Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская распавяла пра тое, што ёй пастаянна паступаюць пагрозы ў сацыяльных сетках.
- Раней вы казалі, што вас пастаянна ахоўваюць. Сёння яшчэ таксама?
– Так. Бо я перажываю за сваю бяспеку. Мне пастаянна паступаюць паведамленні з пагрозамі. Я не ведаю, наколькі сур’ёзна да іх ставіцца, але ж часам пішуць, што мяне сустрэнуць у горадзе, пераламаюць рукі і ногі, пішуць: «Не выходзь адна на вуліцу». Думаю, любы чалавек на маім месцы перажываў бы.
Гэтыя пагрозы пішуць у сацсетках. Я адказваю такім людзям: «Зрабіла скрыншот і перадам гэта ў паліцыю». Некаторыя адразу выдаляюць свае паведамленні і мяне блакуюць, але некаторыя працягваюць пагражаць далей.
- Гэта нейкія ананімы ці людзі са сваіх сапраўдных старонак пішуць?
– Часам ананімы, часам проста рэальныя людзі. Пішуць, што яны таксама беларусы, некаторыя з іх нібыта жывуць у Польшчы, Германіі, некаторыя, як я разумею, увогуле расіяне.
- А за што вам пагражаюць?
– Калі я пытаюся, то кажуць, што я здрадніца, Іуда, што я ганьба Беларусі. Што нібыта праз мяне на Беларусь накладваюць санкцыі і беларусы праз гэта вымушаныя пакутаваць. Яны не разумеюць, што ў санкцыях вінаваты адзін канкрэтны чалавек — і гэта дакладна не я.
Пагрозы я атрымліваю не кожны дзень, канечне. Апошнім часам, недзе адзін-два разы на месяц. А нейкія абразы, бывае, што і амаль кожны дзень: пад любым пастом, пад відэа ў Тыктоку. Гэта ўжо звыклая з’ява, я нават не акцэнтуе ўвагу. А ў Тыктоку магу выкарыстоўваць усе гэтыя абразы для нейкага кантэнту, для відэа, проста каб самой пасмяяцца і каб людзі пасмяяліся.
- Што робіць вашая ахова?
– Яны суправаджаюць мяне паўсюль як целаахоўнікі. Так жа, як і Святлану Ціханоўскую, напрыклад. Спачатку было неяк дзіўна і непрыемна, але цяпер я ўжо неяк прызвычаілася.
Мы пачалі яшчэ неяк кантактаваць з нашымі ахоўнікамі, яны нам дапамагаюць банальна з той жа падатковай. Як мой муж жартуе, цяпер мы адна вялікая сям’я. Ну і мож нам проста пашанцавала, што ў нас такія добрыя ахоўнікі.
- А гэта аплачваецца кім?
– Ахову нам прадаставіла полськая дзяржава. Гэта было адмысловае распараджэнне польскага прэм’ер-міністра, – сказала Ціманоўская.
Комментарии