Все новости

Заснавальнік Sports.ru Навоша пра завочную справу: «Кватэру шкада, але яна вернецца разам з вяртаннем у Беларусь свабоды»

27 сентября 2022, 18:23

Заснавальнік Sports.ru Дзмітрый Навоша адрэагаваў на тое, што трапiў у спiс фiгурантаў першай завочнай крымiнальнай справы сiлавiкоў беларускага рэжыма.

Справа заведзена супраць пяці праціўнікаў Лукашэнкі, якія знаходзяцца за мяжой. Акрамя Навошы, гэта Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская.

«Як «экстрэміст», заснавальнік забароненага спартовага сайта і гэтак далей, я не здзіўлены. Усе там будзем. Урэшце, у кожнага, хто ясна выказваецца супраць крадзяжу выбараў і не глядзіць абыякава на лукашысцкі тэрор, будуць адбіраць, што змогуць – нерухомасць (на маю кватэру ўжо накладзены арышт), грамадзянства.

Да апошняга дня лукашызму яны будуць з наўмысным чмяканнем жэрці людзей – каб трымаць астатніх у страху і пакоры.

Думаю, залішне казаць, што я не лічу сябе вінаватым хоць па якіх-небудзь з выстаўленых абвінавачанняў. Больш за тое, я не схільны лічыць сябе ахвярай (у параўнанні з людзьмі ў турмах асабліва): я жыву поўным жыццём і працую ў вольным свеце, дзе прысуды лукашысцкіх судоў нікога не цікавяць.

[Лукашысты] не кантралююць больш нічога, акрамя гвалту ўнутры канцлагера, які часова існуе на месцы Беларусі.

Калі пазбавяць грамадзянства? Так, ніякага іншага грамадзянства ў мяне няма. Але ўжо як-небудзь цывілізаваныя краіны дапамогуць тым, каго праследуюць па палітычных матывах. Так, кватэру шкада – але яна вернецца разам з вяртаннем у Беларусь свабоды. Больш таго, гэтым сваім непрыкрытым рабаваннем лукашысты адчыняюць скрыню Пандоры.

Здаецца, цяпер становіцца зразумела, за чый кошт дзяржава будзе пасля выплачваць кампенсацыі палітвязням (я не пра сябе, а пра тых, хто сядзіць цяпер у турмах). Гэта будзе нерухомасць людзей, на якіх пакуль трымаецца рэпрэсіўная машына.

Увогуле, стаўлюся да чарговай крыміналкі і будучага «суда» як да яшчэ адной порцыі праклёнаў ад Мукавозчыка або новага крыку Азаронка ў мой адрас: белы шум. Гэта не асабліва ўплывае на маё жыццё, а вось на іх – яшчэ паўплывае», - напісаў Дзмітрый.