Стаіць за Радзіму жонкі, быў паранены, не змог пахаваць маму. Як вясляр з Беларусі стаў камандзірам палка Каліноўскага
Ужо амаль тры гады як ваюе.
9 сакавіка полк імя Кастуся Каліноўскага адзначыў чарговую гадавіну заснавання – у гэты дзень у 2022 годзе было абвешчана пра ўтварэнне беларускага добраахвотніцкага фармавання для абароны Украіны ад расійскага поўнамаштабнага нападу.
За час вайны полк прайшоў праз самыя гарачыя пункты і, на жаль, страціў дзясяткі ваяроў. Матэрыялы, прысвечаныя беларускім добраахвотнікам ва Украіне, выходзяць на Tribuna.com – вы можаце азнаёміцца з імі па тэгу «вайна».
Улетку 2024-га на чале палка Каліноўскага адбыліся змены. На пасаду камандзіра замест Дзяніса Прохарава быў прызначаны Павел Шурмей. У мінулым ён вядомы як удзельнік зборнай Беларусі па акадэмічным веславанні, у складзе якой пабываў на двух Алімпіядах у экіпажах чацвёркі парнай – у 2004 годзе было шостае месца, у 2008-м адзінаццатае.
Распавядаем, як лёс прывёў спартсмена на вайну ды яшчэ ў камандзіры.
Яшчэ 30 гадоў таму за абразу Лукашэнкі ледзь не выключылі з РВАР
Нарадзіўся Павел Шурмей у Лідзе 1 верасня 1976 года. Пасля школы паступіў у мінскую Рэспубліканскую вучэльню алімпійскага рэзерва.
Тое былі 1990-я, у Беларусі адбываліся лёсавызначальныя падзеі. У 1994 годзе ў краіне мелі адбыцца першыя ў незалежнай гісторыі прэзідэнцкія выбары (і апошнія сумленныя), у другім туры перамогу атрымаў цяперашні дыктатар Аляксандр Лукашэнка. Праз 28 гадоў ён дазволіць выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для расійскага поўнамаштабнага нападу на Украіну, што прывядзе Шурмея на фронт.
Спартсмен жа, з яго слоў у інтэрв'ю «жыццю-маліне», яшчэ ад 1994-га меў кепскае стаўленне да Лукашэнкі. На момант выбараў Шурмею не было 18 гадоў (другі тур адбыўся 10 ліпеня), але свой голас ён хацеў аддаць Зянону Пазняку. Таксама атлет распавядаў гісторыю, як за абразу дыктатара яго ледзь не выключылі з РВАР.
– Прывёз з ЧС плакаты, там было шмат свабоднага месца, дзе я напісаў: «Беларусь – у Еўропу. Лукашэнку – у жопу», «Луку – на муку». Гэта тое, з чым у 1996-1999 гадах выходзілі людзі на вуліцы і плошчы. Павесіў у пакоі і паехаў на зборы, а калі прыехаў, прымусілі зняць. Ужо праз шмат гадоў даведаўся, што стаяла пытанне пра маё выключэнне, – згадваў спартсмен.
Давялося Шурмею і бачыць узурпатара паблізу – напярэдадні Алімпіяды-2008. І гэта навяло на жорсткія думкі.
– Мы чакалі Лукашэнку ў Палацу рэспублікі. Калі ён з'явіўся, ішоў перад намі.. У мяне ў галаве была думка: ці паспеў бы я што-небудзь яму ў горла ўткнуць? З сабой у мяне нічога не было, але вось думка была, – сказаў будучы кіраўнік Палка Каліноўскага.
Бароніць Радзіму жонкі з надзеяй на свабоду Беларусі
Пачатак расійскага нападу 46-гадовы Павел Шурмей заспеў у Нью-Ёрку, дзе з таварышамі рыхтаваўся прадстаўляць Беларусь на ветэранскіх спаборніцтвах. Пра вайну спартсмен даведаўся ад жонкі, вясляркі зборнай Украіны Алены Бурак, якая з'яўляецца чэмпіёнкай свету і Еўропы, фіналісткай Алімпіяды-2016.
