Tribuna/Футбол/Блоги/Артыкулы Дылетанта/0-0-5. У якой форме галандцы падыходзяць да беларусаў

0-0-5. У якой форме галандцы падыходзяць да беларусаў

У пятніцу беларусаў чакае сапраўднае пекла

Автор — Пан Дзі Мон
6 октября 2016, 22:30
10
0-0-5. У якой форме галандцы падыходзяць да беларусаў

Пакрыўджаныя і азлобленыя галандцы з нецярпеннем чакаюць «белакрылых» у госці. Матч Нідэрланды – Беларусь – выдатны шанец для гаспадароў перапыніць серыю няўдач, якая цягнецца за камандай ужо некалькі гадоў.

Бронзавыя прызёры апошняга мундыяля перажываюць не лепшыя часы. За гэтыя два гады ў руля «апельсінавых» змянілася тры галоўных трэнеры, таксама каманда ўпершыню з 1984 праляцела міма ЕЎРА. Зараз у Нідэрландах адбываецца змена пакаленняў. Толькі вось праблема ў тым, што на месца былых зорак паўнавартаснай замены проста няма. Галандская дзіцяча-юнацкая школа працуе на зайздрасць усім, але новых зорак, з прыстаўкай «супер», няма ўжо даўно. Задача для Дані Блінда няпростая: сабраць каманду, якая зможа рэабілітавацца ў вачах заўзятараў і вырваць пуцёўку ў Расію.

Апошнія вынікі

Калі я вам скажу, што нацыянальная зборная Нідэрландаў апошні раз выйгравала хатні матч у пачатку 2015-га (а дакладней 31.03 у таварыскай гульні супраць Іспаніі(0-2), вы мне паверыце? Вось дык дзіва, але 0-0-5 – рэальная статыстыка «аранжавых». На працягу апошніх пяці хатніх гульняў каманда не выйграла ніводнага матчу, з розніцай мячоў 8-13.

ТГ – таварыская гульня, КЕ – кваліфікацыя на ЕЎРА 2016, КЧС - кваліфікацыя на чэмпіянат свету 2018.

На выездзе каманда наадварот паказвае байцоўскі характар: ніводнай паразы ў пяці гульнях. Шчыра кажучы, чатыры матчы былі таварыскія, але затое з удзельнікамі французскага ЕЎРА.

Напярэдадні матчу

Згуляўшы ўнічыю са Швецыяй, якая ўпершыню за доўгі час гуляла без свайго лідэра Златана Ібрагімавіча, Нідэрланды паставілі сябе ў няёмкае становішча, бо замест таго, каб суседнічаць ў турнірнай табліцы з Францыяй, ужо пасля першага туру «аранжавыя» маглі везці ў галоўнага канкурэнта два ачкі. І на дадзены момант самая важная гульня для каманды з краіны цюльпанаў менавiта з Беларуссю.

Падыходзіць да матчу з «трохкаляровымі», трымаючы ў скарбонцы два ці, не дай бог, адно ачко можа ўжо на старце паставіць крыж на ўдзеле ў будучым мундыялі. Перамога Блінду патрэбна, як паветра. Бо нездавальняючы вынік можа адкрыць вакансію на пасаду галоўнага трэнера Нідэрландаў.

У канчатковую заяўку на бліжэйшыя матчы адбору ЧС-2018, Дані Блінд уключыў 23 гульцы:

Брамнікі:Яспер Сілесэн (Барселона), Мартэн Стэкеленбург (Эвертан), Ерун Зут (ПСВ).

Абаронцы:Рык Карсдорп, Тэрэнс Кангало (абодва – Фейенорд), Джэфры Брума (Вольфсбург), Етра Уілемс (ПСВ), Стэфан дэ Врэй (Лацыё), Дэйлі Блінд (Манчэстар Юнайтэд), Віргіл ван Дэйк (Саўтгэмптан), Ёэл Велтман (Аякс).

Паўабаронцы:Кевін Стротман (Рома), Ёрдзі Класі (Саўтгэмптан), Мэмфіс Дэпай (Манчэстар Юнайтэд), Джарджыньё Вейналдум (Ліверпуль), Уэслі Снэйдэр (Галатасарай), Дэйві Пропер (ПСВ), Дэйві Класэн (Аякс).

Нападнікі: Сім дэ Ёнг, Лусіана Нарсінг (абодва – ПСВ), Вінцэнт Янсэн (Тотэнгэм), Квінсі Промес (Спартак), Бас Дост (Спортынг Лісабон).

Мэмфіс Дэпай трапіў у склад толькі з-за траўмы Стэвэна Бергхэйса з «Фейенорда». Вінгер МЮ пакуль няўдала пачаў сезон, прыняўшы ўдзел у пяці матчах і найграўшы ўсяго 94 хвіліны. Паўабаронца ПСВ Сім дэ Ёнг выкліканы замест траўмаванага Люка дэ Ёнга. 

Каго варта сцерагчыся?

Насамрэч адказ на гэтае пытанне просты: сцерагчыся трэба ўсіх – гэта ж галандцы. Безумоўна ўсе гульцы зборнай Нідэрландаў сапраўдныя прафесіяналы, узровень якіх, на жаль, непараўнальны з узроўнем нашых гульцоў, але сярод «аранжавых» ёсць два чалавекі, якія будуць прадстаўляць найбольшую небяспеку для нашай абароны.

Джарджыньё Вейналдум

Мінулы сезон Джарджыньё адыграў у «Ньюкасле» і быў адзінай светлай плямай у тым фатальным сезоне для «сарок». Усяго за адзін год у АПЛ галандзец змог стварыць сабе імя. За 38 гульняў паўабаронца набраў 17 ачкоў па сістэме гол+пас (11+6), дзе прысутнічае адзін покер у браму «Норвіча». Па заканчэнні сезона «Ньюкасл» вылятае ў Чэмпіёншып, а Вейналдум ідзе на павышэнне, падпісваючы пяцігадовы кантракт з «Ліверпулем».

