Румо пра адʼезд у Польшчу: «Да апошняга была надзея, што ў Беларусі нешта зменіцца. Я думаў, што розум запануе, не думаў, што да такога маразму дойдзе»

Былы галоўны трэнер юнацкай зборнай Беларусі па хакеі Аляксандар Румо, які пайшоў у адстаўку летась у верасні, разам з сямʼёй з’ехаў у Польшчу, у эфіры «Свабоды Premium» расказаў пра прычыны адʼезду і планы ў новай краіне.

Вы пайшлі ў адстаўку летась у верасні з прычыны разыходжання ў палітычных поглядах з кіраўніцтвам федэрацыі хакею Беларусі, амаль год былі без працы па спецыяльнасці ў Беларусі. Зусім нядаўна пераехалі ў Польшчу. Раскажыце, якім быў для вас год пасля адстаўкі і што стала апошнім аргументам на карысць адʼезду?

— Год быў вельмі «баявы». Такога года ў маім жыцці яшчэ не было. Практычна год я жыў без хакею, але форму не губляў, у мяне былі трэніроўкі з адной дзіцячай камандай. Там я падтрымліваў нейкую трэнерскую форму, не забываў, як трэба стаяць на каньках, як свістаць. Працаваў у аднаго сябра... Год быў цяжкі і ў той жа час павучальны.

У снежні, калі мы размаўлялі, вы казалі, што «ніякага ціску на мяне не аказваецца». Ці так было далей? Чаму вырашылі, што ўсё ж трэба з’яжджаць?

— Я адчуваў, што знаходжуся пад нейкім наглядам. Некалькі разоў да мяне наведваліся з Першамайскага РУУС. Я асабліва гэтаму значэння не надаваў. Але калі ў краіне пачалі грукацца і проста заходзіць да людзей, у якіх ёсць дзверы, не вельмі бяспечна стала заставацца. Паўночная Карэя ўвайшла ў наша жыццё і распарадзілася. І я прыняў рашэнне, што трэба пакідаць краіну.

Няпростае рашэнне. Вы разам з сямʼёй з’ехалі. Як уладкаваліся ў Польшчы? Ці ёсць магчымасьць працы хакейным трэнерам?

— Рашэнне было прынятае ў красавіку-маі. Да апошняга была надзея, што ў краіне нешта зменіцца. Я думаў, што розум запануе, не думаў, што да такога маразму дойдзе. Напісаў у польскую амбасаду, патлумачыў сітуацыю, мне і маёй сямʼі выдалі візы. Майму малодшаму сыну трэба ісці ў першы клас, старэйшы ў школу ходзіць. Са школьнай праграмы ў Беларусі выкраслілі Алексіевіч, там ёсць праграма «Малыш-патрыёт», у школах зноў з’яўляюцца ваенрукі. Хочацца, каб мае дзеці жылі ў свабоднай краіне. У тым ліку і дзеля дзяцей я сабраўся і паехаў. І самому яшчэ хочацца пажыць у свабоднай краіне.

У Польшчы я ўдзельнічаў у двухтыднёвым трэніровачным лагеры, у які мяне запрасілі адразу па прыездзе. Думаю, што да канца гэтага тыдня я вызначуся з далейшай трэнерскай карʼерай. Спадзяюся, што я застануся трэнерам, толькі ўжо не ў Беларусі, а ў Польшчы.

Вы сказалі, што яшчэ была надзея. А цяпер яе няма, ці яна меншая?

— Надзея памірае апошняй. Але гледзячы на тое, што адбываецца... Мне 50 гадоў. Я не так мала пажыў і пабачыў. Я працаваў у сістэме. Я жыў пры Лукашэнку 27 гадоў. Ці гэта нас не зусім тычылася, ці мы ўмелі сыходзіць ад усяго гэтага ў нейкую ўнутраную эміграцыю... Я ніколі не думаў, што дойдзе да такога, што цяпер адбываецца ў нас у краіне. Надзея ёсць, але я ня ведаю, як яна можа прывесці да перамогі, іншага жыцця, свабоды. Я пакуль не бачу шляхоў, хоць надзеі і веры не губляю. Надзея нейкая далёкая, калі параўноўваць са жніўнем мінулага году, калі ўсё пачыналася. У красавіку быў не проста спад і зацішша, проста пэўнай групе людзей дазволілі абсалютна ўсё, а іншым нельга нават коса глянуць, – сказаў Румо.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные