Все новости

Румо пра беларускі хакей: «Людзі проста сагнуліся. Яны згорбіліся і працягваюць ціхенька рабіць сваю працу»

17 августа 2021, 19:41

Былы галоўны трэнер юнацкай зборнай Беларусі па хакеі Аляксандар Румо, які пайшоў у адстаўку летась у верасні, разам з сямʼёй з’ехаў у Польшчу, у эфіры «Свабоды Premium» расказаў пра тое, што спартовец можа стаць зоркай толькі у свабоднай краіне.

За гэты год я шмат разоў хацела звярнуцца да вас па каментар, але свядома гэтага не рабіла, бо шчыры адказ мог быць небяспечным для вас. Што адбывалася гэты год у беларускім хакеі? Якая атмасфера, якія настроі хакеістаў? Ці з’яжджаюць іншыя спартсмены? Ці рыхтуюцца да адʼезду?

— З беларускім хакеем я не быў звязаны амаль год, за выключэннем некалькіх чалавек, з якімі я падтрымліваў адносіны. Там нічога не адбываецца. Людзі проста сагнуліся. Не тое што супакоіліся, яны і не падымаліся. Яны згорбіліся і працягваюць ціхенька рабіць сваю працу.Што тычыцца спорту ўвогуле, Алімпійскія гульні ў Токіа ўсё расставілі на свае месцы — дзе мы, а дзе спорт і ўвогуле дзе ўсё.

Тут справа не ў хакеі, лёгкай атлетыцы, штанзе ці іншым віду спорту. Спартсмены, асобы растуць толькі ў свабоднай краіне. Гэта аксіёма. Вырасціць зорку сусветнага класу пад бізуном і пад такім ціскам — не ведаю, як магчыма. Раб усё роўна ніколі не стане супер-чэмпіёнам, свабодна не будзе ні перамагаць, ні прадстаўляць сваю краіну. У нейкі момант ён можа і даць нейкі вынік пад страхам і нейкім ціскам. Але вялікую, зорную спартыўную карʼеру пабудаваць немагчыма.Справа ў самім грамадзтве. У свабодным грамадзтве, дзе жывуць свабодныя, самадастатковыя людзі, няма праблемаў ні са спортам, ні з медыцынай, ні з адукацыяй. Ёсць адна праблема — канкурэнцыя. Калі хочаш чагосьці дасягаць, ты павінен канкураваць і перамагаць у сумленнай барацьбе.

У Польшчы не сказаў бы, што хакей моцны. Але тут іншы падыход. Я бачыў, як у нас у Салігорску мужчына па шлеме хлопца ўдарыў. Вялікая розніца з тым, як польскія трэнеры вядуць трэніроўкі. Да дзяцей, якія вельмі слабыя, стаўленне, нібы яны майстры. Іх падбадзёрваюць, нават калі гулец слабы, яму даюць магчымасць раскрыцца нейкім чынам. Я перакананы, што нашаму хакею гэтага не хапае. Усе хочуць з дзесяцігадовымі дзецьмі абавязкова заняць першае месца, каб прэмію атрымаць. А што потым будзе з гэтымі дзецьмі, ці патрэбнае ім гэтае першае месца, ніхто пра гэта не ведае.

У Польшчы на першым месцы — адносіны, камунікацыя трэнера з дзецьмі, тут нельга крычаць, ні ў якім разе не біць. Ты павінен разам ісці да нейкай мэты, хоць і бачыш, што, можа, дзіця яе і не дасягне, але ты ўсё роўна яго матывуеш. Мне такі падыход вельмі імпануе. І гульцы ўсё роўна з’яўляюцца. Ніхто нікога не прымушае, не крычыць, усё на пазітыве, і ёсць добрыя гульцы ў выніку. І палякі будуць граць кваліфікацыю ў жніўні. Тут ад зборнай шмат чакаюць Яны абыгралі казахаў і лічаць, што ёсць шанец пазмагацца за алімпійскую пуцёўку.