Все новости

Беларус-спартовец з палка Каліноўскага: «Калі б звычайныя расейцы пабывалі пад мінамётным абстрэлам, я б паглядзеў, што яны хочуць паўтарыць. Ці не абасруцца яны пасля гэтага?»

20 июня 2022, 18:47

Беларускі спартовец, які ваюе за Украіну ў палку Каліноўскага, на ўмовах ананімнасці распавеў «Трыбуне», як патрапіў у полк і што думае наконт выразу «Можем повторить».

– Раскажыце, з чаго пачыналася ваша служба.

– Некалькі месяцаў таму я прыехаў ва Украіну, на базу тэрабароны батальёна «Азоў», дзе ў скорым часе быў створаны батальён беларускіх добраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага. Месяц я разам з іншымі хлопцамі праходзіў навучанне, інструктаж, атрымліваў асновы вядзення баявых дзеянняў. Так, ваенных навыкаў у мяне не было, але зброю ў сваім жыцці ў рукі я браў не раз, таму страляць умею. Тым не менш вучыцца заўсёды трэба, навучанне ніколі не павінна скончвацца. Нас больш ганялі па фізічнай падрыхтоўцы, вучылі, як сябе паводзіць на полі бою, як зрабіць так, каб цябе не заўважылі на пазіцыі, у лесе. Ну а напрыканцы сакавіка наш атрад адправілі на першае заданне – у Ірпень.

Калі казаць пра ўражанні ад таго, што ўбачыў… Сапраўды, іх [расіян] было вельмі шмат. Найперш думаў, як Расея, краіна з такім вялікім патэнцыялам, эканамічным і людскім, можа рабіць такое. Навошта Расея ўвесь час ідзе вайной на іншыя дзяржавы. Вельмі магутныя ўражанні былі, калі мы заходзілі ў разбураныя дамы, у дзіцячыя пакоі, і разумелі, што там зусім нядаўна жылі звычайныя людзі. І калі некаторыя расейцы кажуць сваё «Можем повторить», мне здаецца, яны не разумеюць, што жадаюць паўтарыць. Каб зразумець, што сапраўды адбываецца на гэтай вайне, як Расея дзейнічае, расейцам самім трэба пабываць на полі бою. Калі б яны хоць разок пабывалі пад мінамётным абстрэлам у сваім доме ці ў сваім агародзе, то я б паглядзеў, што яны хочуць паўтарыць. Ці не абасруцца яны пасля гэтага? – адзначыў каліновец.