Все новости

Віталь Гуркоў: «У выпадку вайны я і многія іншыя беларусы гатовыя абараняць суверэнітэт і свабоду Украіны, бо ад Украіны ў тым ліку залежыць свабода Беларусі»

14 февраля 2022, 12:47

Беларускі спартовец Віталь Гуркоў звярнуўся да грамадства з-за пагрозы вайны.

«Вітаю вас! Мяне завуць Віталь Гуркоў, я беларус, у мінулым прафесійны баец. У 2020 годзе вымушана пераехаў з Менску ў Київ.

За гады спартовай кар’еры сустрэў шмат годных людзей і ў Беларусі, і ва Ўкраіне, і ў Расеі. На рынгу мы змагаліся, але ў жыцці часта заставаліся сябрамі. Менавіта таму мяне непакоіць тое, што сёння адбываецца ў нашых краінах.

Мая радзіма Беларусь перажывае адначасова трывожныя і гістарычныя часы. У турмах тысячы маіх землякоў, сотні тысяч чалавек выехалі з краіны, народ у прамым сэнсе гэтага слова гвалцяць. За незалежнасць даводзіцца плаціць высокую цану, і незалежнасць пад пагрозай.

Але дзейны ў Беларусі палітычны рэжым у дадатак да ўсяго можа развязаць вайну з Украінай, бо для яго гэта стратэгічны шанц даўжэй утрымліваць уладу.

Палітычныя тыраны, для якіх чалавечае жыццё нічога не вартае, гатовыя кінуць пад кулі і расейцаў, і маладых беларускіх хлопцаў. Пры гэтым дзяцей прадстаўнікоў палітычных элітаў з Расеі і Беларусі вы на фронце не ўбачыце, яны будуць грэць пуза ў Лондонах і Дубаях. Гінуць будзеце вы — простыя салдаты. А афіцэрам у лепшым выпадку выдадуць кватэркі ды вайсковую пенсію. І тое, калі вернуцца з братазабойчай вайны жывымі, узяўшы страшны грэх на душу.

Я звяртаюся да ўсіх, каго сёння ў Расеі і Беларусі рыхтуюць да вайны ва Украіне. Ведаю характар і баявы дух украінскага народа, страляць будуць з кожнага вакна. І прагназую, што хутчэй за ўсё многія акупанты здабудуць на украінскай зямлі свой апошні прыстанак, а не ўзнагароды і трафеі.

У выпадку вайны я і многія іншыя беларусы гатовыя абараняць суверэнітэт і свабоду Украіны, бо ад Украіны ў тым ліку залежыць свабода Беларусі. А Беларусь будзе вольнай, гэта ей наканавана лёсам. І гэты час надыходзіць. Мы пройдзем цяжкі шлях, але абавязкова пераможам.

Спадзяюся, што і Расея хутка зможа пазбавіцца ад ярма злачыннай тыраніі, устаўшы на шлях сяброўства і прымірэння з незалежнымі славянскімі народамі. Гэта будзе нашая агульная перамога!»

Жыве Беларусь!

Слава Украіні!