Все новости

Сяргей Далідовіч: «Можна казаць пра западнае фінансаванне і не верыць каму заўгодна. Але кім фінансуюцца зоркі ўкраінскага спорту, якія сталі ў шэрагі абаронцаў айчыны?»

9 апреля 2022, 22:02

Удзельнік сямі Алімпійскіх гульняў лыжнік Сяргей Далідовіч падзяліўся меркаваннем, ці могуць быць спартоўцы Расіі і Беларусі быць па-за палітыкай, а таксама выказаў меркаванне, што ў тых з іх, хто падтрымлівае ўлады няма жадання разбірацца ў сітуацыі.

– Расейцы і беларусы імкнуцца пазбавіцца санкцыяў [адхіленні ад міжнародных спаборніцтваў] праз пазовы ў суды, у той жа Міжнародны спартовы арбітражны суд. Ці ёсць нейкае спадзяванне, што іх апраўдаюць, да іх павернуцца зноў і дапусцяць да турніраў ужо на наступны сезон?

– Вельмі добры прыклад падалі арганізатары Ўімблданскага тэніснага турніру. Калі хочаце сёлета гуляць у Лондане на трэцім у годзе турніры «Вялікага шлема», то папярэдне павінныя выказаць сваю пазіцыю: вы падтрымліваеце дзеянні Пуціна ці не. Калі не, то заўсёды можна знайсці магчымасць, як гэта прапанавалі шахматыстам: выступаць асобна, не пад сцягам сваёй краіны, а пад іншымі, нейтральнымі сімваламі. Жадаеце ў такой сітуацыі заставацца гэтак званымі патрыётамі, то прабачце, мы вас не чакаем. І гэта нармальна!

Але ўвесь час спартоўцы цвердзяць, што спорт па-за палітыкаю. Якое «па-за палітыкаю»? Вы – прадстаўнікі дзяржавы, вас фінансуе дзяржава. Зусім мала краінаў засталося, дзе спорт поўнасцю завязаны на дзяржаве. Гэта Беларусь, Расея, напэўна, нейкія азіяцкія рэспублікі. Яны абсалютна пад дзяржаваю, ёй фінансуюцца, а яшчэ нярэдка і служаць у сілавых структурах.

У тым ліку такая сітуацыя і ў лыжных гонках. Назіральная рада ў нас складалася з пракурораў, калі старшынём лыжнай федэрацыі быў Канюк. Кіраўнік – дакладна прадстаўнік дзяржавы. Як гэта ты супраць дзяржавы? Цябе дзяржава фінансуе, і ты абавязаны поўнасцю падтрымліваць, што б ні рабілі ўлады. Як я стаміўся слухаць, што, маўляў, гэта геапалітыка і мы не вінаватыя, ад нас нічога не залежыць.

Цяпер ужо другое стагоддзе – інтэрнэту. Калі ёсць жаданне зразумець, што адбываецца ў свеце, паглядзіце хаця б фотаздымкі тых жахаў, што робіцца ва Украіне. Але такога жадання няма. Выходзяць на публіку, знакі «Z» чапляюць. Толькі з гадамі, напэўна, зразумеюць, памяняюць свой погляд. Але гэта дакладна будзе не цяпер.

Можна не верыць «Белсату», які фінансуецца польскім урадам. Можна не верыць яшчэ камусьці, але кім фінансуюцца зоркі ўкраінскага спорту: баксёр Аляксандр Усік, біятланіст Дмытро Підручны, зорка савецкага футболу Ігар Беланаў? Яны таксама нацысты? Але яны сталі ў шэрагі абаронцаў айчыны. Бо фінансуюцца толькі сваім сэрцам, – сказаў Далідовіч.