Все новости

Загінулы ва Украіне беларускi камбат Марчук: «У фанацкіх арганізацыях ніколі не быў. Не падабалася, што яны не падтрымліваюць нейкай добрай ідэі»

6 июля 2022, 11:57

Беларускi камандзір батальёна «Волат», якi ваюе за Украiну, Іван Марчук, больш вядомы як Брэст, у інтэрв’ю «Радыё Свабода» распавёў пра сваё стаўленне да фанацкіх арганізацый.

Брэст загiнуў 26 чэрвеня ў баях пад Лісічанскам. Iнтэрв’ю Марчук даў за дзень да гiбелi.

– Іван, раскажыце крыху пра сябе. Дзе вы нарадзіліся, дзе вучыліся, чым займаліся ў Беларусі?

– Я родам з Берасця. Спачатку вучыўся ў школе з ухілам у мовы, але потым бацькі зразумелі, што ў мяне больш фізіка-матэматычны ўхіл, таму перавялі мяне ў адпаведную школу. Далей для развіцця сваіх ведаў я паступіў у клас агульнаадукацыйнага ліцэя таксама з фізіка-матэматычным ухілам. Па сканчэнні школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на спецыяльнасць «Інжынер па тэлекамунікацыях». Там я правучыўся два гады. Чаму два? Бо ясна зразумеў для сябе яшчэ на першым курсе, што гэта не маё. Мной заўжды кіраваў дух прыгодаў, а таксама ў мяне было абвостранае пачуццё справядлівасці. На гэта бацькі казалі, што да дабра такое пачуццё не давядзе і лепш памаўчаць. Не атрымліваецца маўчаць (смяецца). Цяпер усё прыходзіць да нейкай лагічнай развязкі, таму я ва Украіне, дзе паставіў усё на кон, знаходзячыся ў небяспецы як з боку КДБ, гэтак і з боку ворагаў-расейцаў.

– Ці былі вы ў фанацкіх ці апазіцыйных структурах у Беларусі?

– Не, ніколі не быў. На той момант да фанацкіх арганізацый, якія былі прадстаўленыя ў Берасці, я ставіўся не вельмі сур’ёзна. Я бачыў хлопцаў з гэтага асяроддзя, разам стасаваліся, вучыліся. Мне не падабалася, што яны шмат п’юць, а таксама не падтрымліваюць нейкай добрай ідэі, а проста вядуць хуліганскі лад жыцця. Што тычыцца апазіцыі, то, шчыра кажучы, я не бачыў нейкіх структур, якія б мелі сілу і займаліся рэальнымі справамі, – сказаў Марчук.