Все новости

Гаруновiч пра датэрміновае галасаванне «Мяшкоў Брэст»: «З такім тварам я б ішоў на вайну. На чужую вайну»

22 февраля 2022, 18:32

Галоўны рэдактар Tribuna.com Алег Гаруновіч пракаментаваў на сваё старонцы ў Facebook датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па папраўках у Канстытуцыю гандбалістаў «Мяшкоў Брэст».

«Спартоўцаў пачалі заганяць на так званы рэферэндум. Ну, дакладней, яны самі, канешне, пайшлі, каб насыціць сацсеткі так званага міністэрства спорту. Усё здымаецца, фіксуецца, выкладаецца. Падстава для паспешлівасці – у спартоўцаў шчыльны графік, у выходныя можа і не атрымацца выявіць сваю волю (або яе адсутнасць) праз матчы.

Да справы падключыліся і клубы, якія раней у зашкварах не ўдзельнічалі. Напрыклад, Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова. За Лукашэнку там ніхто не падпісваўся, за пазіцыю нікога не рэпрэсавалі, а на рэферэндум дык рушылі ў першы дзень. Ну, можна павіншаваць з дэбютам. Учора прыватны клуб святкаваў у сацсетках Дзень роднай мовы (беларускай, калі што), ну а пра паход на выбарчы ўчастак справаздачы пакуль няма. Можа, і не будзе? Цікава.

На міністэрскіх фотках шчаслівых твараў я не заўважыў (можа, вы ўгледзіце). Магчыма, проста кадр няўдалы патрапіўся, але, пабачыўшы яго, думаю вось пра што: з такім тварам я б ішоў на вайну. На чужую вайну. Так, туды таксама могуць загадаць пайсці. Але, канешне, і тое будзе выключна па ўласным жаданні», – напісаў Гаруновіч.