Все новости

Сцяпан Папоў: «Калі мы ўсе аб’яднаемся і зробімся пэўнай структурай, у якой будзе бачанне перспектыў — тады будзе моц, якая пераверне рэжым»

22 августа 2022, 12:30

Самбіст Сцяпан Папоў у суразмове з «Салiдарнасцю» падзяліўся думкамі пра вайну ва Украіне і палітычную сітуацыю ў Беларусі пасля 2020 года. 

– Можа, і добра, што ў 2020-м мы не перамаглі адразу, бо ўсе выраслі ў гэтай краіне і прызвычаіліся жыць па пэўнай схеме. Калі мы ўсе аб’яднаемся і зробімся пэўнай структурай, у якой будзе бачанне перспектыў — тады будзе моц, якая пераверне рэжым.

А зараз трэба дапамагаць Украіне, каб стварыць новае акно магчымасцяў для беларусаў. Многія лічаць: ЗСУ разбярэцца, ёсць жа зброя, дапамога. Так, Расія прайграла маральна. Але да фізічнай перамогі яшчэ вельмі далёка. Трэба набліжаць яе і абяляць беларускі спорт і беларусаў перад вачыма ўкраінцаў, як два гады таму, калі самі беларусы ўбачылі, што спартоўцы з народам.

Я перакананы, што ўсё было не дарэмна. Атрымалася вывезці сям’ю, яны цяпер у бяспецы. На ўмовы грэх скардзіцца, дый калі прыцісне, гатовы на любую працу. У Еўропе наогул больш магчымасцяў для рэалізацыі. Хоць, канешне, бывае і сум – не хапае родных, сяброў, чоўна, на якім рыбачыў і які без мяне ніхто не спускаў на ваду.

Накрывае часам: а што, калі ўсё вельмі доўга зацягнецца, і я ўжо пушчу тут карані, дзецям спадабаецца і яны не захочуць з’язджаць?

Але я прызвычаіўся да барацьбы, таму нацэлены вярнуцца. Веру, што мы можам быць не горш за Літву праз 5-10 год, калі будзем рухацца. Заўжды марыў развіваць культуру спорту і адпачынку ў сваім Лепелі, каб было нормай не выпіць таннае «чарніла» і ўпасці ў кусты, а паплаваць, пабегаць, займацца на трэнажорах у добрай залі.

Хочацца, каб Беларусь не стала часткай Расеі, а адштурхнулася, нарэшце, ад дна, на якое мы апускаемся гэтыя два гады, і на новым эмацыйным уздыме выйшла на ўзровень 2020-га і вышэй – да нашай перамогі, – сказаў Папоў.