Все новости

Былы дырэктар «Лакаматыва»: «Я разумеў, што, хутчэй за ўсё, страчу працу. Нават зьдзівіўся, што гэта адбылося толькі ў кастрычніку»

20 января 2021, 11:15

Звольнены з пасады выканаўцы абавязкаў дырэктара хакейнага клюбу «Лякаматыў» (Ворша) Яўген Мазура вымушана зьехаў зь Беларусі, перадае «Радыё Свабода».

Мясцовы райвыканкам спыніў з 36-гадовым мэнэджэрам працоўныя адносіны пасьля падпісаньня ім адкрытага ліста з патрабаваньнем да ўлады. Знайсьці занятак у спартовай індустрыі на радзіме адмыслоўцу не ўдалося.

Мазура кажа, што да траўня 2020 году лічыў сябе «збольшага апалітычным чалавекам». Быў заняты працаю, разьвіваўся як адмысловец спартовага мэнэджмэнту. Выбарамі ў розныя гады цікавіўся, але ня бачыў у іх «яскравых удзельнікаў», а апазыцыя падавалася яму не гатовай да барацьбы за ўладу. Сытуацыя зьмянілася летась. Яго ўразіў размах рэпрэсіяў супраць тых хто выйшаў пратэставаць. Пра тое, што адбывалася, Яўген даведваўся з інтэрнэту. Кажа, што прапускаў усё празь сябе і зарабіў у выніку бяссоньніцу.

У канцы жніўня Яўген падпісаў «Адкрыты ліст з патрабаваньнем да ўлады», бо палічыў сваім абавязкам «зрабіць гэты невялікі крок» да спыненьня неапраўданай жорсткасьці і гвалту.

На ягоную думку, нават сілавікі не былі гатовыя, што «народ аб’яднаецца дзеля лепшага жыцьця».

«Тое, зь якой самаахвярнасьцю беларусы ўзьняліся, выклікае вялікую павагу. Як пераможам, то слова «народ», калі гаворка зойдзе пра беларусаў, варта пісаць зь вялікай літары», – лічыць ён.

Падпісаньне адкрытага ліста абурыла фэдэрацыю хакею і ейнага старшыню Дзьмітрыя Баскава, зь якім у Яўгена Мазуры адбылася гутарка.

Ён кажа: калі ў верасьні «Лякаматыў» сышоў на месячны карантын праз каранавірус, Баскаў зьвязаўся з кіраўніцтвам Воршы. Адразу пасьля гэтага мясцовыя чыноўнікі запатрабавалі ў клюбе кантракт і графік працы дырэктара. Да гэтага больш за два гады нікога не цікавіла, як каманда дасягае вынікаў, бо сытуацыя ўсіх задавальняла, адзначае Яўген.

Паводле яго, у беларускім хакеі не прынята выказваць грамадзянскую пазыцыю. Маючы досьвед працы на кіроўных пасадах, Мазура прадбачыў, што яго чакае.

«Я разумеў, што, хутчэй за ўсё, страчу працу. Нават зьдзівіўся, што гэта адбылося толькі ў кастрычніку, а ня значна раней».

15 кастрычніка быў апошнім ягоным працоўным днём на пасадзе начальніка каманды, старшага трэнэра ды выканаўцы абавязкаў дырэктара хакейнага клюбу «Лякаматыў». Фармальна Яўгена Мазуру звольнілі па згодзе бакоў.

Паводле ягоных зьвестак, неўзабаве пасьля гэтага ў каманду наведаўся дзяржкантроль. У канцы сьнежня праверка скончылася – і цяпер на яго нібыта хочуць ускласьці «нейкія страты».

Суразмоўца цьвердзіць: зь першага дня прызначэньня на пасаду выконваў значна больш абавязкаў, чым было прадугледжана кантрактам. Ён прасіў наймальніка паставіць некага дырэктарам, каб самому застацца начальнікам каманды – старшым трэнэрам. Але ягоныя звароты пакідалі без задавальненьня.

Па звальненьні Яўгену Мазуру знайсьці занятак у беларускай спартовай індустрыі не ўдалося, і ён вырашыў зьехаць. Гаварыць пра тое, як складзецца жыцьцё за мяжой, пакуль не гатовы. Як будзе магчымасьць, то вернецца на радзіму, каб тут выкарыстоўваць досьвед спартовага мэнэджра.

Клюб аштрафавалі, бо гульцы не трымалі на сэрцы рукі падчас гімна.

Яўген Мазура кажа, што клюб перажываў ягонае звальненьне. Многія з хакеістаў прыходзілі ў каманду пад пэўныя гарантыі, бо ён меў магчымасьці іх даваць.

«Я не хацеў падбіваць каманду на пратэставыя дзеяньні ў сувязі з маім звальненьнем, бо гэта было б няправільна», – адзначае ён.