Чэмпiёна з даверам Лукашэнкi выкінулі з запiсанага на жонку бізнесу – кажа пра «ўдар у спiну», але ўсе падставы даў сам
Па стаўленнi з боку рэжыму таксама ёсць пытанні.
Экс-гандбаліст, а цяпер намеснік старшыні беларускай федэрацыі гандбола Андрэй Барбашынскі ўжо шмат гадоў публічна не дае ўсумніцца ў сваёй вернасці рэжыму Лукашэнкі. Да выбараў 2020-га былога спартсмена нават зрабілі «даверанай асобай» дыктатара, а пасля Барбашынскі працягнуў падтрымліваць рэжым і валіць усе яго праблемы на Еўропу. І ў 2024-м перад «выбарамі» ў «парламент» Лукашэнкi быў часткай агітацыйнай сыстэмы.
Але на выбарах-2024 здарылася нечаканае. Чэмпіён АГ-1992 там хацеў стаць членам савета «дэпутатаў» Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці. Для вылучэння функцыянера сабралі подпісы і нават правялі сход працоўнага калектыву «Белабедынг» – кампанii па вытворчасцi матрацаў iншых рэчаў для камфортнага сну, дзе Барбашынскi шмат гадоў быў дырэктарам. Праўда, ён падаў дакументы ў «кандыдаты» як намеснік старшыні БФГ, але не думалася, што гэта праблема.
Аднак у спіс зарэгістраваных «кандыдатаў» Барбашынскага ў выніку не ўключылі. І гэта ў родных для экс-гандбаліста Ашмянах, дзе нават ДЮСШ названая яго імем. У выніку ў мясцовай «выбарчай акрузе» быў роўна адзін «кандыдат» – член «камуністычнай партыі» і супрацоўніца выканкаму Лукашэнкі па Ашмянскім раёне Вольга Барысенка-Рабко, якой напісалі 70% «галасоў».
А ў свежым інтэрв“ю ў Барбашынскага спыталі пра пераезд з Гродна ў Мінск – са словамі, што ён здарыўся «не так даўно», пры тым што жыхаром Мінска экс-гандбаліст быў пазначаны ў «выбарных» дакументах ужо ў пачатку года. А функцыянер у адказ расказаў, што страціў месца ў бізнесе! І абвінаваціў у гэтым зноў еўрапейцаў.
– Развіваліся паспяхова: з 27 чалавек штата разрасліся да 230, 85% прадукцыі сыходзіла на экспарт. Але цяпер я больш не дырэктар, а прадпрыемства таго ўжо няма. Санкцыі паўплывалі, але справа ў іншым. Еўрапейцы нас кінулі. Аднаго дня па загадзе кіраўніцтва галаўнога прадпрыемства мяне не пусцілі на парог фабрыкі – выйшаў нейкі мужык і заявіў, што ўпершыню мяне бачыць. За гэтым стаяць нямецкія партнёры, з якімі знаёмыя велізарную колькасць гадоў. Яны бывалі ў маiм доме, запэўнівалі ў вечным сяброўстве, а потым ударылі ў спіну. Але гэта чыста заходняя гісторыя: бізнес і нічога асабістага, – паскардзіўся Барбашынскі.
Па ўсіх прыкметах гаворка ішла пра «Белабедынг», ды і іншых прадпрыемстваў, звязаных з функцыянерам, быццам і не было. Затое былі нагоды зняць дырэктара ў нямецкай кампаніі Fey&Co, былога ўласніка «Белабедынгу». На праблемы з фірмай Барбашынскі публічна скардзіўся яшчэ год таму – маўляў, з-за еўрапейскіх санкцый страціў амаль увесь імпарт, на беларускі і расійскі рынак атрымлiвалася збыць толькі 10% прадукцыі, прыйшлося масава скарачаць працаўнікоў. З такімі паказчыкамі жаданне гаспадароў знайсці новага менеджара больш чым лёгка зразумець.
Ды і да таго Барбашынскі выдаваў заявы, якія выклікалі пытанні да яго кампетэнтнасці ў бізнесе ў прынцыпе.
Пры гэтым няма праўды ў словах Барбашынскага, што нiбыта «прадпрыемства таго ўжо няма». Гэта можна было б спісаць на тое, што рэжымнік з пэўнага моманту не сачыў за сiтуацыяй – паводле здабытых «Зеркалом» дакументаў, 18 верасня 2023-га ўласнік апавясціў рэжымныя органы пра замену кіраўніка, а ўжо 10 кастрычніка сапраўды падаў дакументы на ліквідацыю.
Аднак у пачатку сакавіка 2024-га працэс быў спынены, а кампанія набыла новага ўладальніка – нейкае беларускае ТАА «Экспрэс тэхналогіі», зарэгістраванае ў Мiнску толькі ў сёлетнім лютым, якое атрымала 100%-ю долю «Белабедынгу» з ацэнкай амаль у 3 мільёны долараў. Вось толькі наўрад ці Барбашынскі зусім пра гэта не ведаў – таму што, як аказалася, з мая 2022-га па сакавік 2024-га ўладальніцай прадпрыемства значылася Ірына Барбашынская, жонка функцыянера.