Все новости

Экс-каментатар БТРК Пуціла: «Навіцкі лічыўся прыдворным каментатарам. Напэўна, ён мог і ў раздзявалку зайсці да Лукашэнкі»

29 октября 2022, 22:17

Былы каментатар БТРК Аляксандр Пуціла ў інтэрв’ю YouTube-каналу «Честнок» распавёў пра статус былога калегi Уладзіміра Навіцкага.

– Ведаеце, калі [у сакавiку 2022-га] здарылася трагедыя з сынам Навіцкага, я хацеў патэлефанаваць яму. У мяне ёсць нумар тэлефона. Да сённяшняга дня не сабраўся. Што яму казаць, як казаць і ці будзе ён са мной наогул размаўляць.

Але тое, што ён нібыта пайшоў на пенсію... I ўсё роўна працягвае каментаваць, усё роўна яго запрашаюць на гэтыя забегі. Я не ведаю. Тое, што ён кватэру атрымаў у «Алімпійскім», – няўжо за гэта трэба дзякаваць Лукашэнку ўсё жыццё?

Калісьці была такая гісторыя, калі мы яшчэ на Макаёнка працавалі, Лукашэнка выказаўся: «Куды такі грузны чалавек? Чаму ён спорт падае?». Тады Навіцкага крыху прыбралі. Але потым вярнуўся. Тое, як Лукашэнка выказаўся пра Навіцкага, насамрэч было непрыемна.

– Гэта неяк паўплывала на Навiцкага?

– Вядома. Сентыментальны чалавек. Ніколі не было з яго боку ні грубіянства, ні раздражнення. Ён увесь час пытаецца: «А што там казалі пра мяне? А што казалі пра рэпартаж?». Таму ён вельмі перажываў.

Мне дзіўнай уяўляецца вось гэтая сітуацыя, што ён так ахвотна ідзе да Лукашэнкі. Можа, ён баіцца. Можа, баіцца адмовіць. Не ведаю. Не разумею, чаму ён не можа адмовіцца. Тым больш зараз, калі ён не актыўны каментатар. 

– Зразумела, Навіцкі атрымаў нейкі хейт за тое, што быў на ўсіх гэтых мерапрыемствах. Яго гэта неяк кранае ці крыўдзіць?

– Вядома, крыўдзіць. Я ж кажу, ён да кожнага слова адносіцца вельмі блізка, асабліва калі слова не схавана-абразлівае. Калі хваліш, ён сціпла кажа: «Ну не, ну не трэба».

– Каб запрасіць каментатара на праўладную падзею да Лукашэнкі... Ці былі там нейкія праверкі? Можа, Навiцкi нешта расказваў?

– Ён жа лічыўся прыдворным каментатарам. Я думаю, што яго асабліва там не мацалі. Напэўна, ён мог і ў раздзявалку зайсці да Лукашэнкі. Ён нічога не расказваў. Вельмі асцярожна. Каб, не дай Божа, штосьці не падумалі.

– А ён ганарыўся тым, што ён быў прыдворным каментатарам?

– Я думаю, што ён ганарыўся тым, што ён пры Лукашэнку, бо як бы яго выбралі. Ну, ён сапраўды быў самым вядомым каментатарам. Я гэтага не ўспрымаю, але яму падабаецца. Людзі, якія працуюць і жадаюць бачыць плён сваёй працы, гэта, хутчэй, не пра імкненне да зорнасці. Гэта адданасць працы. Адданасць прафесіі. Адданасць каментатарству.

Такія, як Новікаў і Навіцкі, ішлі да гэтага сапраўды ўсё жыццё. Ад самой школы яны імкнуліся да гэтага. Яны бачылі сябе каментатарамі, – сказаў Пуціла.