Все новости

Краўчанка – праўладным спартоўцам: «Цяпер агульная бяда ў нас, трэба неяк гэту вайну спыняць. Нам усім трэба аб’ядноўвацца»

6 марта 2022, 15:32

Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне Андрэй Краўчанка расказаў пра спартоўцаў, якія падпісалі праўладны ліст, а зараз пішуць яму з пытаннямі аб тым, як выехаць за мяжу. Нагадаем, што беларускі спорт трапіў пад санкцыі з-за вайсковай агрэсіі Расіі ў бок Украіны пры ўдзеле Беларусі.

- Вы казалі пра падпісантаў праўладнага ліста, якія вам цяпер пішуць.

– Іх нямнога, некалькі чалавек. Імены раскрываць не буду, бо я прыстойны чалавек. 

- Гэта топавыя спартоўцы?

– Так.

- Калі пачаліся гэтыя паведамленні?

– Літаральна тры дні таму. Не ад пачатку вайны, а калі людзі зразумелі, што курс пачаў моцна расці, што доступ на міжнародныя спаборніцтвы па легкай атлетыцы закрываюць. Некаторыя пісалі наконт праўладнага ліста: «Андрэй, нам пагражалі, нас прымушалі падпісаць, ты сам разумееш». За некаторых наогул падпісвалі, а яны і не ведалі.

- Чаго яны цяпер баяцца?

– Яны ж падпісвалі гэты ліст, каб працягнуць выступаць і застацца пры сваіх стыпендыях, інтэрнатах. Гэта ўсе забіраюць адразу [калі выказваешся супраць улады]. Нават мой прыклад паглядзіце. Цяпер яны пытаюцца, што ім рабіць, думаюць, як адсюль зваліць хутчэй, каб уладкавацца нармальна.

- З’ехаць, каб за іншую краіну выступаць?

– Так. Я адрэагаваў: хто падпісваў ліст за Лукашэнку, у яго і пытайцеся.

- Да тых, хто цяпер звяртаецца да вас, што адчуваеце? 

– Не шкада. У мяне змешаныя пачуцці, непрыязнасць, можа. Спартовец — гэта ж асоба, моцны чалавек, і калі табой кіруюць, як хочуць, павагі ніякай няма. У спартоўца заўседы есць выбар, як паступіць. Мы [тыя, хто выказаўся супраць гвалту] выбралі такі шлях, мы ўсе ад гэтага пацярпелі. Гэтыя людзі падпісалі праўладны ліст, і цяпер пачынаюць мітусіцца. Многія мае знаемыя кажуць: «Ды не дапамагайце ім. Усе, што вы перацярпелі, няхай таксама праз гэта пройдуць». Не трэба так рабіць. Цяпер агульная бяда ў нас, трэба неяк гэту вайну спыняць, каб войскі нашы нікуды не ішлі. Таму нам усім трэба аб’ядноўвацца. А ўжо пасля ўсіх гэтых падзей будзем разбірацца.

- Тыя, хто непакоіцца пра сваю спартыўную будучыню, што пра вайну кажуць? 

– Цяпер жа шчыра ніхто не скажа. Будуць казаць тое, што выгадна, у прынцыпе як і раней рабілі. Калі ліст падпісвалі, яны казалі: «Там жа ў лісце нічога такога няма, ліст па-за палітыкай, каб можна далей было спортам займацца». Гэтак сама і цяпер будуць выкручвацца. Мне сення аднакласніца напісала: «Што ж ты за Данбас так не заступаўся?» Чалавек быў супраць Лукашэнкі, быў за бчб — і цяпер за Пуціна. І такіх шмат, я зразумець не магу, чаму. Мы ж спаборнічаем з хлопцамі з Украіны. Яны пішуць: «Як вашы спартоўцы могуць думаць, што мы самі бамбім сваіх людзей?» Я з бацькам сваім не размаўляю. ен у Маскве, прамыты Салаўевым, Кісялевым, Скабеевай. ен сам вайсковец былы, таксама пачынае пра Данбас, пра НАТА. Я яму тлумачу: Украіна хоча нармальна жыць, таму і імкнецца ў Еўрасаюз. А Расія ў галечы і хоча, каб астатнія так таксама жылі.

- Спартоўцы ў вас пытаюцца, што ім рабіць. А што яны гатовы рабіць?

– Уцякаць. За ўнутраны чэмпіянат ніхто вялікія грошы плаціць не будзе. Тым больш сітуацыя такая, што давядзецца эканоміць. Ну, можа, будзе чэмпіянат Расіі, Казахстана і Беларусі.  Мужчыны баяцца, што іх будуць прызываць на службу і давядзецца ісці ваяваць ні за што. Спартоўцы замацаваны ў КДБ, МУС, Пагранічным камітэце.

Я ім раю звярнуцца ў наш фонд салідарнасці, там падкажуць. Цяпер рэальна сітуацыя жудасная, таму нам трэба забыць усе крыўды на час, аб’яднацца, – сказаў Краўчанка.