Белорусская федерация футбола
Блог

«Мова — Музыка — Футбол»!

«Мова — Музыка — Футбол»!

Федэрацыя футбола Беларусі і культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» абвяшчаюць творчы конкурс «Мова — Музыка — Футбол».

Любіш футбол, падтрымліваеш зборную, жадаеш новых перамог Белакрылым?

Любіш музыку, граеш на гітары, пішаш песні, спяваеш ці нават маеш уласны гурт?

Любіш мову і хочаш, каб яна гучала часцей і гучней, а песню па-беларуску заспяваў увесь стадыён?

Тады праект «Мова — Музыка — Футбол» для цябе!

Мы не абмяжоўваем удзельнікаў конкурсу ў музычных стылях і фарматах. Поўная свабода творчасці і праяўлення музычна-паэтычных талентаў. Усё, што аб’ядноўвае беларускую мову, беларускі футбол і беларускую музыку: спачатку збіраем, затым слухаем і спяваем разам!

Праект доўжыцца да вясны 2017 году і складзецца з шасці этапаў.

Першы і асноўны этап — гэта музычны конкурс, на які да 1 снежня прымаюцца песні на беларускай мове адпаведна тэмам:

— футбол і заўзятарства ў самым шырокім сэнсе, актыўная падтрымка беларускай зборнай, клубных камандаў і наведванне фубольных матчаў, — патрыятызм і любоў да Беларусі, гонар за яе спартыўныя дасягненні, — спалучэнне беларускай мовы і спорту.

Наступныя этапы:

— запіс песень-фіналістаў на прафесійнай студыі;

— вызначэнне пераможцаў адмысловым складам журы, слухачамі ў сацыяльных сетках і на сайтах інфармацыйных партнёраў, на адборачных канцэртах у «Грай» кафэ;

— падрыхтоўка і выданне дыска-складанкі, здымкі кліпа;

— музычны фестываль з удзелам пераможцаў і фіналістаў конкурсу, прэзентацыяй песень і дыска, узнагароджваннем пераможцаў;

— распаўсюд песень у інтэрнэце, на радыё, у межах спартовых і культурных мерапрыемстваў Беларускай федэрацыі футбола і культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба».

Беларускамоўныя песні на конкурс з пазнакаю «Мова – Музыка – Футбол» прымаюцца ў фарматах аўдыё і відэа да 1 снежня на e-mail: artsiadziba@gmail.com у трох варыянтах:

— гатовыя студыйныя запісы (якасна запісаныя песні, што не патрабуюць перазапісу і дадатковай працы, якія раней публікаваліся ці не);

— дэма-запісы (часткова гатовыя запісы, якія патрабуюць дадатковай студыйнай працы); — чарнавікі (песні запісаныя ў хатніх умовах ці на рэпетыцыі, канцэртныя запісы, відэа-запісы з выкананнем песні).

Абавязкова пазначайце ў заяўцы разам з творам:

— назву выканаўцы ці гурта і кароткую інфармацыю пра іх,

— назву твора,

— імя аўтара і кампазітара,

— спасылкі на старонкі ў сацыяльных сетках,

— кантактныя дадзеныя (тэлефон, e-mail).

Пасля прыёму песень адбудзецца галасаванне, адбор фіналістаў і вызначэнне пераможцаў з выбываннем у некалькі этапаў: чвэрцьфіналы, паўфіналы і фінал. Балы будуць вылічвацца з улікам меркавання журы, вынікаў галасавання ў сацыяльных сетках, на адмысловых канцэртаў у «Грай» кафэ і на сайтах АБФФ, «Арт Сядзібы» ды інфармацыйных партнёраў.

Журы конкурсу будзе абвешчана ў блiжэйшы час.

Па выніках будуць вызначаныя тры пераможцы:

1 месца — здымкі кліпа, студыйны запіс песні, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё, футбольны мяч з аўтографамі зборнай,

2 месца — студыйны запіс, выступленне на фінальным канцэрце праекту і на «Барысаў-Арэне» ў рамках аднаго з матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі, ратацыя песні на радыё,

3 месца — студыйны запіс, прафесійны вакальны мікрафон, выступленне на фінальным канцэрце праекту.

Таксама будуць вызначаныя пераможцы ў дадатковых намінацыях «Глядацкія сімпатыі», «Лідары сацыяльных сетак», «Выбар генеральнага спонсара», «Песня стадыёна», «Выбар Белакрылых».

Гэтыя пераможцы атрымаюць падарункі ад арганізатараў і партнёраў конкурсу: абанементы на хатнія гульні нацыянальнай футбольнай зборнай, атрыбутыку зборнай (майкі, рэплікі, шалікі), сувеніры і іншыя памятныя падарункі.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць запрашальнікі на фінальны фестываль і музычны дыск «Мова – Музыка – Футбол» ад кампаніі «Планета Вігма» з творамі ўдзельнікаў конкурсу, а таксама песнямі, напісанымі раней у Беларусі, пра футбол і для футбола.

Падзеі ў сацыяльных сетках:

https://vk.com/movamusicfootball https://www.facebook.com/events/1667276286935138/

Партнёры конкурсу:

— студыя гуказапісу «Bah Records» (http://bahrecords.by/), куды вы можаце звярнуцца і з 50% зніжкай запісаць і падрыхтаваць вашу песню на конкурс. На гэтай студыі будуць запісаныя і зведзеныя песні ўсіх фіналістаў конкурсу;

— кампанія «Хороший звук» (http://gsound.by/) займаецца тэхнічным забеспячэннем мерапрыемстваў любога ўзроўню. Гэтая кампанія забяспечыць патрэбным гукавым і сцэнічным абсталяваннем фінальны канцэрт праекту;

— «Грай» кафэ беларускай кухні (https://www.facebook.com/kafegray/) ў Мінску на Інтэрнацыянальнай, 33 стане пляцоўкай для правядзення прэзентацый і канцэртаў у межах праекту;

— кампанія «Планета Вігма» (http://www.vigma.by/) займаецца вытворчасцю кампакт-дыскаў у Беларусі і забяспечыць выданне ды распаўсюд фінальнага альбому з песнямі пераможцаў і удзельнікаў праекту;

— кампанія «Symbal.by» (https://symbal.by/) займаецца вытворчасцю і продажам рэчаў ды сувеніраў у беларускім стылі. У межах праекту забяспечыць выраб прома-прадукцыі і падарункаў для пераможцаў конкурсу;

— беларускі кліпмейкер, дакументаліст Арцём Лобач (https://www.facebook.com/artem.lobach.9), аўтар кліпаў гуртоў J:морс, Akute, Vinsent, Hurma, Vuraj, The Toobes. Ён здыме прафесійны аўтарскі кліп пераможцу конкурсу.

Інфармацыйныя партнёры конкурсу: tut.bypressball.bykp.byeuroradio.fmnn.by.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья