Все новости

Ганін пра напад Расіі на Украіну: «Гэта немагчыма растлумачыць: агрэсія, забойствы, гвалт. У маім сусвеце чалавек, які падтрымлівае вайну, – невылечна хворы, вырачаны»

10 апреля 2022, 16:35

Беларускі кікбаксёр Іван Ганін распавёў пра ад’езд з Беларусі і сваё стаўленне да тых людзей, якія падтрымліваюць ўварванне Расіі ва Украіну.

- Пасля 10 сутак у Жодзіна напрыканцы восені 2020-га і пагроз новай страты свабоды вы доўгі час усё роўна заставаліся ў Беларусі. Аднак зараз размова адбываецца на тэрыторыі Польшчы. Што вас падштурхнула усё ж такі з’ехаць за мяжу?

– Калі зусім шчыра, то думкі пра змену краіны пачалі віраваць у галаве яшчэ да паўторнага затрымання колькі тыдняў таму. Справа ў тым, што пасля выбараў 2020 года, іх наступстваў, маё жыццё быццам спынілася. Не бачыў, чым магу быць карысным тут, акрамя маральнай падтрымкі такіх жа простых людзей навокал.

Як і многія беларусы, што падтрымалі пратэст, атрымаў забарону на прафесію. Напрыканцы снежня 2020-га мяне адлічылі з нацыянальнай каманды, гонар якой абараняў больш за 12 год. А пасля тое ж самае зрабіла дзіцячая спартовая школа, з якой супрацоўнічаў.

Аднак не гэта самае страшнае: у тых умовах, што склаліся, вымушаны быў адмовіцца ад трэніровак – цягам году не практыкаваўся так, як належыць прафесіяналу.

Таксама не хапала часу ды фізічных сіл на кнігі, бо будзённасць ператварылася ў замкнёнае кола «праца – дом – праца». І тое: афіцыйна нідзе не мог уладкавацца, таму вымушаны быў зарабляць праз дамовы падраду. І гэта таксама вымагала энергіі, з-за чаго ператвараўся ў зомбі.

Ці дапамагалі калегі па нацыянальнай камандзе? Ведаеце, у нас індывідуальны від спорту. Кожны сам за сябе. Гэта толькі так называецца, «каманда»… Хтосьці, канечне, імкнуўся падтрымаць. Іншыя ставіліся з разуменнем, бо апынуліся ў аналагічнай сітуацыі. Аднак большасць працягвала трэніравацца, быццам нічога і не адбывалася навокал – такі іх выбар.

- Калі ў сакавіку 2022-га зноў пабачылі людзей у форме ва ўласным двары, што за думкі пранесліся ў галаве?

– Яшчэ да сустрэчы з гэтымі таварышамі пачаў усё больш дэталёва разумець, што ў Беларусі жыцця не будзе. Так, хацеў заставацца і трымацца да апошняга. Аднак адчуванне, што павольна з’язджаю з глузду, узмацнялася штодзённа. Дый і нешта прадуктыўнае рабіць тут станавілася болей ды болей складана.

А пасля пачалася вайна – і гэта прыбіла канчаткова. Было так, што першую ноч гадзіны дзве толькі змог паспаць, на наступную крыху больш, а потым двое сутак увогуле вачэй не заплюшчваў. Увесь час у тэлефоне: чытаеш навіны, глядзіш відэа, лістуеш сябрам. Іншымі словамі, такі ж шок, як у 2020-м, толькі ў значна большым аб’ёме.

Гэта немагчыма растлумачыць: агрэсія, забойствы, гвалт. Да таго ж пераварочвае нутро пазіцыя большасці расіян, якія гэтую жудасць падтрымліваюць.

Так, там хапае і светлых галоў. Аднак параўнайце іх колькасць з той падтрымкай адно аднаго, якую мелі простыя беларусы пры пратэстах у 2020-м. Мы былі адзінымі, а там… У маім сусвеце чалавек, які падтрымлівае вайну, – невылечна хворы, вырачаны, – сказаў Ганін.