– Атрымаў паведамленне, што яна прачнулася ад бамбёжкі, выбухаў. Трывога, неспакой – гэта зусім не тыя словы, якія могуць апісаць мой стан. Хутчэй быў гнеў, злосць ад таго, што я далёка і не магу дапамагчы блізкім. Вельмі за іх перажываў, – расказваў спартсмен.
Для сябе Шурмей адразу прыняў рашэнне выправіцца абараняць Украіну, для чаго вылецеў з ЗША 28 лютага. Што цікава, ніякага вайсковага досведу спартсмен не меў, бо ў арміі не служыў. «Жарт жыцця», – так ён называе такі паварот лёсу.
Перад выпраўленнем ва Украіну спартсмен з жонкай запісалі моцны зварот. Бурак засталася ў Польшчы ў тамтэйшай вясляркі, якая дала ёй прытулак, а беларус выехаў бараніць Радзіму жонкі.
Тады ў інтэрв'ю Tribuna.com Шурмей заявіў, што цалкам верыць у перамогу Украіны, і што калі гэта здзейсніцца, то будзе і шанц на вызваленне Беларусі ад дыктатуры.
Шурмей кажа, што меў памкненне паехаць бараніць Украіну яшчэ ў 2014 годзе, калі здарыўся захоп Крыму і пачалася вайна ў Данецкай і Луганскай абласцях. Але тады баяўся за маці, якая жыла ў Беларусі. «Тады гэта была дарога ў адзін канец», – кажа вясляр.
Калі вайна ў лютым 2022-га ўспыхнула наноў, Шурмей рушыў на фронт. «Маёй мамы не стала ў жніўні 2022-га. На жаль, я не паспеў з ёй развітацца», – казаў экс-вясляр.
Смерці пабрацімаў, параненне, медаль БНР
Трапіўшы ў Кіеў, былы спартсмен далучыўся да Палка Каліноўскага, дзе атрымаў пазыўны «Дзязька» і стаў кулямётчыкам – і з часам стаў камандзірам узводу буйнакаліберных кулямётаў. Першы баявы досвед Шурмей атрымаў у 20-х чыслах сакавіка ў Ірпені – горадзе каля Кіева, які расіяне акупавалі і ўчынілі зверствы над мірным насельніцтвам, але былі выбітыя ў канцы таго ж сакавіка. Са слоў камандзіра, былы спартсмен праявіў сябе з найлепшага боку.
Але, вядома, здаралася шмат трагічных момантаў.
– Аднойчы хавалiся ад абстрэла ў цэнтры будынка, у прыбiральнi. Сядзiм ушасцёх – i тут жаночыя крыкi: «Людзi, дапамажыце!» I я… А мне хлопец, для якога быў ужо не першы год вайны: «Дзядзька, сiдзi. Ты нiчым не дапаможаш». Вельмi шчыльны абстрэл, ёсць заданне, ты павiнен яго выконваць. А [калi паспрабуеш дапамагчы, а] цябе параняць – хлопцы пойдуць вытаскiваць, з iмi нешта можа адбыцца, i ланцужок пойдзе. I ты [рвешся дапамагаць] – а табе: «Сiдзi». Як пазней мы высветлiлi, гэта цывiльныя жыхары, якiя спрабавалi адыходзiць на ўкраiнскi бок, муж з жонкай. I проста ў мужыка не вытрымала сэрца – памёр ад iнфаркту. А жонку потым вывелi, – расказваў Шурмей.
Там жа беларус пабачыў першую смерць – амаль адразу па прыездзе на пазіцыі.
– Нас тады завялi ў будынак, i там пазнаёмiўся з хлопцам. Валодзя, «Бронза» пазыўны ў яго быў, ветэран вайны ў Афганiстане, з 2014-га браў удзел у баявых дзеяннях на Данбасе. I ён прыемна здзiвiўся: «О, беларусы прыехалi нам дапамагаць! Малайцы, хлопцы, дзякуй!»
