Шмат гучных трансфераў у БГК былі магчымы толькі праз яго асабістыя кантакты, якія за адзін дзень не выбудуеш. Сямёнава рабіла ў прынцыпе максімальна магчымы ў беларускіх умовах маркетынг каманды. У яе быў велізарны досвед.

З гэтай навіной магу смела прадказаць сур’ёзны крызіс для БГК ў бліжэйшыя часы. Клуб на парозе заняпаду, бо з самага пачатку быў арыентаваны на міжнародны ўзровень, а не на ўнутраны чэмпіянат з шасці маладзёвых каманд і дзесяткам заўзятараў на трыбунах. Сама канцэпцыя клуба прадугледжвала штогадовы выступ у Лізе чэмпіёнаў, наяўнасць вялікай аўдыторыі і высокую медыйнасць.

Нават пасля скасавання санкцый, якое адбудзецца праз 2-3 гады, наўрадці ў БГК з’явяцца гульцы высокага ўзроўню з-за таксічнага іміджу самой краіны. Гульцы маглі б ісці пад гарантыі аўтарытэтнага мэнэджара, але яго ўжо няма. Таму Ліга чэмпіёнаў і Ліга Еўропы для БГК будуць закрытыя надоўга. Увогуле, клубу будзе вельмі цяжка інтэгравацца ў новыя ўмовы, пакуль асноўным спонсарам будзе з’яўляцца расейскі «Газпром» ці ягоныя афіляваныя структуры», – напісаў Апейкін у сваім Telegram-канале.