Все новости

Аліна Талай: «Чамусьці лічыцца, што беларуская мова – не для «нармальнай публікі», яна нібыта «мужыцкая», «вясковая»

22 сентября 2015, 10:05
2

Беларуская лёгкаатлетка Аліна Талай падзялілася меркаваннем аб развіцці беларускай мовы.

— Аліна, апошнім часам вы ўсё часьцей выступаеце за мяжой, а цяпер яшчэ там і трэніруецеся. Ня рэжа слых, што ўсе навокал гавораць па-свойму і толькі беларусы ў масе саромеюцца ўласнай мовы?

— Цяжка з ходу адказаць, што сталася прычынай такой сытуацыі — я ж не гісторык, не дасьледчык, каб сабраць усе факты ў адзінае і зрабіць разумную выснову. Аднак, як мне падаецца, усё залежыць, як ні банальна, ад сям’і, ад школы. То бок ад тых людзей, якія навокал цябе. Уся праблема ў стэрэатыпах: чамусьці лічыцца, што беларуская мова — не для «нармальнай публікі», яна нібыта «мужыцкая», «вясковая». Трызьненьне, вядома. На маё перакананьне, як і ў выпадку з прапагандай здаровага ладу жыцьця, на дзяржаўным узроўні неабходна ператварыць мову ў трэнд, зрабіць, каб яна стала моднай. І тады ўсё будзе выбудоўвацца ў сыстэму, крок за крокам.

— Іншымі словамі, нават калі існуюць моўныя праблемы ў сям’і, павінна дапамагаць школа?

— Так, абавязкова, значнасьць школы вельмі высокая. Але я чула, што зараз нават гісторыя Беларусі выкладаецца на расейскай мове. Ня ведаю, можа гэта і няпраўда, але калі так, то падстава задумацца. Безумоўна, трэба, каб беларускай мовы было больш усюды, ня толькі ў школах. Хоць, зь іншага боку, можа і прагучыць парадаксальна, але добра, што мы можам размаўляць на дзьвюх мовах — беларускай і расейскай. Гэта дае нам магчымасьць быць своеасаблівымі лінгвістычнымі яднальнікамі паміж Расеяй, Польшчай, Чэхіяй, Славаччынай, дазваляе камунікаваць, нават ня ведаючы ангельскай. Увогуле клёва, калі людзі ведаюць ня толькі адну мову. Дзеля справядлівасьці, сама я за мяжой карыстаюся збольшага ангельскай.

— Так разумею, у Воршы вы вучыліся ў расейскамоўнай школе? Адкуль такое выдатнае валоданьне беларускай мовай? Зусім ня многія спартоўцы могуць пахваліцца такім уменьнем.

— Ну так, вучылася ў абсалютна звычайнай школе, іншых там папросту няма. Адкуль валоданьне? Найперш, у мяне былі вельмі добрыя настаўнікі. І хоць практычна ўсё выкладалася па-расейску, але ж на ўроках беларускай мовы, літаратуры, гісторыі мы пастаянна размаўлялі па-беларуску. Вось гэта ўсё і адклалася. У маім выпадку ўсё пайшло са школы, ніхто адмыслова ў мяне беларускасьць не ўбіваў. У маёй сям’і размаўляюць па-расейску, але я і сама з задавальненьнем чытала беларускія творы, і мама вучыла, калі я была яшчэ зусім маленькай, чытаць на роднай мове. Усё цягнецца аднекуль адтуль. Думаю, што кожны адукаваны чалавек павінен ведаць мову. Адзінае, што з-за недахопу практыкі, на жаль, шмат што забываецца, – сказала Талай.