Вольскі пра адмену ЧС-2021: «Мне здаецца, гэта вельмі моцны ўдар па Лукашэнку, таму што гэта любiмая цацка»

Беларускі музыкант Лявон Вольскі выказаўся наконт ЧС-2021, які быў павінны адбыцца ў Мінску.

- Міжнародная федэрацыя хакея прыняла рашэнне аб пераносе чэмпіянату свету ў Мiнску.

– Некампетэнтна на гэты конт разважаць. Ну перанеслі, значыць, як вы самі разумееце, яны гэта пытанне ўзважвалі, калегіяльна абмяркоўвалі і вырашылі перанесці. Наколькі я ведаю, яны гэта абгрунтоўваюць тым, што дастаткова тут небяспечная сітуацыя. І я таксама падалучаюся да іх – не вельмі бяспечна тут знаходзіцца. І ў сэнсе пандэміі, таму што, наколькі я разумею, вакцынацыю плануецца пачаць недзе там у красавіку, таму сітуацыя пандэмічная вельмі кепская. Ну і вы самі ведаеце, што ў нас на вуліцы робіцца. Канешне, людзі прыедуць. Раптам сцягі будуць камандаў... Фанаты прыедуць у нейкіх такіх колерах, якія не ўспрымаюць нашы ахоўнікі правапарадку. Маглі быць розныя сітуацыі, калi б праводзілі чэмпіянат, калі не была б гарантавана бяспека.

- Адмена чэмпіянату – моцны ўдар па Лукашэнку?

– Мне здаецца, вельмі моцны, таму што гэта любiмая цацка – хакей, спорт… І калi б тут праводзілі – гэта была б адразу легітымацыя ўсяго таго, што адбываецца. У нас жа спорт тыпу па-за палітыкай, але калі праводзіцца чэмпіянат свету ў краіне, дзе вельмі сур’ёзныя, катастрафічныя праблемы з правамі чалавека, то мы ўжо мелі адну Алімпіяду ў 30-х гадах у Берліне. Таксама ўсе падумалі, можа быць, неяк улагодзіць дыктатара, але неяк так адбылося, што не зусім па-за палітыкай гэта атрымалася.

- Гэта дарэчнае параўнанне: Берлін-1936 і Мiнск-2021?

– Ну не, безумоўна, маштабы зусім розныя. Але параўноўваць усё роўна можна некаторыя рэчы. Канешне, маштабы розныя былі і тагачаснага нямецкага рэжыму параўнальна з нашым цяперашнім. І Алімпіяда ўсё ж такі не чэмпіянат свету, гэта буйнейшае мерапрыемства, тым больш не чэмпіянат свету па хакеі, таму што хакей – гэта такі досыць, наколькі я разумею, вузкі сегмент спорту. Ёсць значна больш папулярныя віды спорту, той жа самы футбол. Карацей, хакей – гэта так… Проста ў нас любяць вельмі чамусьці гэты спорт, хаця не адбіваецца неяк на дасягненнях чамусьці, не магу зразумець чаму, хаця ўсё ёсць: арэны, быццам бы маладое пакаленне павінна выхоўвацца, ёсць такія настаўнікі, усё робіцца, а мы ўсё неяк там не бліскуча гуляем. Ну, параўноўваць можна заўсёды ўсё з усім. Прынамсі, мы маем такія прыклады, калі быццам бы ў імя дабра праводзілі Алімпіяду, а атрымалася, што толькі ўмацавалі пазіцыі дыктатара, – сказаў Вольскі.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья