Артыкулы Дылетанта
Блог

За каго заўзець у новым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў

У гэтым сезоне лепшы футбольны турнір Старога Свету абыходзіць Беларусь бокам, што безумоўна наварочвае слёзы на вачах беларускага заўзятара. У гэты раз без БАТЭ. І раз ужо турнір пройдзе без нашага флагмана, то трэба выбраць свайго фаварыта. Тут два прынцыпы, першы: заўзець за сваіх. 

А ў гэтым годзе сапраўды ёсць каго падтрымліваць! 

alt

У першую чаргу беларусы будуць сачыць за Цімафеем Калачовым і яго «Растовам». Беларускі паўабаронца за сваю немалую 17-гадовую футбольную кар’еру нарэшце згуляе ў элітным раундзе Лігі чэмпіёнаў. Нягледзячы на свае 35, віцэ-капітан растоўскага клуба ў парадку. Цімафей рэгулярна трапляе ў стартавы склад каманды і, вядома, вызначаецца ўдалымі дзеяннямі на полі.

У гэтым сезоне Калачоў прыняў удзел ва ўсіх дзесяці матчах «Растова»: чатыры ў кваліфікацыі ЛЧ і шэсць у РФПЛ. У другім і трэцім раўндах Лігі чэмпіёнаў адыграў усе 360 хвілін плюс дадатковыя і аддаў адну галявую перадачу, што не можа не радаваць. У РФПЛ найграў 346 хвілін, таксама аддаў адну галявую і заробіў тры жоўтыя карткі.

Можна быць упэўненым на сто адсоткаў, што Калачоў ў Лізе чэмпіёнаў згуляе і будзе змагацца за кожны пункт для «Растова». А змагацца дакладна будзе з кім. З групай растаўчанам, шчыра кажучы, не пашанцавала: пераможца ЛЧ сезона 2012/13 – ёсць, леташні фіналіст – ёсць, чэмпіён Нідэрландаў у падарунак. Кактэйль для дэбютанта не самы прыемны, але хто сказаў, што павінна быць проста? Сам жа Калачоў аптымістычна настроены на групавую стадыю: «Група атрымалася цікавая. Можна змагацца, і, калі шчыра, то нічога не вызначана ў гэтай групе». 

Ну а мы жадаем поспехаў нашаму паўабаронцу і будзем пільна сачыць за яго гульнёй.

alt

У мінулым сезоне Мікіта Корзун меў толькі невялікія шанцы выйсці ў 1/8 ЛЧ у складзе кіеўскага «Дынама», у гэтым жа годзе маладому беларусу трэнерскі штаб пачаў давяраць месца ў стартавым складзе. У сямі стартавых турах Украінскай Прэм’ер-лігі Корзун згуляў у чатырох, два матчы з якіх адыграў ад званка да званка. Таксама беларускі паўабаронца прыняў удзел у матчы за Суперкубак Украіны, адыграў поўныя 120 хвілін і заваяваў чарговы тытул для кіяўлян.

Група ў ДК салідная, але не смяротная. У квартэце В адназначна назваць фаварыта складана, любая каманда здольнвя набіраць ачкі. Аднак матч зборнай Беларусі супраць Францыі паказаў, што Корзун знаходзіцца ў выдатнай фізічнай форме, і паўабаронца гатовы гуляць супраць любога суперніка.

Ці згуляе малады беларус у групавой стадыі пакуль яшчэ загадка. Усё залежыць ад самога Мікіты.

alt

Калі ж фаварыта няма, то ўступае другі прынцып: заўзець за самых «слабых».

Усё ж такі слабых каманд у Лізе чэмпіёнаў быць не можа, але ў любой групе заўсёды ёсць намінальны аўтсайдэр. І менавіта матчы аўтсайдэраў прыцягваюць увагу нейтральных гледачоў. Убачыць, як БАТЭ разносіць знакамітую «Баварыю», або, як загрэбскае «Дынама» ні з чым пакідае «Арсэнал» – відовішча годнае сапраўдных балад. 

«Лудагорац» у другі раз выйшаў у групавую стадыю ЛЧ, і мы памятаем, што тварыў балгарскі клуб два гады таму. На родным стадыёне каманда паказвае моцны футбол; фанаты «сметанковых» напэўна яшчэ памятаюць, як балгарскі чэмпіён быў блізкі да перамогі з «Рэалам», напэўна памятае паразу і «Базэль», якому зноў наканавана прыехаць у Балгарыю.

«Арсэнал» і ПСЖ чакае няпростая сустрэча ў Сафіі, нам жа гэта толькі на руку.

«Растоў» для нас цікавы не толькі таму, што там гуляе Цімафей Калачоў, але і самой сваёй гульнёй. Расійскі «Лестэр» пакарыў многіх заўзятараў у мінулым сезоне, у гэтым іх колькасць узрасла тройчы, пасля перамогі над «Аяксам». Звычайна, дэбютны сезон у большасці клубаў складваецца паспяхова, спадзяюся, што «Растоў» не будзе выключэннем.

20 гадоў польскі клуб не гуляў у элітным раўндзе ЛЧ, і, нарэшце, гэта здарылася! «Легія» зрабіла тое, што ў гэтым сезоне двойчы не ўдалося БАТЭ: прайсці «Дандалк» і выйсці ў групавую стадыю. Польскі чэмпіён ужо даўно асвоіўся ў Лізе Еўропы: навучыўся адбіраць ачкі ў грозных супернікаў і не раз выходзіў у 1/16 фіналу. У гэтым годзе для клуба ўсё ў навінку.

alt

Ну і ў бонус. «Лестэр» - каманда за якой будзе сачыць увесь свет. Ходзяць чуткі, што Раньеры прадаў душу д’яблу, а наўзамен той даў італьянцу магчымасць выйграваць любы тытул з любой камандай, але з умовай: толькі адзін кубак за сезон. Здаецца, Раньеры ў гэтым годзе абраў Лігу чэмпіёнаў :)

А за якой камандай будзеце сачыць Вы?

Фота: chto-proishodit.ru, xsport.ua, fanat1k.ru

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья