Все новости

Анатоль Котаў: «Мінспорту Беларусі і Расеі зрабілі ўнутраныя распараджэнні, аб пазбаўленні фінансавання тых, хто будзе выступаць нейтральна. Але БФСС ужо мае досвед матэрыяльнай дапамогі вольным спартоўцам»

26 марта 2022, 19:14

Мэнеджар міжнародных стасункаў Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў распавёў у інтэрвью «Белсату» аб планах на будучае Фонду, а таксама аб падтрымке беларусскіх спартоўцаў, якія пацярпелі ад сваёй пазіцыі як у 2020-м годзе, так і тых, хто публічна асудзіў вайну ва Украіне.

«Мы ўсталявалі больш сталы кантакт з нашымі ўкраінскімі калегамі. Тлумачым, што ёсць спартоўцы, якія былі адхіленыя ад спаборніцтваў, але не міжнароднымі арганізацыямі, а ўладаю сваёй краіны з палітычных прычынаў: не падтрымалі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яны два гады змагаліся за свабоду ў Беларусі і ўсцяж вельмі адкрыта выказваюць сваю цвёрдую пазіцыю.

Мы знайшлі паразуменне. Украінцы нам дапамогуць у спробах аднавіць удзел такіх беларускіх спартоўцаў у чэмпіянатах свету, этапах Кубка свету і чэмпіянатах Еўропы, якія, у сваёй большасці, будуць кваліфікацыйнымі да Алімпійскіх гульняў – 2024 у Парыжы ды зімовай Алімпіяды – 2026 у італьянскіх Мілане і Картына-д’Ампэцца.

Калі не клапаціцца пра сумленных атлетаў, якія яшчэ не страцілі формы, то цягам некалькіх гадоў, магчыма, аднаго-двух алімпійскіх цыклаў будзе цяжка знайсці, па-першае, канкурэнтаздольных спартоўцаў, а па-другое, няпроста тлумачыць, што яны былі яшчэ зусім маладзенькія, калі разгортваліся гэтыя падзеі, і ад гэтых людзей нічога не залежала.

Тэарэтычная магчымасць таго, што будуць асобна дапускаць спартоўцаў Беларусі і Расеі ёсць. Пакуль у нейтральным статусе. І Беларускі фонд спартовай салідарнасці паставіў перад сабою задачу: тыя, хто адкрыта выступіў супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне і хто пацярпеў за сваю пазіцыю, не павінныя быць пазбаўленыя права выступаць у міжнародных турнірах.

Мы разумеем, што наперадзе яшчэ вельмі доўгі шлях, але ўжо просім падтрымання ад украінскага спорту. І ўсё кажа пра тое, што мы яго атрымаем. Бо там таксама ведаюць, што не ўсе расейскія ці беларускія спартоўцы падтрымалі дзеянні ўладаў. Ёсць тыя, хто застаўся чалавекам.

Тут паўстае іншае пытанне: ці Беларусь і Расея пагодзяцца на тое, каб іх спартоўцы выступалі пад нейтральным сцягам. Наколькі мне вядома, міністэрствы спорту і Беларусі, і Расеі зрабілі ўнутраныя распараджэнні, каб той, хто будзе выступаць нейтральна, быў пазбаўлены фінансавання цалкам. Але наш фонд ужо мае добры досвед матэрыяльнай дапамогі вольным спартоўцам», – сказаў Котаў.