У гэтым сезоне галандзец адыграў ва ўсіх сямі матчах Прэм’ер-лігі і адзначыўся двума галявымі перадачамі. Трыма мячамі адзначыўся за нацыянальную зборную, забіўшы па галу Польшчы, Аўстрыі і Грэцыі.

Галандзец выдатна гуляе зблізку, валодае моцным і дакладным ударам, але каго зараз гэтым здзівіш? Нягледзячы на свой невялікі рост (175 см), паўабаронца добра гуляе на другім паверсе. Пры флангавых атаках партнёры будуць шукаць перадачай або закідам менавіта Вейналдума. Гэты гулец можа стаць сапраўднай стрэмкай для нашых волатаў у абороне.

Уэслі Снэйдэр

Пасля зыходу ван Персі капітанская павязка перайшла да Робэна, але ў сувязі з тым, што Ар’ен не вылазіць з лазарэта, яго падмяняе Уэслі Снэйдэр. 

Ужо ідзе пяты сезон, як галандзец перайшоў у турэцкую Суперлігу, у сувязі з чым многія паставілі крыж на кар’еры Уэслі. Але, як вядома, меркаванне большасці часцей за ўсё памылковае. Снэйдэр гуляць не кінуў, а па-ранейшаму арэ як вол. Але галоўная прычына выкліку ветэрана ў зборную крыецца не ў яго гульнявых, а хутчэй у лідэрскіх якасцях. Сярод усіх заяўленых гульцоў за 30 толькі Снэйдэру і Стэкеленбургу. Мартэн заяўлены як трэці брамнік, Уэслі ж на полі павінен будзе кантраляваць дзеянні і настрой сваіх маладых напарнікаў, часам браць гульню на сябе, прыблізна гэта і адбылося ў матчы са Швецыяй. 

Стартавы склад

Першы матч адборачнага цыклу ішоў па плане галандцаў. Мяч спакойна «хадзіў» паміж гульцамі гасцей, якія ў патрэбны момант стралялі па браме Ольссона. Як вынік: 70% валодання мячом, 84% дакладнасць перадач, 24 удары супраць 8, 9 удараў у створ супраць 3. Усю гэтую прыгажосць атрымалася сапсаваць толькі прыкрай стратай мяча Стротмана каля сваёй штрафной – гэтая памылка каштавала прапушчанага гола.

Блінд нічога прыдумляць не будзе, яно і не трэба – механізм наладжаны і працуе, згуляе сваёй класічнай 4-3-3, і, на мой погляд, выпусціць амаль той жа склад, што і супраць Швецыі.

Пераход Сілесэна ў «Барселону» безумоўна набіў цану гульцу, аднак за месяц знаходжання ў Іспаніі галандзец згуляў толькі ў адным матчы, ды і ў тым не змог утрымаць браму на замку (Барселона прайграла 1:2 Алавесу). Зут наадварот стабільна гуляе за ПСВ як у чэмпіянаце, так і ў Лізе чэмпіёнаў. Таму тут без варыянтаў, галоўны трэнер даверыць месца таму, хто ў тонусе.

Замест траўмаванага Дарыла Янмата злева ў абароне выйдзе Ёэл Велтман. З-за, хутчэй за ўсё, закрытага стылю гульні беларусаў Снэйдэр пачне гуляць у цэнтры поля, тым самым стаўшы галоўным атакуючым звяном у лініі паўабароны. Вейналдум жа пры неабходнасці перамесціцца на пазіцыю ЦАПа, зрушыўшы Стротмана на правы фланг.

Траўмы абышлі бокам спартакаўца Промеса, таму ён, Янсэн і Класэн разам складуць трыа нападнікаў.

Статыстыка асабістых сустрэч

За 25 гадоў з невялікім Беларусь шэсць разоў сустракалася са зборнай Нідэрландаў, два хатнія матчы наша зборная сенсацыйна выйграла.

Першая сустрэча адбылася ў 1995 годзе і пакінула самыя яркія ўражанні для пакалення 90-х.

07.06.1995 КЕ-96:  Беларусь 1-0 Нідэрланды.

06.09.1995 КЕ-96: Нідэрланды 1-0 Беларусь;

07.09.2002 КЕ-04: Нідэрланды 3-0 Беларусь;

07.06.2003 КЕ-04: Беларусь 0-2 Нідэрланды;

06.09.2006 КЕ-08: Нідэрланды 3-0 Беларусь.

Амаль дзевяць гадоў прайшло з часу апошняй сустрэчы паміж зборнымі. Гульня ў 2007-м назаўжды запомніцца беларускім заўзятарам.

21.11.2007 КЕ-08: Беларусь 2-1 Нідэрланды.

Задача ў Нідэрландаў такая: набраць тры ачкі – ніякі іншы варыянт запоўненыя трыбуны не прымуць. Прыйшоў час перапыніць няўдалую хатнюю серыю, для гэтага зараз самы зручны час. Для беларусаў жа матч стане сапраўднай праверкай на прафпрыдатнасць, бо калі зборная хоча чагосьці дамагчыся, то і ў такіх матчах таксама трэба змагацца. Ды і раптам абарона «аранжавых» захоча зрабіць нам паслугу, Стротман жа шведам дапамог.

Другие посты блога

Неапошні самурай
19 ноября 2015, 10:06
1
Наш адказ Тоці
29 сентября 2015, 07:04
Все посты