З будучай жонкай Талапіла сустракаўся, яшчэ калі яму было 15 – яна вучылася бізнесу і бачыла дэбют у НХЛ з трыбун
Вяселле зладзілі адразу пасля матчу.
15 красавіка 25-гадовы Мікіта Талапіла стаў другім беларускім брамнікам пасля Аляксея Коласава, які згуляў у матчы НХЛ. Удалая гульня беларуса дапамагла «Ванкуверу» перамагчы «Сан-Хасэ» (2:1), а сам кіпер быў прызнаны трэцяй зоркай сустрэчы.
Нягледзячы на адметнасць матчу, брамнік распавёў журналістам, што перад дэбютам зусім не хваляваўся. Куды больш нервавалася маці хакеіста, якая глядзела матч з Мінску, бо не можа прыляцець да сына праз складанасці з атрыманнем візы. Адзінымі блізкімі, хто назіраў за паспяховым дэбютам Талапілы ў галоўнай лізе свету, былі два сябры і жонка. Для апошняй матч быў таксама вельмі эмацыйным – з мужам яна прайшла ўвесь шлях да НХЛ: пачынаючы з Беларусі, праз шведскі Д2 і АХЛ.
Жонку Мікіты Талапілы завуць Аляксандра, у траўні ёй споўніцца 24. У профілі дзяўчыны на LinkedIn пазначана, што яна працуе спецыялістам па маркетынгу ў мінскай кампаніі «Ксанцерыні», што займаецца рэгістрацыяй медычных вырабаў, хоць гэта, імаверна, ужо састарэлая інфармацыя – Аляксандра жыве разам з хакеістам у Ванкуверы.
Аляксандра Талапіла
Самая першая публікацыя дзяўчыны ў Instagram – фотаздымак у 2016 годзе разам з будучым мужам. Увогуле ж яны сустракаюцца ужо больш за 10 гадоў, з 2015-га. Што цікава, у тым годзе Талапіла, якому было ўсяго 15, гуляў у структуры швейцарскага клуба «Фрыбург-Гатэрон».
Увесь перыяд хакейнай кар'еры у Беларусі (2016-2021) Талапіла меў моцную падтрымку. Пазней жа каханне паспяхова прайшло другое (і куды больш працяглае) выпрабаванне адлегласцю.
Увесну 2021 года Талапіла паехаў гуляць за «Седэртэле» з шведскага Д2, бо не прыдаўся мінскаму «Дынама», у складзе якога дэбютаваў у КХЛ – як распавядаў былы прэс-сакратар «зуброў», здарылася гэта праз адмову падпісваць ліст у падтрымку дыктатуры.
Аляксандра ў той час вучылася ў Інстытуце бізнеса БДУ, які скончыла праз год пасля пераезду Талапілы ў Швецыю. Таксама вядома, што ў 2021-м дзяўчына ездзіла па праграме абмену ў рыжскі філіял Стакгольмскай школы эканомікі.
Нягледзячы на вучобу, будучая жонка Талапілы знаходзіла час прылятаць да яго ў Швецыю. Там яна наведвала і матчы «Седэртэле» – асабліва ёй падабалася музычнае суправаджэнне на арэне.
Хакеем у Швецыі пара не абмяжоўвалася. Вось такі літаральна вогненны перформанс фанатаў заспелі на матчы футбольнага «Юргордэна».
У скандынаўскай краіне жыць разам у Мікіты і Аляксандры не атрымлівалася, але калі хакеіст у 2023-м падпісаў кантракт з «Ванкуверам», дзяўчына рушыла ў Канаду разам з ім. Там, вядома, зусім іншая атмасфера на трыбунах – Аляксандры спадабалася.
У ліпені 2023-га хлопец прапанаваў каханай руку і сэрца на адпачынку ў Грэцыі. Вяселле згулялі ў лютым 2024-га ў Канадзе падчас сезона АХЛ, калі Талапіла гуляў за «Абатсфорд». За дзень да цырымоніі беларус дапамог клубу абгуляць фарм «Сан-Хасэ» (3:2) – з «Шаркс» у Талапілы пакуль толькі станоўчыя эмоцыі.
Для Аляксандры хакей ужо даўно частка паўсядзённага жыцця.
«Люблю і вельмі ганаруся табой, муж. Ты кожны дзень выкладаешся на ўсе 10000%, не забываючыся на сваю мару! І я дакладна ведаю, што твой шлях – не пра шанцаванне, а пра ўпартасць і штодзённую працу на шляху да сваёй мэты!» – напісала пасля гульні дзяўчына.