Недзе праз паўгадзiны я пайшоў на другi паверх, i «Бронза» быў там. Мы завялi нейкую размову. Ён стаяў у дзвярным праёме, спiнай да вялiкага балкона, а я яму ў твар глядзеў, спiнай у калiдор. Пачаўся абстрэл раптоўна, і першым жа прылётам нас двух кiнула ў калiдор. Ну i… Аскепак прыляцеў у яго. Мы разам апынулiся на падлозе – я ўстаў, ён не. Я пачаў яго цягнуць – пабачыў вялiкую лужыну крывi. Паклiкаў парамедыка – перабiтая пахавая артэрыя, а з гэтым i ў простых умовах вельмi мала шанцаў на дапамогу. Праз тры хвiлiны я ўжо яму закрыў вочы, – распавёў Шурмей.
Таксама ў Ірпені загінуў кіраўнік яго падраздялення Дзмітрый «Тэрор» Апанасовіч. Пазней спартсмен апісваў яго як выдатнага ваяра і цудоўнага хлопца.
Шурмей браў удзел у баях за Бахмут. Украінская армія пакінула горад у траўні 2023-га, калі ён быў цалкам зруйнаваны. Вясляр быў у Бахмуце увосень 2022-га і на пачатку 2023-га. Убачанае там параўноўваў з бітвай пры Вердэне – адным з самых кровапраліўных баёў Першай сусветнай вайны.
– У Бахмуце [загiнуў] баец мой, кулямётнiк – маленькi аскепачак прабiў бронекамiзэльку збоку i патрапiў проста ў сэрца. 7 лiстапада [2022 года], – распавядаў Шурмей.
Згадваў Шурмей і іншых загінулых пабрацімаў – заснавальніка «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага і камандзіра батальёна «Волат» палка Каліноўскага Івана Марчука.
– З Лазоўскiм былi агульныя знаёмыя. Пасябраваў у Амерыцы яшчэ з яго сябрамi па «Белым легiёне». Калi ляцеў са Штатаў ва Украiну, ведаў, што з iм пазнаёмлюся, што ён чакае. Так, мы моцна пасябравалi. Гэта мог быць у будучай Беларусi сапраўды мiнiстр абароны. «Брэст» – ён быў лiдар. Няважна, была б рота, батальён, полк – гэта быў камандзiр. Цяжка без яго? Так, – распавёў Шурмей.
Міраслаў Лазоўскі і Іван Марчук
Сам Шурмей таксама пацярпеў – у адным з баёў у лютым 2023-га атрымаў раненне рукі.
– Мы паехалi забiраць з задання групу хлопцаў. Нажаль, [аўтамабіль] «Хамвi» (таксама вядомы як «Хамер») захрас. Мы знайшлi ў некалькiх дзясятках метраў, як мы вырашылi, больш-менш бяспечнае месца, вырашалi, што рабiць. I нас уначы змалявала «птаха», БПЛА. Пачаўся абстрэл. Паранiла двух хлопцаў, мы засталicя аказаць iм дапамогу. Праз нейкi час пачаўся другi абстрэл, на маю думку, танкавы. Усё былi пералёты, але апошнi стрэл патрапiў у дрэва, якое было памiж мной i iншым беларусам. Аскепкамi зверху нас накрыла. Мне [аскепкi] дакладна патрапiлi наскрозь [праз левую руку], перабiлi прамянёвы нерв, – успамінаў Шурмей.
Насамрэч з часам выявілася, што параненыя абедзве рукі. У той, што быў пашкоджаны нерв, паводле жонкі, «вылецеў кавалак мяса, аскепкам вынесла, там утварылася дзірка, щарык ад пінг-понгу туды дакладна змясціўся б, а то і штосьці большае». Аскепак у правай руцэ медыкі параілі Шурмею пакінуць, каб не пашкодзіць «нервы, артэрыю ці што яшчэ».
А за некалькі дзён да паранення, 1 лютага 2023 года, былы алімпіец у шэрагу першых атрымаў медаль БНР за баявыя заслугі. Узнагарода была заснавая ў той жа дзень дэкрэтам старшыні Рады Беларускай народнай рэспублікі Івонкі Сурвілы і была прысвечаная да 160-х угодак пачатку паўстання Каліноўскага.
Лукашэнкаўскі рэжым таксама «ацаніў» заслугі Шурмея. У сакавіку 2023-га на яго завялі крымінальную справу за «ўдзел ва ўзброенным фармаванні».
