Все новости

Далідовіч пра мiжнародны бан белспорту: «У нас чыноўнікі нібыта гэтага і чакалі. Зараз будзе як у маленькім СССР, але ж там людзі ездзілі на Кубак свету»

9 июня 2022, 11:04

Знакаміты беларускі лыжнік і ўдзельнік сямі Алімпійскіх гульняў Сяргей Далідовіч пракаментаваў рэакцыю чыноўнікаў на санкцыі ў дачыненні да беларускага спорту, а таксама выказаў меркаванне наконт сумесных спаборніцтваў Беларусi i Расii.

Нагадаем, атлетаў з Расіі і Беларусі сталі масава адхіляць ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на развязаную Расіяй вайну ва Украіне, якая працягваецца з 24 лютага з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«Бачу, як у нас чыноўнікі выказваюцца пра санкцыі ў спорце. Выглядае, нібыта яны гэтага і чакалі (усміхаецца). З іншага боку, да санкцый спартсмены выступалі на міжнародных стартах і мелі шансы зарабіць нейкую стыпендыю. Для кагосьці санкцыі — гэта наадварот добра. Такім людзям не трэба паказваць вынікі і ездзіць на вялікія спаборніцтвы, яны проста будуць атрымліваць мінімальныя грошы. А для атлетаў топ-узроўню тое, што адбываецца — гэта, наадварот, дрэнна, бо асноўныя свае стыпендыі гэтыя людзі зараблялі за мяжой.

[Міністр спорта Сяргей] Кавальчук сказаў пра тое, што чыноўнікі падрыхтуюць для спартсменаў унутры Беларусі добрыя прызавыя. Але мне цікава, як будуць на гэта рэагаваць простыя людзі? Калі спартсмен нешта выйграе ў Расіі, а атрымлівае за гэта, нібыта ён — алімпійскі чэмпіён, наколькі гэта будзе справядліва?

Пакуль я бачу, што наша краіна зайшла не туды, куды трэба. Пакуль што, здаецца, гэта не тупік, і з гэтай сітуацыі яшчэ можна неяк выбрацца, яшчэ ёсць час.

Зараз, калі большасць беларускіх і расійскіх спартсменаў адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў праз вайну, у дзяржаўных медыя гучаць сцверджанні пра арганізацыю сумесных турніраў. Маўляў, гэта дасць магчымасць спартсменам, пазбаўленым вялікіх стартаў, атрымаць патрэбную для развіцця канкурэнцыю. Але ж я не згодны з тым, што беларуска-расійскія турніры ў гэтым дапамогуць.

Я нарадзіўся ў СССР і спаборнічаў у Савецкім Саюзе, ведаю, як гэта было. І зараз усё будзе як у маленькім Савецкім Саюзе з Беларусі і Расіі. Але ж будзе адна маленькая розніца: у савецкай зборнай людзі мелі магчымасці выязджаць на чэмпіянаты свету, ездзілі на Сусветную універсіаду, Кубак свету.

А зараз спартсмены могуць паехаць ці на чэмпіянат Расіі, ці на чэмпіянат Беларусі. Не ведаю, у каго гэта можа выклікаць цікавасць. Можа, нашы чыноўнікі думаюць падключыць Кітай да спаборніцтваў, але сумняваюся, што Кітаю трэба зімовыя віды спорту зараз, калі Алімпіяда ўжо прайшла», – сказаў Далідовіч.