Все новости

Андрэй Краўчанка: «Не ўсе жадаюць, каб нас лічылі расейцамі толькі за тое, што мы гаворым на іх мове»

23 октября 2014, 23:38
7

Беларускі шматборац Андрэй Краўчанка пракамментаваў стаўленне да роднай мовы сярод спартсменаў.

– Андрэй, пры канцы верасьня на базе Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, дзе мы цяпер і гутарым, прайшоў фэстываль Мова Cup. Шмат было ўдзельнікаў, гледачоў. Наколькі, з твайго гледзішча, удалы фармат — праз спорт падвысіць цікавасьць да роднай мовы і наадварот?

– Мова Cup – вельмі добрае мерапрыемства ўжо хоць бы таму, што людзі могуць адчуць спартовы настрой, спартовыя эмоцыі; могуць рэальна паспрабаваць сябе ў самых розных відах спорту. Як на маё адчуваньне, удзельнікам такі фармат спадабаўся, і спадзяюся, што фэстываль стане штогадовым. Увогуле для мяне гэта было неяк вельмі па-беларуску, атрымалася гэткае народнае мерапрыемства. Калі людзі і аб’яднаныя пэўнай ідэяй, і спрабуюць сябе ў відах спорту, у якіх заўзеюць за любімых спартоўцаў. Аматарам – карысна, а спартоўцам такая ўвага надзвычай прыемная.

– На ўсясьветных, эўрапейскіх стартах спартоўцы прадстаўляюць сваю нацыю, размаўляюць на сваёй мове. І толькі беларусы расплываюцца ў расейскамоўным асяродзьдзі, з-за чаго ўспрымаюцца «рускімі». Наколькі ў гэтым сэнсе важна ідэнтыфікаваць сябе беларусам?

– Сапраўды, калі мы едзем у іншыя краіны, то карыстаемся расейскай мовай. Асабіста для мяне такая сытуацыя ня вельмі прыемная, таму што ўсе астатнія навокал размаўляюць па-свойму, на сваіх родных мовах. Мне, прыкладам, куды прыемней было б размаўляць па-беларуску. Па-першае, трэба памятаць свае карані, традыцыі, па-другое, хочацца індывідуальнасьці. Свая, родная мова – гэта адна з галоўных рысаў адметнасьці. Таму я стараюся гаварыць па-беларуску, таму і быў удзельнікам Мова Cup.

– Апошнім часам шмат прыкладаў прыхільнага стаўленьня да беларускай мовы, гісторыі ідзе якраз ад спартоўцаў: Аляксандра Герасіменя, Аліна Талай, Віталь Радыёнаў, Тацяна Драздоўская, цэлая плеяда са школы адзінаборстваў. Цяпер вось Андрэй Краўчанка. Чаму раптам такі ўсплёск?

– Таму што мы, напэўна, часьцей за іншых адчуваем гэта непасрэдна на сабе. У тым ліку бываючы ў іншых краінах – нават, можа, гэта і ёсьць першапрычына. Яшчэ раз кажу: асабліва на міжнародных спаборніцтвах выглядае дзіўна, што ўсе размаўляюць на сваіх мовах і толькі мы – па-расейску. Бальшыні, вядома, усё роўна, але многім за такое баліць. Не ўсе жадаюць, каб нас лічылі расейцамі толькі за тое, што мы гаворым на іх мове. Хацелася б нешта ў гэтай сытуацыі паспрабаваць зьмяніць, – сказаў Краўчанка.

Показать еще 7