Стаў на чале палка на фоне скандала
Мінулым летам у палку Каліноўскага здарыўся публічны канфлікт. 19 ліпеня было абвешчана, што Шурмей стаў выканаўцам абавязкаў камандзіра фармавання беларускіх добраахвотнікаў, а праз тры дні ў афіцыйным (на той момант) Telegram-канале палка апублікавалі допіс, дзе заяўлялі, што новы кіраўнік «страціў аўтарытэт большай частцы камандзіраў» і ўвогуле падраздзяленне губляе «традыцыйныя элементы самакіравання».
Пазней высветлілася, што скандал наспяваў ад красавіка 2024-га, калі на агульным зборы быў выказаны вотум недаверу Арцёму «Ванішу» Войнічу, які адказваў за тылавую службу, і Мікалаю «Міколе» Дземідзенку, аднаму з сузаснавальнікаў палка. На пытанне zerkalo.io наконт страты палком самакіравання Шурмей адказаў, што «гэта было не самакіраванне, а кіраванне Міколы і Ваніша».
– Нагадваю, што мы ўсё ж у шэрагах Узброеных сіл Украіны і павінны ўзаемадзейнічаць з вайсковым кіраўніцтвам дзеля дасягнення агульнай мэты – вызвалення Беларусі праз перамогу Украіны, – заявіў новы камандзір каліноўцаў.
У сваім першым звароце на кіроўнай пасадзе былы алімпіец сказаў, што ў палку адбываюцца змены для паляпшэння эфектыўнасці, у тым ліку фінансавай празрыстасці. У жніўні Шурмей заявіў, што падраздзяленне імкнецца «пазбавіцца людзей, для якіх мэтай было не вызваленне Беларусі, а якія мелі нейкія свае ўласныя мэты адносна палка, бачылі яго сваім прыватным войскам».
– Да яго цяпер нерэальна дазваніцца. Ён увесь час на тэлефоне, вырашае шмат задач. У нас ёсць нейкі час рана раніцай, калі ўсе праблемы і пытанні яшчэ спяць <...> У астатнім ён мала змяніўся. Стаў, напэўна, больш маўклівым і сабраным, – расказвала жонка былога спартсмена Алена.
На лістападаўскай сустрэчы з беларусамі ў Вільні Шурмей распавёў, што ўнутраныя рознагалоссі былы адоленыя і што ў палку склалася «адносна добра выпрацаваная іерархія і разуменне аўтарытэтаў».
– Мы паехалі [ў полк] дзеля ідэі, не дзеля Міколы ці Ваніша. Нас аб’ядноўвае ідэя, мы ў яе верым. У пэўным моманце мы давяралі пэўным людзям, гэтае разуменне потым змянілася. Але мы не маглі страціць полк, бо гэта ідэя, і яна будзе заставацца, пакуль не рэалізуецца ў час вызвалення Беларусі, – заявіў Шурмей.
– Калі мы хочам вярнуцца ў Беларусь, ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі, не верне нас. Можа скласціся, што іншыя краіны за нас вырашаць наш лёс і навяжуць нам іхнія ўмовы, тады не трэба будзе гэтым умовам здзіўляцца. Вось праз гэта ўсё мы ў палку, нягледзячы ні на што, – тлумачыць матывацыю каліноўцаў былы спартсмен.
У канцы мінулага году Шурмей адказваў на пытанне, якім можа быць развіццё падзей на фронце. Напрыклад, ці верыць ён у хуткае прыпыненне агню. Такі сцэнар Шурмей лічыць небяспечным.
«Мяркую, калі замарозка і будзе, усё гэта часовае. Год, тры гады, і вайна зноў пачнецца, проста Расія атрымае магчымасць аднавіць сілы. Шмат стагоддзяў нашай гісторыі паказваюць, што Расія ніколі не спыніцца – яе можна толькі рабіць слабой, каб яна не магла лезці ў справы Беларусі, Украіны і ўсёй Еўропы», – разважаў камандзір палка.
Фота: «Белсат», «Наша Ніва», «Зеркало», YouTube-канал «жыццё-маліна».