Все новости

Сяргей Далідовіч: «Калі людзі ва ўладзе робяць выгляд, што яны не ведаюць, што ад нас ляцяць ракеты, гэта значыць, што яны не ведаюць, што адбываецца ў іх краіне»

9 июня 2022, 20:47

Знакаміты беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч пракаментаваў, чаму паставіў свій подпіс пад Антываеннай дэкларацыяй Беларускага фонда спартовай салідарнасці.

«Усе довады, якія там прыведзеныя, я падтрымліваю як чалавек, які і ў 2020-м выступіў за справядлівасць. Як можна спакойна ставіцца да вайны, якую Расія развязала ва Украіне? У мяне так шмат знаёмых, якія ва Украіне, і я дакладна ведаю, што яны не фашысты.

Усё перавернутае з ног да галавы. У Беларусі большасць не падтрымлівае вайну, і, напэўна, гэта таму што ў нас не было такіх тэлеканалаў, дзе б восем гадоў распавядалі, што ва Украіне — фашызм. Здаецца, у Расіі проста паверылі ва ўсё гэта. Украінцы супраць фашызму і я супраць фашызму, дык хто з кім ваюе?

Большасць людзей абалванілі. У 2020 годзе большасць адказнасці неслі тыя, хто падрабляў подпісы на выбарчых участках, а цяпер гэтак жа вінаватыя прапагандысты. Гэтыя людзі павінны працаваць як журналісты і несці праўду, але яны проста зарабляюць грошы і абалваньваюць тых, каму не хапае доступу да праўдзівай інфармацыі, у тым ліку па прычыне ўзросту.

Што да антываеннай дэкларацыі, падкрэслю, што войскі павінны быць выведзеныя і з беларускай тэрыторыі. Бо калі і з яе ляцяць ракеты, то наша краіна нясе такую ж адказнасць за падзеі.

Калі людзі ва ўладзе робяць выгляд, што яны не ведаюць, што ад нас ляцяць ракеты, гэта значыць, што яны не ведаюць, што адбываецца ў іх краіне», – прыводзіць словы лыжніка «Наша Ніва».

На дадзены момант да Антываеннай дэкларацыі БФСС далучылася больш за 300 прадстаўнікоў спорту Беларусі, Украіны, ЗША і іншых краін.

Азнаёміцца і падпісаць дэкларацыю можна тут.