У барацьбе зноў ЧЕ: украінец пазбавіў медаля рэжымнага падпісанта, чыя жонка выступіла лепш, а золата нечакана ўзяла тынэйджарка
Расійскі бос знайшоў «здрадніка», які на АГ усыпаў такому ж ад Беларусі.
Яшчэ з 2023 года міжнародная федэрацыя барацьбы (UWW) дазваляе ўдзельнічаць у сваiх турнiрах беларускім ды расійскім cпартсменам у нейтральным статусе. Больш за тое, да спаборніцтваў дапускаюць, скрозь пальцы правяраючы на адпаведнасць гэтаму статусу – у 2024-м гэта выйшла бокам: з шырокім допускам UWW алімпійскія ліцэнзіі ўзялі 10 беларускіх барцоў, а на Гульні пусцілі толькі двух (з МАК прапаноўвалі зрабіць яшчэ некалькі замен, але беларуская федэрацыя адмовілася).
І вось прыйшоў час новага чэмпіянату Еўропы, які 7-14 красавіка праходзіць у сталіцы Славакіі Браціславе. Яшчэ не завершаная праграма ў грэка-рымскай барацьбе – там беларускія барцы Аляксандр Лявончык і падпiсант за рэжым Кірыл Мацкевіч паўдзельнічаюць у схватках за бронзу. А ўжо ёсць у беларускай каманды 4 бронзы, адно срэбра і адно золата. Такім чынам, выступленне ўжо дакладна якасна горш, чым на ЧЕ-2024 – там было чатыры бронзы і адно срэбра, але два золаты.
Зрэшты, тады медалі вышэйшай пробы ўзялі бачныя рэжымнiцы Ванеса Каладзінская, якую не ўключылі ў заяўку на ЧЕ-2025, і Ірына Курачкіна, якая ў цяперашнім складзе была, але ў заяўленай катэгорыі да 57 кг у пратаколах не знайшлася – прычын беларуская федэрацыя не патлумачыла. Замест Курачкінай выйшла чэмпіёнка Еўра U-23 Арына Мартынава, але на дарослым узроўні прайграла сутычку за бронзу ўкраінцы Саламіі Віннік.
Аналагічны вынік атрымаўся ў катэгорыі да 61 кг у мужчынскай вольнай барацьбе. Там выступаў падпісант за Лукашэнку Дзмітрый Шамела. Ён у 1/2 фiналу саступіў расійскаму чэмпіёну АГ-2020 Зауру Угуеву – ды пайшоў у паядынак за бронзу, дзе чакаў украiнец Андрый Джэлеп. Ён і забраў медаль, пакiнуўшы Шамелу ні с чым.
Але ў беларускага змагара на ЧЕ ўсё ж знайшлася нагода для радасці. На турніры выступала і яго жонка Наталля Варакіна. У катэгорыі да 50 кг яна дацягнулася да медаля – сітуацыя склалася так, што для гэтага аказалася дастаткова дзвюх перамог. У сутычцы за бронзу Варакіна адолела румынку Аліну Вуц.
Шамела і Варакіна
Яшчэ адну бронзу ўзяла Анастасія Зімянкова ў катэгорыі да 76 кг. А золата ў катэгорыі да 68 кг нечакана забрала 19-гадовая Аліна Шаўчук. Беларуская тынэйджарка стварыла сенсацыю, у чвэрцьфінале аказаўшыся мацнейшай за бронзавую медалістку Алімпіяды-2024 Бусэ Тасун з Турцыі, старэйшую на 10 гадоў. Відэа боя на YouTube-канале UWW выйшла пад назвай «Расчараванне дня» – для турэцкага боку, канешне.
Далей Шаўчук прайшла ўкраiнку Манолу Скабельску, а ў фiнале сустрэлася з Кацярынай Зеляных – тая нарадзiлася ва ўкраiнскiм жа Бахмуце, па 2022-i прадстаўляла Украiну, але цяпер выступае за Румынiю. У вырашальнай схватцы была нiчыя па ачках, але ў такой сiтуацыя пераможца вызначаецца па апошняму вынiковаму дзеянню – яно было на рахунку Шаўчук. Далей быў п’едэстал i фота, ад якога Зеляных не адмовілася.
Зеляных – крайняя злева, Шаўчук побач з ёй
Трыма медалямі адзначылiся мужчыны-«вольнiкi» з Беларусі. Адзіны з iх яе ўраджэнец – Дзяніс Храмянкоў, якi ўзяў бронзу ў катэгорыі да 125 кг. Да фінала не дайшоў праз паразу ад грузiна Гіоргі Мешвілдзішвілі (які пазней стаў чэмпіёнам), а ў схватцы за бронзу перамог Уладзіслава Байцаева, які ў 2021-м змяніў Расію на Венгрыю.
Бронза таксама на рахунку Арыяна Цютрына (да 61 кг), які змяніў спартыўнае грамадзянства з расійскага на беларускае ў 2021-м. Натуралiзаваны якут не дайшоў да фінала, саступіўшы будучаму срэбнаму прызёру Азамату Тускаеву – расiянiну ж, толькi пад сцягам Сербіі. У паядынку за бронзу Цютрын адолеў немца Нікласа Штэхеле.
Срэбра заваяваў натуралізаваны ў 2020-м годзе расіянін Магамедхабіб Кадзімагамедаў – у фінале ён прайграў чэмпіёну Алімпіяды-2024 Магамеду Рамазанаву. Адзначым, што «беларускi» дагестанец выступіў у катэгорыi 86 кг. На АГ-2024 падпісант за рэжым з БФСТ «Дынама» быў значна лягчэйшым – упісваўся ў катэгорыю да 74 кг. Там здарыўся памятны анекдот – уся сетка для Кадзімагамедава склалася так, што ён бароўся толькі з расiянамі, якія перайшлі ў іншыя краіны. Крыж на медальных надзеях тады паставіў Чэрмен Валіеў пад сцягам Албаніі.
Валіеў застаўся ў катэгорыi да 74 кг – i цяпер ўзяў золата ЧЕ. Пасля гэтага здарыўся дзіўны скандал. У цырымоніі ўзгароджання браў удзел кіраўнік расійскай федэрацыі барацьбы Міхаіл Маміяшвілі. Калі чарга дайшла да Валіева, функцыянер стаў вельмі агрэсіўным i пачаў выказваць спартсмену прэтэнзii. Потым Валіеў сказаў, што Маміяшвілі назваў яго «здраднікам Радзімы», а функцыянер паправіў, што сказаў пра «выбар шляху здрадніка», а таксама дадаў, што «яшчэ год таму [Валiеў] быў у нашай зборнай, а сёння пад албанскім сцягам са слязамі на вачах».
Застаецца зусім незразумелым, чаму з дзясяткаў пераходаў расiян пад іншыя сцягі функцыянера так напружыла менавіта сітуацыя з Валіевым. Тым больш менавіта Маміашвілі па пасадзе павінен быў падпісаць дазвол на сыход Валіева, каб той не адбываў «каранцін», і атрымаць за гэта грошы, у чым ужо паспяхова публічна абвінавачаны. Ну і самае недарэчнае – за нейкі «шлях здрадніка» прад’яўляе цяперашні прадстаўнік Расіі, які нарадзіўся ва Украіне ў сям’і грузіна.