Все новости

61-гадовая альпіністка, якая можа стаць першай беларускай на Эвэрэсьце: «Падыму бел-чырвона-белы сьцяг»

12 мая 2021, 20:56
1

61-гадовая Лілія Яноўская зьбіраецца падняцца на найвышэйшую вяршыню сьвету Эвэрэст. Альпіністка распавяла аб сваім узыходжанні.

— На сёньняшні дзень крыху больш за 10 беларусаў падняліся на васьмітысячнікі сьвету. Толькі двое зь іх жанчыны. Гэта я і Ірына Велянкова, якая дзякуючы неймавернай волі да жыцьця перажыла ноч на маленечкім участку скалы, на вяршыні 7000 мэтраў, у шторм, бязь ежы, вады і кіслароду. Ёй прыйшлося ампутаваць ступні ног.

Толькі чатыры беларусы заваявалі Эвэрэст: Віктар Кульбачэнка ў 1998 годзе, потым праз восем гадоў Уладзіслаў Каган, Віктар Лутаў і Ўладзімер Цяльпук у 2006 годзе.

Пакуль ніводная беларуская жанчына не паднялася на Эвэрэст. Бел-чырвона-белы сьцяг уздымалі над Эвэрэстам толькі аднойчы — Кульбачэнка ў 1998 годзе.

Тут у лягеры знаходзіцца яшчэ адна жанчына зь Беларусі. Калі я зьбіралася ў экспэдыцыю, пра гэта ня ведала. Нечакана высьветлілася, што яна вучылася з маёй сярэдняй дачкой у адной школе ў Беларусі. Калі ў яе атрымаецца, я ўсімі сіламі яе падтрымаю. Тут няма ніякага спаборніцтва паміж намі, таму што ўзыходжаньне вельмі складанае фізычна. Ня выключана, што ніводная з нас ня здолее, а можа, нехта і ўзыдзе на вяршыню. Такім чынам, цяпер у лягеры дзьве беларускі, якія зьбіраюцца ўзьняцца на вяршыню Эвэрэсту. (Другая беларуска ідзе ад афіцыйнай каманды Беларусі, якая зьбіраецца ўзьняць там штандар Перамогі, дзяржаўны сьцяг і капсулу зь зямлёй) У нашым лягеры людзі з розных краінаў сьвету. Міністэрства турызму Нэпалу сёлета выдала рэкордную колькасьць дазволаў на ўзыходжаньне — 408.

— Вы нарадзіліся ў Івянцы, вучыліся і працавалі ў Беларусі, потым зьехалі ў Канаду. Якую краіну вы будзеце прадстаўляць пры ўзыходжаньні?

— Альпінізм — гэта не алімпійскі від спорту, гэта вельмі індывідуальны спорт.

Я нарадзілася і вырасла ў Беларусі. Беларусь сфармавала мяне як асобу. Я імігравала ў досыць сталым узросьце, мне было ўжо 39 гадоў. У душы я беларуска. Але Канада дала мне асяродак, у якім я змагла рэалізаваць свой патэнцыял і ажыцьцявіць свае мары. Канада дазволіла мне зразумець, што альпінізм у 50 гадоў — гэта магчыма. І, больш за тое, гэта магчыма для мяне. Я абсалютна вольная выбіраць, ці хачу я пячы пячэньне для ўнукаў, чытаць раманы, падымаць штангу, бегаць маратоны, займацца бізнэсам або стаць альпіністкай. Канада дала мне свабоду.

Усе абмежаваньні, якія былі ў Беларусі, у Канадзе адсутнічаюць. Калі ў Беларусі пойдзеш у трэнажорную залю ў такім узросьце, на цябе будуць дзіўна глядзець. Магчыма, там нешта мяняецца цяпер.Я адчуваю прыналежнасьць да абедзьвюх краінаў і вельмі хачу ўбачыць Беларусь краінай, якая дазваляе сваім грамадзянам рэалізоўваць свае таленты і патэнцыял, не патрабуючы нічога ўзамен.

— Ці падымеце вы сьцяг і які?

— Сьцягі маіх краінаў абʼядноўваюць чырвоны і белы колеры. Калі я здолею ўзысьці на вяршыню, я з гонарам падыму абодва сьцягі, асабліва беларускі нацыянальны. Я захапляюся беларускім жаночым рухам пасьля выбараў 2020 году Я хачу падкрэсьліць, што беларуская жанчына можа падняцца на самую высокую гару. У яе хапае фізычнай і маральнай сілы, волі, настойлівасьці, упэўненасьці. Беларускі сьцяг будзе першым, які я падыму на вяршыні, – сказала Яноўская.